§ 22-1. ЭНЕРГЕТЫЧНЫЯ КРЫЗІСЫ Ў СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРЦЫ І ІХ УПЛЫЎ НА ЗМЯНЕННЕ ГЕАГРАФІІ ГАЛІНЫ

Энергетычныя крызісы ў сусветнай гісторыі і іх сутнасць. Правобразам першага энергетычнага крызісу стаў Іранскі нафтавы крызіс паміж Вялікабрытаніяй і Іранам у 1945–1950 гг. Гэтыя дзве краіны валодалі сумесным прадпрыемствам APOC. У выніку здабычы вялікага аб’ёму іранскай нафты Вялікабрытанія парушыла права раўнамернага размеркавання атрыманага прыбытку, пакінуўшы сабе ў тры разы больш. Іранскі бок такое рашэнне не прыняў і выдаў у адказ закон «Аб нацыяналізацыі нафтавай прамысловасці». Брытанскія спецыялісты былі вымушаныя пакінуць Іран.

Вырашыць крызісную сітуацыю Вялікабрытаніі прапанавалі ЗША. Яны стварылі новую трохбаковую кампанію паміж Іранам, Вялікабрытаніяй і ЗША.

Па ўмовах дагавора аб стварэнні кампаніі меркавалася, што яе ўдзельнікі выкупляюць у Ірана ўсю здабытую нафту і затым самастойна рэалізуюць яе на сусветным рынку. Аднак фактычна поўны кантроль за нафтавай галіной краіны перайшоў у рукі кансорцыума.

Іранскі нафтавы крызіс меў найбольш істотныя наступствы ў гістарычным кантэксце (мал. 157-3). Менавіта ў падзеях тых гадоў упершыню выявілася значнасць нафты як стратэгічнага рэсурсу і зарадзіліся першыя спосабы барацьбы за кантроль над ёю.

img
Мал. 157-3. Наступствы Іранскага нафтавага крызісу 1945–1950 гг.

Першы энергетычны крызіс пачаўся ў 1973 г. у выніку араба-ізраільскай вайны. Ініцыятарамі ваеннага канфлікту сталі Егіпет і Сірыя. Гэтыя дзве краіны свядома знізілі аб’ёмы здабычы нафты (прыкладна на 5 %), каб уздзейнічаць на краіны, якія ў гэтай вайне падтрымлівалі Ізраіль. Каб змяніць сусветныя цэны на сваю карысць, Егіпет і Сірыя ўвялі супраць іх «нафтавае эмбарга» і адначасова павысілі цэны на нафту.

Пад ударам нафтавага крызісу аказаліся ЗША, Нідэрланды, Партугалія, Японія, ПАР. На працягу 1974 г. цана на нафту вырасла з 3 дол. ЗША (16,50 дол. ЗША ў сённяшніх цэнах з улікам інфляцыі) да 12 дол. ЗША (65,99 дол. ЗША сёння), што склала рост у 300 %. Да такога росту цаны на нафту свет аказаўся не гатовы (мал. 157-4).

img
Мал. 157-4. Нафтавы крызіс у ЗША

Першы энергетычны крызіс ахапіў практычна ўвесь капіталістычны свет. Ён суправаджаўся незвычайным ростам сусветных цэн на нафту і нафтапрадукты, адставаннем прапановы ад попыту на спажывецкім рынку вадкага паліва.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Некалі Дэтройт быў чацвёртым па колькасці насельніцтва горадам ЗША (пасля Нью-Ёрка, Лос-Анджэлеса і Чыкага) і сталіцай магутнай аўтамабільнай індустрыі. Тут знаходзіліся заводы гігантаў Ford, Chrysler і General Motors, якія «кармілі» палову жыхароў горада. Але ў нейкі момант адразу некалькі негатыўных фактараў наклаліся адзін на адзін і горад пачаў паміраць. З сярэдзіны XX ст. аўтагіганты сталі адчуваць складанасці. У 1973 г. нафтавы крызіс моцна ўдарыў па пазіцыях «вялікай аўтамабільнай тройкі», паколькі яе аўтамабілі не маглі канкурыраваць з эканамічнымі еўрапейскімі і японскімі мадэлямі. Услед за гэтым ударам адбыўся энергетычны крызіс 1979 г. і, нарэшце, фінансавы крызіс 2008-2009 гг. Заводы зачыняліся адзін за адным, і рабочыя разам з сем’ямі пакідалі горад.

Першы энергетычны (нафтавы) крызіс 1973 г. прывёў да пяці асноўных наступстваў (мал. 157-5).

img
Мал. 157-5. Наступствы Першага энергетычнага крызісу 1973 г.

Змяненне геаграфіі сусветнай энергетыкі ў выніку Першага энергетычнага крызісу заключалася ў пераўтварэнні аднапалярнай прасторавай структуры галіны с дамінаваннем краін Паўднёва-Заходняй Азіі ў шматпалярную са з’яўленнем новых цэнтраў здабычы нафты (ЗША, Еўропа і інш.).

Другі энергетычны крызіс адбыўся ў 1979–1980 гг. Ён меў дзве прычыны. Па-першае, на фоне скарачэння нафтаздабычы краінамі АПЕК краіны, якія не ўваходзілі ў гэтую арганізацыю, пачалі нарошчваць здабычу нафты. Па-другое, укараненне энергазберагальных тэхналогій і альтэрнатыўных крыніц энергіі дазволіла значна скараціць спажыванне нафты. Намецілася перавытворчасць нафты.

Акрамя таго, узнікненню крызісу спрыялі две важныя палітычныя падзеі. Першай была Ісламская рэвалюцыя ў Іране ў 1978–1979 гг. Яна выклікала ўсеагульную забастоўку супрацоўнікаў нафтавай прамысловасці. Другой падзеяй быў пачатак у 1980 г. вайны паміж Іранам і Іракам. Прадметам спору была тэрыторыя з радовішчамі нафты і выхадам да мора.

Наступствы Другога энергетычнага крызісу 1979–1980 гг. прадстаўлены на малюнку 157-6.

img
Мал. 157-6. Наступствы Другога энергетычнага крызісу 1979–1980 гг.

У выніку вышэйадзначаных прычын цана на нафту расла да 1980 г., дасягнуўшы адзнакі ў 35 дол. ЗША (107 дол. ЗША ў цэнах сённяшняга дня) за барэль. Аднак на працягу наступных шасці гадоў бесперапынна падала. Да 1986 г. яна апусцілася ніжэй 10 дол. ЗША (30,5 дол. ЗША сёння) за барэль.

Падзенне цэн на нафту з’явілася выгадным для ЗША, краін Еўропы, Японіі і некаторых краін трэцяга свету. Аднак яно негатыўна сказалася на эканоміцы краін АПЕК, нафтаздабываючых краін Паўночнай Еўропы (дзе сабекошт нафтаздабычы вышэйшы), СССР, а таксама Лівіі, Нігерыі, Алжыра, Мексікі, Венесуэлы. Яшчэ адным наступствам стала скарачэнне разведкі новых нафтавых радовішч.

Змяненне геаграфіі сусветнай энергетыкі ў выніку Другога энергетычнага крызісу заключалася ў пашырэнні геаграфіі галіны за кошт з’яўлення новых рэгіёнаў і краін нафтаздабычы і ўтварэнні новай падгаліны — геаграфіі альтэрнатыўнай энергетыкі.

Трэці энергетычны крызіс пачаўся ў 1990 г. Ён быў звязаны з вайной у Персідскім заліве паміж Іракам і Кувейтам. Калі б Ірак атрымаў кантроль над радовішчамі нафты ў Кувейце, ён кантраляваў бы 25 % сусветных запасаў нафты. Такія перспектывы вы́клікалі паніку на сусветным рынку нафты. Савет бяспекі ААН увёў санкцыі супраць Ірака. Наступствы Трэцяга энергетычнага крызісу выявіліся ў наступным (мал. 157-7).

img
Мал. 157-7. Наступствы Трэцяга энергетычнага крызісу 1990 г.

Большасць краін падтрымалі санкцыі. У выніку былі перакрытыя транзітныя шляхі, па якім Ірак мог бы гандляваць нафтай. У 1991 г. пасля аперацыі «Бура ў пустыні» іракскія войскі былі вымушаныя пакінуць Кувейт. Пры гэтым яны сталі ўзрываць нафтавыя свідравіны (мал. 157-8, 157-9).

img
Мал. 157-8. Вайна ў Персідскім заліве
img
Мал. 157-9. Аперацыя «Бура ў пустыні»

У выніку такіх дыверсій былі выведзеныя з эксплуатацыі больш за 750 нафтавых свідравін, а гэта 80 % нафтавых свідравін Кувейта. Акрамя таго, іракцы на поўдні Кувейта ў Персідскі заліў скінулі 27 тыс. т нафты, што прывяло да экалагічнай катастрофы.

Змяненне геаграфіі сусветнай энергетыкі ў выніку Трэцяга энергетычнага крызісу заключалася ў дыверсіфікацыі геаграфіі галіны за кошт з’яўлення новых рэгіёнаў і краін здабычы нафты, у тым ліку на шэльфавай зоне.

У далейшым крызісныя з’явы ў энергетычнай галіне давалі аб сабе знаць у 2000, 2004–2005 гг. і 2007–2009 гг., але яны насілі даволі «спакойны» характар і не аказалі такога радыкальнага ўздзеяння на сусветную гаспадарку, як папярэднія крызісы.

iconСвет і Беларусь. Якім чынам Рэспубліка Беларусь супрацьстаіць наступствам энергетычнага крызісу?

Па выніках вывучэння гісторыі крызісаў можна зрабіць галоўны вывад: кожны энергетычны крызіс запускае рэфармаванне сусветнай гаспадаркі і ўсяго свету ў цэлым.