§ 6. АНТРАПАГЕННАЕ ЗМЯНЕННЕ КЛІМАТУ

Праблема дэградацыі азонавага слоя. Азонавы слой утварыўся ў атмасферы Зямлі 1,85–0,85 млрд гадоў таму, калі ў ёй у выніку фотасінтэзу назапасілася дастаткова кіслароду. Толькі пасля ўтварэння азонавага слою біёта змагла распаўсюдзіцца з акіянаў на сушу. Без яго высокаразвітыя формы жыцця, у тым ліку чалавек, не маглі ўзнікнуць.

Азонавы слой вылучаецца значнай зменлівасцю ў часе і па тэрыторыі. Гэта абумоўлена ваганнем сонечнай радыяцыі, цыркуляцыяй атмасферы і антрапагенным уздзеяннем. У трапасферы на вышыні 15–30 км існуе азонавы слой, у якім канцэнтрацыя азону максімальная. Пры нармальным прыземным ціску ўвесь атмасферны азон утварыў бы слой таўшчынёй усяго 3 мм. Нават пры такой малой магутнасці азонавы слой у стратасферы абараняе жывыя арганізмы Зямлі ад шкоднага ўздзеяння ўльтрафіялетавай радыяцыі Сонца.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. З уздзеяннем жорсткай ультрафіялетавай радыяцыі звязаны невылечныя формы рака скуры, хваробы вачэй, імуннай сістэмы людзей, парушэнні жыццядзейнасці планктону ў акіяне, зніжэнне ўраджаю збожжавых культур і іншыя геаэкалагічныя наступствы.

Вялікая цікавасць да азону з’явілася ў 1970-я гг. У гэты час былі выяўленыя антрапагенныя змены ўтрымання азону. Яны былі звязаны з выкідам у атмасферу аксідаў азоту пры атамных выбухах, палётах самалётаў у стратасферы, выкарыстанні мінеральных угнаенняў і спальванні паліва.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У 1984 г. вучоныя выявілі азонавую дзірку спачатку над Антарктыдай (мал. 33), а потым і над Арктыкай. Яе з’яўленне на Паўднёвым полюсе ў канцы зімы і пачатку вясны было выклікана ўздзеяннем трох фактараў. Першы — блакіраванне абмену паветра паміж палярнымі і ўмераннымі паўднёвымі шыротамі. Другі — разбурэнне азону пры вельмі нізкіх, –85…75 °С тэмпературах. Трэці — разбурэнне азону ў хімічных рэакцыях з удзелам атамаў хлору і брому. Колькасць апошніх у стратасферы ў 1970–1980-я гг. вырасла ў 6–8 разоў.

img
Мал. 33. Азонавая дзірка над Антарктыдай

Найбольш магутным антрапагенным фактарам, які негатыўна ўплывае на азонавы слой, з’яўляецца выкід у атмасферу ХФВ. Яны шырока выкарыстоўваюцца пры вытворчасці халадзільнікаў і кандыцыянераў, аэразольных упаковак. Значна разбураюць азон розныя злучэнні брому, што таксама з’яўляюцца прадуктам чалавечай дзейнасці. Яны трапляюць у атмасферу ў выніку сельскагаспадарчай вытворчасці, пры спальванні біямасы, працы рухавікоў унутранага згарання і г. д.

Агульная ацэнка ўплыву дзейнасці чалавека паказвае, што ў найбліжэйшыя гады азонавы слой будзе бесперапынна змяншацца. Так, у 1973 г. канцэнтрацыя азону ў атмасферы паменшылася на 0,5–1 %, у 2000 г. — 3–4 %, а да 2050 г. чакаецца памяншэнне азону на 10 %. У сувязі з яго выключнай важнасцю для захавання жыцця на Зямлі ў 1985 г. у Вене была прынята Канвенцыя па ахове азонавага слоя. У 1987 г. быў падпісаны Манрэальскі пратакол па забароне выкідаў у атмасферу рэчываў, якія разбураюць азон. Яго канчатковая мэта — спыненне выпуску і выкарыстання азонаразбуральных рэчываў з заменай іх на менш шкодныя. Генеральная асамблея ААН у снежні 1994 г. прыняла рашэнне абвясціць 16 верасня Міжнародным днём аховы азонавага слоя Зямлі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У 2017 г. Манрэальскі пратакол адзначыў сваё 30-годдзе і быў прызнаны адзіным паспяховым міжнародным пагадненнем у галіне экалогіі і клімату. У яго ўвайшлі практычна ўсе краіны — члены ААН.

icon Паразважаем. Што перашкаджае спыніць антрапагенны ўплыў на дэградацыю азонавага слоя?