*§ 3-2. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля словазлучэнняў у разгортванні тэмы, афармленні звязнага выказвання

Практыкаванне 34-15

Прачытайце тэкст. Выпішыце апорныя словазлучэнні з кожнага абзаца. На аснове выпісаных словазлучэнняў раскажыце пра першы падручнік для вывучэння беларускай мовы ў Японіі. Растлумачце сэнс назвы кнігі «Спрабуйма!».

Прапанаванае выданне з’яўляецца першым практычным падручнікам пачатковага курса беларускай мовы ў Японіі. Для большасці японцаў Беларусь яшчэ не вельмі вядомая краіна. Для студэнтаў Цукубскага ўніверсітэта гэта, безумоўна, доўгачаканы падарунак, паколькі ўніверсітэт актыўна развівае навукова-адукацыйнае супрацоўніцтва са славутымі ўніверсітэтамі.
Спадарыня Сіёры Кіёсава, адзін з аўтараў гэтага падручніка, стажыравалася ў БДУ як першая студэнтка па абмене з Цукубскага ўніверсітэта. Спадарыня Кіёсава шчыра любіць беларускую мову і так добра валодае ёй, што часам ёй больш зручна камунікаваць па-беларуску, чым на рускай мове.
Спадарыня Таццяна Рамза — другі аўтар падручніка, працуе на філалагічным факультэце БДУ. Для спадарыні Сіёры Кіёсава яна настаўнік, у якога вучацца са шчырай павагай і любоўю.
Праз тое, што беларуская мова ў пэўнай ступені з’яўляецца невядомай для японцаў (тэрытарыяльная аддáленасць, адрознасць графічных сістэм, фанетыкі, граматычнага ладу і інш.), кніга атрымала назву «Спрабуйма!» (форма 1-й асобы множнага ліку загаднага ладу ад дзеяслова спрабаваць). Такая лаканічная назва замяняе разгорнутую фразу «Давайце паспрабуем вывучыць асновы беларускай мовы разам!» Падзагаловак азнаямляльна-пачатковы курс указвае на тое, што падручнік арыентаваны на базавыя граматычныя і краіназнаўчыя звесткі.
Аўтары спадзяюцца, што выданне паспрыяе пашырэнню цікавасці да мовы, культуры, грамадства, гісторыі, разнастайных аспектаў жыцця Беларусі не толькі сярод студэнтаў універсітэта, але і ўвогуле сярод японцаў. Падручнік будзе садзейнічаць развіццю сяброўскіх адносін паміж Японіяй і Беларуссю (Т. Рамза, С. Кіёсава).