*§ 3-1. Граматычныя памылкі пры канструяванні словазлучэнняў розных тыпаў

Практыкаванне 33-1

Прачытайце пра тыповыя памылкі, звязаныя з парушэннямі ў структуры сказа. Вусна выправіце дапушчаныя памылкі.

1.Парушэнне межаў сказа: Нам радасна бачыць. Як прыгажэе родны Мінск.
2.Парушэнне сувязі паміж дзейнікам і выказнікам: Вакол вогнішча сядзелі і размаўлялі група аднакласнікаў (правільна: сядзела і размаўляла). Большасць кніг прачытаны Андрэем (правільна: прачытана).
3.Парушэнне суаднесенасці трывання і часу дзеяслоўных форм: Калі пачалася вайна, яго мабілізоўваюць у армію. Ён накіроўваецца ў Санкт- Пецярбург і з лёгкасцю паступіў ва ўніверсітэт (правільна: Калі пачалася вайна, яго мабілізавалі ў армію; накіроўваецца і паступае).
4.Памылкі ў пабудове сказаў з дзеепрыслоўнымі зваротамі: Падыходзячы да школы, мы зайшлі ў клас (правільна: Прыйшоўшы ў школу, мы найперш зайшлі ў клас).
5.Памылкі ў пабудове сказаў з дзеепрыметнікавымі зваротамі: Каля дарогі ляжалі паваленыя дрэвы бурай (правільна: паваленыя бурай дрэвы або дрэвы, паваленыя бурай). Пякло нахіленае сонца на захад (правільна: звернутае на захад сонца або сонца, звернутае на захад).
6.Памылкі ў пабудове сказаў з аднароднымі членамі: На пасяджэнні савета класа гаварылі пра збор макулатуры і аб дапамозе шэфам (правільна: пра збор макулатуры і дапамогу шэфам).
7.Памылкі ў пабудове складаных сказаў: У вобразе дзядзькі Антося аўтар паказвае загубленую маладосць, і ва ўсім гэтым трэба вінаваціць самадзяржаўе (магчымы варыянт:паказвае загубленую маладосць, і ў гэтым, на думку аўтара, вінаваты недасканалы дзяржаўны лад).
8.Памылкі ў структуры сказаў з ускоснай мовай: Ужо неяк пад восень Аленка сказала Сцёпку, што я хачу працягваць вучобу (правільна: што хоча працягваць вучобу).
9.Пропуск слоў у сказе: Васіль хуценька паабедаў і пабег у валейбол (правільна: гуляць у валейбол).
10.Няўдалы парадак слоў у сказе: Вершы Максіма Багдановіча хвалююць чытачоў на розных мовах (правільна: Вершы Максіма Багдановіча, перакладзеныя на розныя мовы, хвалююць чытачоў).
11.Дубліраванне дзейніка: Маці, яна заўсёды імкнулася дапамагчы мне.