Печатать книгуПечатать книгу

*§ 3-1. Граматычныя памылкі пры канструяванні словазлучэнняў розных тыпаў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 3-1. Граматычныя памылкі пры канструяванні словазлучэнняў розных тыпаў
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 1 Май 2024, 13:02

Граматычныя памылкі

Граматычныя памылкі — памылкі, дапушчаныя пры пабудове словазлучэнняў і сказаў, парушэнні сінтаксічных норм.
Да тыповых граматычных памылак адносяцца:
1.Памылкі ў структуры словазлучэння.
2.Памылкі ў структуры сказа.
Памылкі ў структуры словазлучэння абумоўлены парушэннем норм дапасавання і кіравання. Напрыклад: тры высокіх будынкі (правільна: высокія), два любімых творы (правільна: любімыя).
Памылкі ў кіраванні: дзякаваць настаўніка (правільна: настаўніку), звярнуцца па адрасе (правільна: на адрас), хварэць грыпам (правільна: на грып), пайсці за хлебам (правільна: па хлеб), загадчык бібліятэкай (правільна: бібліятэкі), заклапочанасць над пытаннямі (правільна: пытаннямі), тры пятыя гектары (правільна: гектара).
Парушэнне граматычных (у тым ліку сінтаксічных) сувязей выклікаецца рознымі прычынамі:
•парушэнні на аснове сінанімічнасці словазлучэнняў: У мінулым годзе я пацікавіўся пра лёс свайго рукапісу (пацікавіцца чым — спытаць пра што); Прыйдзецца прысвяціць для азнаямлення з праектам дзень-другі (прысвяціць чаму — адвесці для чаго);
•парушэнні на падставе кантэкстуальнай сінаніміі: Настаўнік праявіў да яго педагагічны такт (праявіць увагу да каго-небудзь — быць тактоўным да каго-небудзь — праявіць такт у адносінах да каго-небудзь);
•парушэнні пад уплывам іншамоўнай канструкцыі: Сябры смяяліся над ім (белар. смяяцца з каго — руск. смеяться над кем); Прыгледзімся сродкам, якія былі ўжыты крытыкамі (белар. прыгледзецца да чаго — польск. przypatrzyć się czemu);
•парушэнні спалучальнасці лексічных і граматычных сродкаў: За апошні час ён рабіў нямала ( у апошні час / апошнім часам рабіў — за апошні час рабіў);
•парушэнні, выкліканыя блытанінай граматычных форм: Ужо, як стала вядома, пастаноўлена аб правядзенні фестывалю ў Гомелі (пастаноўлена правесці — пастанова аб правядзенні);
•парушэнні пры аб’яднанні рознаструктурных словазлучэнняў, што маюць агульны залежны кампанент: Яны самі арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў гэтых святах. Правільна: Яны самі арганізоўвалі святы і прымалі ўдзел у іх або: Яны былі і арганізатарамі, і ўдзельнікамі свят.

Практыкаванне 33-1

Прачытайце пра тыповыя памылкі, звязаныя з парушэннямі ў структуры сказа. Вусна выправіце дапушчаныя памылкі.

1.Парушэнне межаў сказа: Нам радасна бачыць. Як прыгажэе родны Мінск.
2.Парушэнне сувязі паміж дзейнікам і выказнікам: Вакол вогнішча сядзелі і размаўлялі група аднакласнікаў (правільна: сядзела і размаўляла). Большасць кніг прачытаны Андрэем (правільна: прачытана).
3.Парушэнне суаднесенасці трывання і часу дзеяслоўных форм: Калі пачалася вайна, яго мабілізоўваюць у армію. Ён накіроўваецца ў Санкт- Пецярбург і з лёгкасцю паступіў ва ўніверсітэт (правільна: Калі пачалася вайна, яго мабілізавалі ў армію; накіроўваецца і паступае).
4.Памылкі ў пабудове сказаў з дзеепрыслоўнымі зваротамі: Падыходзячы да школы, мы зайшлі ў клас (правільна: Прыйшоўшы ў школу, мы найперш зайшлі ў клас).
5.Памылкі ў пабудове сказаў з дзеепрыметнікавымі зваротамі: Каля дарогі ляжалі паваленыя дрэвы бурай (правільна: паваленыя бурай дрэвы або дрэвы, паваленыя бурай). Пякло нахіленае сонца на захад (правільна: звернутае на захад сонца або сонца, звернутае на захад).
6.Памылкі ў пабудове сказаў з аднароднымі членамі: На пасяджэнні савета класа гаварылі пра збор макулатуры і аб дапамозе шэфам (правільна: пра збор макулатуры і дапамогу шэфам).
7.Памылкі ў пабудове складаных сказаў: У вобразе дзядзькі Антося аўтар паказвае загубленую маладосць, і ва ўсім гэтым трэба вінаваціць самадзяржаўе (магчымы варыянт:паказвае загубленую маладосць, і ў гэтым, на думку аўтара, вінаваты недасканалы дзяржаўны лад).
8.Памылкі ў структуры сказаў з ускоснай мовай: Ужо неяк пад восень Аленка сказала Сцёпку, што я хачу працягваць вучобу (правільна: што хоча працягваць вучобу).
9.Пропуск слоў у сказе: Васіль хуценька паабедаў і пабег у валейбол (правільна: гуляць у валейбол).
10.Няўдалы парадак слоў у сказе: Вершы Максіма Багдановіча хвалююць чытачоў на розных мовах (правільна: Вершы Максіма Багдановіча, перакладзеныя на розныя мовы, хвалююць чытачоў).
11.Дубліраванне дзейніка: Маці, яна заўсёды імкнулася дапамагчы мне.

Практыкаванне 33-2

Прачытайце. Раскажыце аб тыповых сінтаксічных памылках, пра якія піша даследчык Алена Багамолава. Ці пагаджаецеся вы, што «захаванне будовы сінтаксічных канструкцый з’яўляецца паказчыкам агульнай культуры маўлення таго, хто гаворыць»?

Тыповай сінтаксічнай памылкай з’яўляецца неапраўданае нанізванне залежных адзін ад аднаго назоўнікаў у адным склоне (пераважна ў родным), у выніку чаго канструкцыі ўспрымаюцца з цяжкасцю: Рэтраспектыўны план драмы не адыграў значэння вытлумачэння вытокаў станаўлення характараў герояў.
Сінтаксічныя памылкі часам выклікаюцца змешваннем дзвюх ці больш тоесных сінтаксічных канструкцый: аплаціць за праезд (правільна: аплаціць праезд або заплаціць за праезд), заняць першынство (правільна: заняць першае месца або заваяваць першынство), дапамога над арганізацыяй (правільна: дапамога арганізацыі або шэфства над арганізацыяй).

Выпішыце складаназалежны сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор.

Практыкаванне 34-1

Прачытайце. Запішыце прыклады, выправіўшы памылкі.

1. Яны хадзілі ў абдымку з транзістарам па праспекце, які грымеў на ўсю моц. 2. Дзеці ішлі сцежкай, атуленым лесам. 3. Яна любіла і захаплялася спортам. 4. Купала, ён нарадзіўся ў 1882 годзе. 5. Яна любіла танцаваць і песні. 6. Паступіла шмат прапаноў рабочых, накіраваных на ўдасканаленне працы. 7. Пад’ехаўшы да вёскі, пайшоў дождж (З запісаў Н. Гілевіч).

Практыкаванне 34-2

Падбярыце і запішыце беларускамоўныя адпаведнікі да прыведзеных выразаў. Пры неабходнасці звяртайцеся да перакладнога слоўніка або да слоўніка-даведніка Ганны Арашонкавай і Валянціны Лемцюговай «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах».

Справочник по высшей математике, выучиться на слесаря, освободить от занимаемой должности, загадать какое-либо число, привык к участию в соревновании, тосковать по друзьям, согласно с требованиями морали, привычный к холоду, судья решил дело в пользу истца, принять меры против распространения гриппа, наблюдать за ребёнком, недосмотреть многих ошибок, неуверенность в себе, скорбеть по погибшим, мать тревожится за сына, воздействовать на слушателя посредством живого слова, уклоняться от ответа, условиться о сроке отъезда, воздержаться от дискуссии, эпилог к опере, в надежде на скорую встречу, характеристика на ученика, соревноваться в ловкости и смелости, унаследовать характер у матери.

З пяццю беларускамоўнымі сінтаксічнымі канструкцыямі запішыце сказы.

Практыкаванне 34-3

Прачытайце разважанні вучонага пра спалучальнасць лічэбнікаў з назоўнікамі. Запішыце змест правіла з дапамогай тэзісаў.

Амаль ва ўсіх падручніках і дапаможніках па беларускай мове, калі гаворка заходзіць пра спалучальнасць лічэбнікаў з назоўнікамі, сцвярджаецца: пры лічэбніках два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры назоўнік ужываецца ў форме назоўнага склону множнага ліку. Правіла звычайна ілюструецца адназначнымі прыкладамі: два сыны, тры крыніцы, чатыры вучні.
Аднак названае правіла патрабуе ўдакладнення, неабходна назвацьс выключэнні з гэтага правіла.
Па-першае, назоўнікі жаночага роду з націскным канчаткам у назоўным склоне адзіночнага ліку і рухомым націскам супадаюцьс і па канчатку, і па націску не з назоўным склонам множнага ліку, а з родным адзіночнага: рака — ракí — чатыры ракí (а не рэкі), сястра — сястры́ — дзве сястры́.
Па-другое, многія назоўнікі ніякага роду з націскным канчаткам у назоўным склоне адзіночнага ліку і рухомым націскам пры спалучэнні з лічэбнікамі два, тры, чатыры супадаюць па канчатку з назоўным склонам множнага ліку, а па націску — з родным адзіночнага: гняздо — гняздá (р., адз.) — гнёзды (мн.) — два гнязды́; акно — акнá — вокны — два акны́.
Па-трэцяе, своеасабліва спалучаюцца з лічэбнікамі два, тры, чатыры і некаторыя назоўнікі мужчынскага роду.сн Напрыклад: два кані, тры зубы (параўн. у родным склоне адзіночнага ліку і назоўным склоне множнага ліку: каня — коні, зуба — зýбы). Або: чалавек — чалавека (р., адз.) — людзі (мн.), але два чалавекі.
У колькасна-іменных спалучэннях азначэнне паміж лічэбнікам у назоўным склоне і назоўнікам ставіцца ў форме назоўнага склону множнага ліку: дзве вялікія ракі, чатыры поўныя вядры (І. Лепешаў).

Вызначце і абгрунтуйце стыль і тып тэксту.
Выпішыце з тэксту асабовыя формы дзеяслова, растлумачце правапіс канчаткаў.

Практыкаванне 34-4

Прачытайце сказы. Знайдзіце і растлумачце дапушчаныя памылкі. Запішыце правільны варыянт сказаў, захоўваючы асаблівасці кіравання ў словазлучэннях.

1. У глебы гэтакі ёсць закон: каго — карáць, каго — аддзячыцьс. 2. Хацелася б падзякаваць за сумесную працу аўтараў ідэі — фірму «Экалогія», яе дырэктара Міхаіла Фёдаравіча Красніцкага і галоўнага бухгалтара Святлану Мікалаеўну Ісачанку. 3. Мяне здзівіла тое, што разам з намі смяяліся і мужчыны. Над чым? Не ведаю. Мабыць, над сабою. 4. Ажаніўшыся на слуцкай князёўне Аляксандры, Астрожскі атрымаў вялікія ўладанні па ўсёй Беларусі — Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Свіраны, Дзятлава, Тураў і інш. 5. Адзін з самых высокіх узроўняў захворвання ракам стрававода зафіксаваны ў паўночнай іранскай правінцыі Галестан. 6. Я прывык заходзіць туды проста, напрыклад, за адным пакетам малака. 7. Да гэтага года жыхарам вёскі была даступнай толькі традыцыйная дыягностыка, якая прадугледжвала паход да тэрапеўта за накіраваннем на біяхімічны аналіз крыві. 8. Каб адказаць на пытанні гледачоўсл,  карэспандэнт вырашыў сустрэцца з загадчыкам юрыдычнай кансультацыяй. 9. За апошніх два-тры гадоў у беларусаў усё менш нараканняў да працы камунальных службаў (З запісаў П. Жаўняровіча).

Практыкаванне 34-5

Прачытайце тэкст. Растлумачце сутнасць і прычыны дапушчаных памылак. Сказы-прыклады адрэдагуйце, запішыце на беларускай мове з улікам асаблівасцей дапасавання і кіравання ў беларускай мове.

Виды синтаксических ошибок

•Неудачный порядок слов: Он приехал в уже глубоком унынии;
•Нарушение согласования:
а)сказуемого с подлежащим: «Мастер и Маргарита» написаны М. Булгаковым; Молодёжь думают о будущем;
б)определения с определяемым словом: Два лучшие друга больше не встретились;
в)приложений — географических названий: в городе Рига;
•Нарушение управления: Он наблюдал за разными людьми; Мы вернулись с Москвы;
•Ошибки в построении предложений с причастными оборотами: Подготовленная рукопись к изданию была потеряна;
•Ошибки в построении предложений с деепричастными оборотами: Возвратясь домой, ему стало грустно; Думая о своей жизни, у героя возникало желание всё изменить;
•Ошибки в построении предложений с однородными членами: Он мечтал только о развлечениях и жить в своё удовольствие; Настоящая литература учит жизни и как любить человека;
•Смешение прямой и косвенной речи: Дети утверждали, что «мы не виноваты»;
•Ошибки в построении сложного предложения: Дом он, наконец, купил, о котором долго мечтал; У читателей возникает вопрос, что не хотел ли автор развенчать своего героя (Т. Печенева).

Практыкаванне 34-6

Прачытайце. Складзіце і запішыце прыклады сказаў з нарматыўнымі беларускамоўнымі канструкцыямі.

Нярэдка пад уплывам рускай мовы ўзнікаюць сінтаксічныя памылкі. Так, канструкцыя обращаться за справками — тыповая сінтаксічная канструкцыя рускай мовы. Яе калька, паслоўны пераклад на беларускую мову звяртацца за даведкамі, — памылка, бо правільна, па-беларуску, — звяртацца па даведкі або атрымаць даведку, браць даведку. Рацыянальныя кантэкстуальныя сінонімы ў такіх выпадках — словазлучэнні атрымаць даведкі (па тэлефоне), яшчэ прасцей — даведкі па тэлефоне.
Памылковым з’яўляецца і выраз на дом (калька з рускай мовы на′ дом) у канструкцыях заданні на дом, званкі на дом замест літаратурнай нормы запісаць заданні дамоў і званкі дамоў, як і званіць дамоў, наведваць хворага дома, а не на даму′.
Часта на старонках газет і ў радыёперадачах сустракаецца памылка ў выкарыстанні дзеяслова вучыць (мову, гісторыю) замест вывучаць і інш. (В. Ляшчынская).

Практыкаванне 34-7

Прачытайце сказы — вытрымкі  са школьных сачыненняў. Знайдзіце і выправіце памылкі, пракаменціруйце іх.

1. Верш Максіма Танка «Родная мова» далучае нас да галоўных каштоўнасцей беларускай культуры. 2. Нам трэба заставіць сваім нашчадкам даражэйшы скарб зямлі — мову. 3. Гэтыя людзі стаялі ў самым пачатку зараджэння пісьменнай беларускай мовы. 4. Аўтар чуе ў сваёй мове бурбатанне крыніц. 5. Выйшаўшы замуж за Яўхіма, закончыліся Ганніны радасныя хвіліны і пачалося турботнае жыццё. 6. Усе яго тварэнні напоўнены кавалачкам сардэчнасці. 7. Сустрэўшыся праз тры гады, іх сэрцы біліся па-ранейшаму. 8. Гэтыя цудоўныя радкі Генадзя Бураўкіна гавораць аб цяжкім і складаным шлясе, які пранесла беларуская мова. 9. Францішак Скарына выдаў дваццаць дзве Бібліі. 10. Ён мог усё сваё жыццё прысвяціць вучобе, але ён стаў на шлях цяжкі. 11. У наш час ёсць пісьменнікі, якія даносяць у сваіх вершах, творах пра нашу мову, прыроду, Радзіму (З запісаў С. Язерскай).

Практыкаванне 34-8

Утварыце з прапанаванымі словамі словазлучэнні або сказы. Патлумачце свой выбар. Да якіх даведнікаў будзеце звяртацца, каб упэўніцца ў правільнасці свайго выбару?

(Гаспадарлівы, гаспадарскі, гаспадарчы) голас, жылка, палітыка, пабудова, сад, сусед.
(Грамадскі, грамадзянскі) дабро, вайна, пазіцыя, справы, улада.
(Дзівосны, дзіўны) колер, прыгажосць, хлопец, узоры, учынкі.
(Каменны, камяністы) бераг, век, вугаль, гара, глеба, дарога, дно, падмурак, поле, соль, сэрца.
(Натуральны, натуралістычны) велічыня, гаспадарка, дарожкі, малюнак, паводзіны, падрабязнасці, умовы.
(Пісьменны, пісьмовы) бабуля, віншаванне, работнік, сачыненне, стол.
(Узорны, узорысты) абрус, ансамбль, гаспадарка, чысціня, шкло, сукенка.

Практыкаванне 34-9

Знайдзіце словазлучэнні з памылкамі, запішыце адрэдагаваныя варыянты.

Бабулевы яблыкі саладзейшыя за нашы, самы весялейшы з іх, няма больш разумнейшага за яго, Васіль старэйшы за мяне, нашы спартсмены мацнейшыя ў свеце, гэта каманда, якой усё па сілам, жалеза цяжэй вады, ручнік больш вузкі, журавіны самыя кіслейшыя за ўсе ягады, кніга цікавейшая, чым фільм, сястра маладзей брата, больш карацейшая дарога, самая найпрыгажэйшая краіна.