*§ 2-3. Пісьмовая творчая работа (эсэ)

Практыкаванне 22

Прачытайце выказванні маладых людзей адносна чытання кніг. Уступіце ў дыскусію з кожным з іх, аргументуйце ўласную згоду або нязгоду з аўтарамі. Сцісла сфармулюйце і запішыце ўласную пазіцыю адносна праблемы «Чытаць — гэта асалода!» або «Чытаць — гэта асалода?».

Я люблю кнігі, не ўяўляю свайго вольнага часу без такога занятку як чытанне. Без яго маё жыццё было б менш змястоўным.
Чамусьці ў дзяцінстве я цікавілася энцыклапедыямі, а зараз аддаю перавагу літаратуры, якая выклікае эмоцыі, перажыванні. Часам здаецца, што аўтар апісвае маё жыццё, мае праблемы — настолькі дакладна перадае пачуцці, якія я перажываю (Дзіяна С.).
Чытаць не люблю зусім. «Батаном» ніколі не быў. Рыхтуючыся да ўрокаў літаратуры, чытаю творы ў скарочаным выглядзе. Не разумею, як можна было раман з чатырох тамоў напісаць. Навошта? (Віктар К.).
Калі я чытаю вечарамі сваёй бабулі яе любімыя кнігі, заўважаю, як па яе шчацэ коціцца сляза … (Марыя Н.).
Глядзець кліпы, безумоўна, прыемны занятак, гэта надае драйв. Іх задача — ствараць настрой. Але разумець людзей і сябе яны не вучаць.
Кнігі дапамагаюць разумець людзей і жыццё. Перажываць, адчуваць свет вакол цябе, бо ён напоўнены думкамі і ўчынкамі іншых. Чаму людзі паступаюць так або інакш, як знайсці сваё прызначэнне, як знайсці свой шлях — гэтаму можна навучыцца толькі з мудрых кніг (Кацярына П.).
Кніга ў маім жыцці, мабыць, самая блізкая сяброўка. Яна пастаянна са мной: на тумбачцы каля ложка, у дарозе пад рукой. Часта прачытанае ў кнізе нейкім чынам пераклікаецца з падзеямі ў маім жыцці. Там я знаходжу адказы на многія пытанні, мудрыя парады. Кніга — самы прыемны суразмоўца (Н. Караневіч).
Што такое для мяне кніга? Калі па праўдзе, амаль нічога. Мне больш зручна зайсці ў інтэрнэт і знайсці любы патрэбны твор. Чытаю рэдка і па асаблівай неабходнасці. Лепш прагледжу скарочаны варыянт, чым патрачу на чытанне свой вольны час. Хаця мне падабаецца размаўляць з людзьмі, якія шмат чытаюць. Як правіла, часта з імі цікава (Уладзімір Н.).
Людзі, якія шмат чытаюць, больш самастойныя ў сваіх разважаннях, чым тыя, хто не чытае. Яна хутчэй «схопліваюць» ідэі, разумеюць узаемасувязь розных з’яў. Як правіла, яны ўмеюць дакладна выказваць свае думкі, у іх вялікі слоўнікавы запас (Сяргей Д.).
Паводле ацэнак спецыялістаў у людзей, якія любілі чытаць у дзяцінстве, больш шанцаў зрабіць кар’еру (Е. Бусел).

На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (https://www.nlb.by/) паглядзіце відэаролік па выніках Рэспубліканскага конкурсу буктрэйлераў «Кніга з экрана». Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы і эмоцый маладых людзей, якія бралі ўдзел у конкурсе.