Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-3. Пісьмовая творчая работа (эсэ)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 2-3. Пісьмовая творчая работа (эсэ)
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 28 Апрель 2024, 08:59

Практыкаванне 19

Прачытайце тэкст. Раскажыце пра жанравыя, зместавыя і структурныя асаблівасці эсэ. 

Як вядома, эсэ (ад франц. essai — спроба, нарыс) — сачыненне невялікага аб’ёму і свабоднай кампазіцыі, якое перадае асабістую пазіцыю аўтара па пэўнай праблеме. Эсэ адрозніваецца філасофска-публіцыстычным характарам, вобразнасцю, устаноўкай на шчырасць, індывідуальнае бачанне праблемы, размоўную, спавядальную інтанацыю, маўленчую выразнасць.
Эсэ можа мець наступную будову: уступ, асноўная частка (тэзіс(-ы) — аргументы), заключэнне.

Практыкаванне 20

Прачытайце тэкст. Выберыце яму назву, матывуйце выбар: Нацыянальная бібліятэка — гонар краіны; Дзейнасць бібліятэкі па прапагандзе кнігі; Архітэктурна-мастацкае афармленне бібліятэкі; Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Выберыце з тэксту сутнасныя, істотныя для фармулявання тэмы, асноўнай думкі факты, дэталі, моўныя сродкі. Вызначце тэму прачытанага, сцісла адказаўшы на пытанне: Пра што расказваецца ў тэксце? Вызначце асноўную думку тэксту, адказаўшы на пытанне: У чым аўтар хоча пераканаць чытача?
Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вылучаецца не толькі якасцю рашэння ўтылітарных* задач, але і ўнікальнасцю мастацкага афармлення. Можна выдзеліць тры спецыфічныя рысы праекта. Па-першае, адзінства тэхналагічнага і эстэтычнага вобраза, які ўключае знешні выгляд будынка, інтэр’еры і ландшафт*. Па-другое, арганічны сінтэз архітэктуры і мастацтва. Па-трэцяе, агульная ідэйная аснова мастацка-дэкаратыўнага афармлення.
У аснове сюжэтна-тэматычнай ідэі афармлення бібліятэкі — два лейтматывы*: развіццё беларускай культуры, пісьменства ў кантэксце сусветнай цывілізацыі і пераемнасць развіцця розных крыніц інфармацыі — ад рукапісных кніг да электронных носьбітаў. Асноўная тэматычная лінія атрымлівае развіццё ў інтэр’ерах будынка.
Шматлікія работы, прадстаўленыя ў афармленні бібліятэкі, — гэта не простае дэкарыраванне інтэр’ера. Гэта складаныя метафары шматвяковай гісторыі Беларусі. Экспазіцыя* першага паверха аб’ядноўвае мастацкія работы, прысвечаныя развіццю культуры Беларусі са старажытных часоў да сучаснасці. Экспазіцыя другога паверха ўключае мастацкія творы, якія адлюстроўваюць этнаграфію, фальклор, нацыянальную самабытнасць беларускага народа. У афармленні чытальных залаў і зон рэкрэацыі пераважаюць пейзажы і работы дэкаратыўнага характару, выкананыя ў мяккіх, цёплых танах.
На ўсіх этапах эстэтычнага афармлення Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўвасоблена думка пра тое, што кніга — гэта квінтэсэнцыя ведаў, звяно паміж мінулым, сённяшнім і будучым. Бібліятэка мае індывідуальны вобраз, што сімвалізуе вечную каштоўнасць ведаў і асаблівую місію Нацыянальнай бібліятэкі — трансляваць, захоўваць і развіваць культуру (Р. Матульскі).

Вызначце тып тэксту. Як тып тэксту ўплывае на яго кампазіцыю?
Якія сказы пераважаюць пры апісанні мастацкага афармлення бібліятэкі? Чаму?
Выпішыце просты сказ, ускладнены адасобленымі членамі, зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Сфармулюйце сваімі словамі місію Нацыянальнай бібліятэкі.
Выкарыстоўваючы інфармацыю тэксту, вусна прадоўжыце выказванні:

1.У тэксце гаворыцца аб тым, што …
2.У тэксце расказваецца, як …
3.У тэксце гаворыцца пра тое, чаму …
4.У тэксце ідзе гаворка аб тым, што …
5.У тэксце вядзецца гаворка, якім чынам …
6.У тэксце выказваецца пазіцыя аўтара адносна таго, што …
7.У тэксце звяртаецца ўвага на тое, што …
8.У тэксце прыводзяцца доказы таго, што …
9.У тэксце фармулюецца асноўная думка пра …
10.Тэкст пераконвае нас у тым, што …

Вызначце топ-5 найбольш самабытных праектаў будынкаў бібліятэк свету, раскажыце пра арыгінальнасць формы будынку, яго архітэктараў, іх задуму. Параўнайце будынкі 3-4 Нацыянальных бібліятэк (напрыклад, Кітая, Францыі, Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Сінгапура, Каралеўскай бібліятэкі Японіі, Кангрэса ЗША, Брытанскай бібліятэкі).

Практыкаванне 21

Пры падрыхтоўцы эсэ можна выкарыстоўваць цытаты, афарызмы, прыказкі як аргументы, што пацвярджаюць вашу пазіцыю адносна  бачання пэўнай праблемы. Прачытайце выказванні, якія могуць стаць асновай для вашых разважанняў.

Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся — Слову (Я. Брыль).
Рай — гэта месца, дзе бібліятэка адчынена дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, сем дзён на тыдзень. Не … восем дзён на тыдзень (А. Брэдлі).
Прывучы́це дзіця да кнігі — і вы не проста навýчыце яго чытаць, але зробіце яго жыццё больш яркім, цікавым і багатым (А. Рой).
Мой лепшы сябар — гэта чалавек, які дасць мне кнігу, якую я не чытаў (А. Лінкальн).
З маленства люблю чытаць. Чытанне — гэта і праца, і свята (Я. Брыль).
Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы (Ф. Скарына).
Кнігі жывуць да тых часін, пакуль іх не толькі чытаюць, але і перачытваюць (Я. Колас).

Якое з выказванняў падаецца вам найбольш пераканаўчым, цікавым? Чаму?

Практыкаванне 22

Прачытайце выказванні маладых людзей адносна чытання кніг. Уступіце ў дыскусію з кожным з іх, аргументуйце ўласную згоду або нязгоду з аўтарамі. Сцісла сфармулюйце і запішыце ўласную пазіцыю адносна праблемы «Чытаць — гэта асалода!» або «Чытаць — гэта асалода?».

Я люблю кнігі, не ўяўляю свайго вольнага часу без такога занятку як чытанне. Без яго маё жыццё было б менш змястоўным.
Чамусьці ў дзяцінстве я цікавілася энцыклапедыямі, а зараз аддаю перавагу літаратуры, якая выклікае эмоцыі, перажыванні. Часам здаецца, што аўтар апісвае маё жыццё, мае праблемы — настолькі дакладна перадае пачуцці, якія я перажываю (Дзіяна С.).
Чытаць не люблю зусім. «Батаном» ніколі не быў. Рыхтуючыся да ўрокаў літаратуры, чытаю творы ў скарочаным выглядзе. Не разумею, як можна было раман з чатырох тамоў напісаць. Навошта? (Віктар К.).
Калі я чытаю вечарамі сваёй бабулі яе любімыя кнігі, заўважаю, як па яе шчацэ коціцца сляза … (Марыя Н.).
Глядзець кліпы, безумоўна, прыемны занятак, гэта надае драйв. Іх задача — ствараць настрой. Але разумець людзей і сябе яны не вучаць.
Кнігі дапамагаюць разумець людзей і жыццё. Перажываць, адчуваць свет вакол цябе, бо ён напоўнены думкамі і ўчынкамі іншых. Чаму людзі паступаюць так або інакш, як знайсці сваё прызначэнне, як знайсці свой шлях — гэтаму можна навучыцца толькі з мудрых кніг (Кацярына П.).
Кніга ў маім жыцці, мабыць, самая блізкая сяброўка. Яна пастаянна са мной: на тумбачцы каля ложка, у дарозе пад рукой. Часта прачытанае ў кнізе нейкім чынам пераклікаецца з падзеямі ў маім жыцці. Там я знаходжу адказы на многія пытанні, мудрыя парады. Кніга — самы прыемны суразмоўца (Н. Караневіч).
Што такое для мяне кніга? Калі па праўдзе, амаль нічога. Мне больш зручна зайсці ў інтэрнэт і знайсці любы патрэбны твор. Чытаю рэдка і па асаблівай неабходнасці. Лепш прагледжу скарочаны варыянт, чым патрачу на чытанне свой вольны час. Хаця мне падабаецца размаўляць з людзьмі, якія шмат чытаюць. Як правіла, часта з імі цікава (Уладзімір Н.).
Людзі, якія шмат чытаюць, больш самастойныя ў сваіх разважаннях, чым тыя, хто не чытае. Яна хутчэй «схопліваюць» ідэі, разумеюць узаемасувязь розных з’яў. Як правіла, яны ўмеюць дакладна выказваць свае думкі, у іх вялікі слоўнікавы запас (Сяргей Д.).
Паводле ацэнак спецыялістаў у людзей, якія любілі чытаць у дзяцінстве, больш шанцаў зрабіць кар’еру (Е. Бусел).

На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (https://www.nlb.by/) паглядзіце відэаролік па выніках Рэспубліканскага конкурсу буктрэйлераў «Кніга з экрана». Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы і эмоцый маладых людзей, якія бралі ўдзел у конкурсе. 

Практыкаванне 23

Падрыхтуйце пісьмовае эсэ, прысвечанае праблеме чытання, ролі кнігі, бібліятэкі ў грамадстве. Прыкладныя тэмы эсэ — «Кніга адкрывае свет», «Кніга, якая мне спадабалася», «Мая любімая кніга», «Бібліятэка — храм, дзе жывуць кнігі» і інш. Калектыўна абмяркуйце магчымыя варыянты тэм эсэ, асноўную думку, змест і структуру сачынення, крытэрыі ацэнкі працы.