*§ 2-3. Пісьмовая творчая работа (эсэ)

Практыкаванне 20

Прачытайце тэкст. Выберыце яму назву, матывуйце выбар: Нацыянальная бібліятэка — гонар краіны; Дзейнасць бібліятэкі па прапагандзе кнігі; Архітэктурна-мастацкае афармленне бібліятэкі; Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Выберыце з тэксту сутнасныя, істотныя для фармулявання тэмы, асноўнай думкі факты, дэталі, моўныя сродкі. Вызначце тэму прачытанага, сцісла адказаўшы на пытанне: Пра што расказваецца ў тэксце? Вызначце асноўную думку тэксту, адказаўшы на пытанне: У чым аўтар хоча пераканаць чытача?
Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вылучаецца не толькі якасцю рашэння ўтылітарных* задач, але і ўнікальнасцю мастацкага афармлення. Можна выдзеліць тры спецыфічныя рысы праекта. Па-першае, адзінства тэхналагічнага і эстэтычнага вобраза, які ўключае знешні выгляд будынка, інтэр’еры і ландшафт*. Па-другое, арганічны сінтэз архітэктуры і мастацтва. Па-трэцяе, агульная ідэйная аснова мастацка-дэкаратыўнага афармлення.
У аснове сюжэтна-тэматычнай ідэі афармлення бібліятэкі — два лейтматывы*: развіццё беларускай культуры, пісьменства ў кантэксце сусветнай цывілізацыі і пераемнасць развіцця розных крыніц інфармацыі — ад рукапісных кніг да электронных носьбітаў. Асноўная тэматычная лінія атрымлівае развіццё ў інтэр’ерах будынка.
Шматлікія работы, прадстаўленыя ў афармленні бібліятэкі, — гэта не простае дэкарыраванне інтэр’ера. Гэта складаныя метафары шматвяковай гісторыі Беларусі. Экспазіцыя* першага паверха аб’ядноўвае мастацкія работы, прысвечаныя развіццю культуры Беларусі са старажытных часоў да сучаснасці. Экспазіцыя другога паверха ўключае мастацкія творы, якія адлюстроўваюць этнаграфію, фальклор, нацыянальную самабытнасць беларускага народа. У афармленні чытальных залаў і зон рэкрэацыі пераважаюць пейзажы і работы дэкаратыўнага характару, выкананыя ў мяккіх, цёплых танах.
На ўсіх этапах эстэтычнага афармлення Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўвасоблена думка пра тое, што кніга — гэта квінтэсэнцыя ведаў, звяно паміж мінулым, сённяшнім і будучым. Бібліятэка мае індывідуальны вобраз, што сімвалізуе вечную каштоўнасць ведаў і асаблівую місію Нацыянальнай бібліятэкі — трансляваць, захоўваць і развіваць культуру (Р. Матульскі).

Вызначце тып тэксту. Як тып тэксту ўплывае на яго кампазіцыю?
Якія сказы пераважаюць пры апісанні мастацкага афармлення бібліятэкі? Чаму?
Выпішыце просты сказ, ускладнены адасобленымі членамі, зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Сфармулюйце сваімі словамі місію Нацыянальнай бібліятэкі.
Выкарыстоўваючы інфармацыю тэксту, вусна прадоўжыце выказванні:

1.У тэксце гаворыцца аб тым, што …
2.У тэксце расказваецца, як …
3.У тэксце гаворыцца пра тое, чаму …
4.У тэксце ідзе гаворка аб тым, што …
5.У тэксце вядзецца гаворка, якім чынам …
6.У тэксце выказваецца пазіцыя аўтара адносна таго, што …
7.У тэксце звяртаецца ўвага на тое, што …
8.У тэксце прыводзяцца доказы таго, што …
9.У тэксце фармулюецца асноўная думка пра …
10.Тэкст пераконвае нас у тым, што …

Вызначце топ-5 найбольш самабытных праектаў будынкаў бібліятэк свету, раскажыце пра арыгінальнасць формы будынку, яго архітэктараў, іх задуму. Параўнайце будынкі 3-4 Нацыянальных бібліятэк (напрыклад, Кітая, Францыі, Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Сінгапура, Каралеўскай бібліятэкі Японіі, Кангрэса ЗША, Брытанскай бібліятэкі).