*§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль

Практыкаванне 11-1

Прачытайце тэкст. Пісьмова сфармулюйце яго асноўную думку. Назавіце словы, словазлучэнні, якія характарызуюць лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.

Праца над мовай, над яе ўзбагачэннем і ўдасканаленнем была і застаецца неад’емнай часткай творчай дзейнасці пісьменніка.
Мастацкая літаратура не толькі майстэрня, у якой шліфуюцца нормы літаратурнай мовы. Гэта і своеасаблівая маўленчая лабараторыя, дзе адкрываюцца і апрабоўваюцца новыя словы і сінтаксічныя канструкцыі. Адсюль многія з іх бяруць шлях у шырокі агульнанародны ўжытак.
Функцыянальна-стылістычная дыферэнцыяцыя літаратурнай мовы, разнастайнасць крыніц, з якіх яна сілкуецца (мясцовыя гаворкі, помнікі пісьменства, моватворчасць аўтараў і г. д.), несінхроннасць з’яўлення тых ці іншых моўных адзінак, пераход некаторых з іх у пасіўны запас — гэтыя і іншыя прычыны абумоўліваюць і падтрымліваюць варыянтнасць слоў, форм, сінтаксічных канструкцый (А. Каўрус).

Назавіце ўжытыя ў тэксце лінгвістычныя тэрміны, ахарактарызуйце іх значэнне (Можна выкарыстоўваць выданне: Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / пад рэд. М. В. Бірылы, П. У. Сцяцко. Мінск : Вышэйшая школа, 1990).
Выпішыце з тэксту простыя сказы, падкрэсліце ў іх граматычныя асновы.
Растлумачце адсутнасць працяжніка ў другім сказе.