Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 15:50

Стыль

Стыль (ад грэч. stylos — ‘завостраная палачка для пісьма’) — разнавіднасць маўлення, 

якая характарызуецца асаблівасцяміадбору, арганізацыі моўных сродкаў у залежнасці ад задач камунікацыі.
Стылістыка — лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці выкарыстання моўных сродкаў у залежнасці ад зместу, мэты і сітуацыі выказвання, ад ужывання ў розных сферах чалавечай дзейнасці (навуцы, мастацтве, палітыцы, афіцыйных і штодзённых (бытавых) зносінах).
З улікам функцый мовы і сферы зносін адрозніваюць функцыянальныя стылі.
Функцыянальны стыль — разнавіднасць літаратурнай мовы, замацаваная за пэўнай сферай грамадска-маўленчай практыкі. Функцыянальныя стылі характарызуюцца ўжываннем моўных сродкаў у залежнасці ад знешніх, нямоўных фактараў: формы зносін (пісьмовая/вусная, маналагічная/дыялагічная), мэты зносін (волевыяўленне, паведамленне інфармацыі, эмацыянальнае і эстэтычнае ўздзеянне, камунікацыя), характару ўзаемаадносін (афіцыйны, неафіцыйны).
Выдзяляюць наступныя функцыянальныя стылі: навуковы, афіцыйны, публіцыстычны, мастацкі (стыль мастацкай літаратуры) і гутарковы.
Кожны функцыянальны стыль вылучаецца асаблівасцямі на ўзроўні лексікі, марфалогіі, сінтаксісу.
Усе моўныя стылі, акрамя гутарковага, — кніжныя. Гутарковы з’яўляецца стылем вуснага маўлення.

Практыкаванне 7

Дапоўніце схему класіфікацыі функцыянальных стыляў.

З апорай на схему раскажыце пра класіфікацыю функцыянальных стыляў.

Практыкаванне 8

Прачытайце тэкст. Як вы думаеце, чаму жанчына па-рознаму расказала сваю гісторыю ў першым і ў другім выпадку? Ахарактарызуйце, чым абумоўлены асаблівасці яе маўлення.

Там (у шумным кафэ пры абласной гасцініцы), перада мной адным, яна ні на хвілінку не бянтэжылася, нават калі расказвала пра самыя інтымныя свае пачуцці і перажыванні. Гаварыла проста, натуральна, дзе з болем, дзе з абурэннем, а дзе і з гумарам, хоць смешнага ва ўсёй гэтай гісторыі было мала.
А тут (у кабінеце сакратара абкама) ніяк не магла пачаць сваю споведзь... Нарэшце Пятро Гаўрылавіч не вытрымаў, сказаў амаль афіцыйна:
— Слухаю вас, Міхаліна Казіміраўна.
І тады яна пачала расказваць. І ўжо ў першыя хвіліны я здзівіўся: гэта быў зусім іншы расказ, больш таго — іншага чалавека. Не, яна расказвала тое ж самае, нават, калі хочаце, больш лагічна, паслядоўна і спакойна, толькі карацей — менш падрабязнасцей і менш здагадак пра думкі і намеры людзей, якія мелі дачыненне да яе лёсу. І менш даверлівасці, больш стрыманасці. Увогуле гэта натуральна: адна справа — расказваць пісьменніку, другая — сакратару абкама, у кабінеце, дзе сама абстаноўка прымушала да стрыманасці і нават да некаторай афіцыйнасці (І. Шамякін).

Паслухаем мовазнаўцаў

Вывучэнне стылістыкі ставіць галоўным чынам практычную задачу: павышэнне маўленчай культуры.
Акрэсліліся два асноўныя кірункі стылістыкі. Першы з іх — практычны, які даследуе стылістычную афарбоўку моўных сродкаў і мае справу пераважна са стылістычнымі сінонімамі. Другі кірунак — функцыянальная стылістыка — у цэнтр увагі ставіць паняцце функцыянальнага стылю, выпрацоўку ўмення ствараць выказванне з улікам абставін і мэты маўленчых зносін. Гэта «актыўная» стылістыка. Яе задача — развіваць моўную інтуіцыю праз усведамленне стылістычнай структуры кантэксту (А. Каўрус).
Стылістыка вучыць адбіраць з арсенала мовы разнастайныя сродкі ў залежнасці ад зместу выказвання, яго мэты і сітуацыі, у якой адбываецца абмен думкамі, інфармацыяй. Гэта дысцыпліна дапамагае асэнсаваць эстэтычную функцыю мовы, ролю вобразных сродкаў, стылістычна афарбаваных марфалагічных форм і сінтаксічных канструкцый.
Засваенне правіл стылістыкі садзейнічае больш уважлівым адносінам да жывога народнага слова, дазваляе пазбягаць моўных штампаў, засцерагае ад безгустоўнага спрашчэння і мудрагелістай псеўданавуковасці (А. Юрэвіч).
Стылістыка выхоўвае ўважлівае стаўленне да мовы, матывуе выкарыстанне стылістычна афарбаваных сродкаў, вучыць багаццю маўлення, асэнсоўвае функцыю слова ў мастацкім кантэксце (А. Пісарэнка).

На аснове выказванняў беларускіх вучоных, якія даследуюць праблемы стылістыкі, сфармулюйце коратка задачы стылістыкі як лінгвістычнай дысцыпліны.



Навуковы стыль

Тэксты навуковага стылю абслугоўваюць сферу навукі, тэхнікі і вучэбных зносін.
Мэта навуковага тэксту — перадаваць навуковыя веды, сістэматызаваць і класіфікаваць факты, фармуляваць пэўныя правілы і заканамернасці.
Агульныя стылёвыя рысы навуковых тэкстаў: дакладнасць, доказнасць, лагічнасць, аргументаванасць выкладу. Навуковы тэкст рэалізуе пераважна пісьмовую (маналагічную) форму маўлення, радзей — вусную (даклад, выступленне на канферэнцыі).
Асноўныя жанры навуковага стылю: навуковы артыкул, рэферат, манаграфія, даклады і выступленні на навуковую тэму.
Лексіка тэкстаў навуковага стылю характарызуецца дакладнасцю, актыўным выкарыстаннем тэрмінаў, слоў з абстрактным значэннем.
Адметнымі марфалагічнымі сродкамі з’яўляюцца: пераважнае ўжыванне назоўнікаў у параўнанні з дзеясловамі, выкарыстанне дзеясловаў у форме 3-й асобы адзіночнага або множнага ліку цяперашняга часу (вывучае, даследуе; адносяцца, належаць, ажыццяўляюць, ужываюцца), дзеепрыслоўных зваротаў (абагульняючы, аналізуючы, падсумоўваючы).
Сінтаксісу навуковых тэкстаў уласцівы прамы парадак слоў, пераважнае ўжыванне пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых і безасабовых сказаў (нагадаем, падагульнім, для правядзення эксперымента выкарыстоўваюць і г. д.). Пераважаюць складаныя сказы (у тым ліку з рознымі відамі сувязі частак). Тлумачэнні, заўвагі, паслядоўнасць выкладу думак перадаюцца з дапамогай пабочных слоў і канструкцый (паводле меркаванняў, на думку даследчыкаў, як сведчыць, па-першае, па-другое, з аднаго боку і інш.).
Разнавіднасць стылю — навукова-папулярны падстыль. Навукова-папулярныя выданні разлічаны на чытача, які не мае спецыяльнай падрыхтоўкі. З гэтай прычыны выкарыстоўваюцца агульнанавуковая лексіка, вобразныя сродкі мовы, а вузкаспецыяльныя тэрміны, як правіла, не ўжываюцца.

Практыкаванне 8-1

Прачытайце тэкст, падбярыце да яго загаловак. Назавіце тыя прыметы навуковага стылю, якія даследуе аўтар.

Дакладнасцю і аб’ектыўнасцю абумоўлена тэрміналагічнасць і кніжнасць лексікі навуковага стылю. Даволі шырока выкарыстоўваюцца тэрміны як знакі спецыяльнай сістэмы, з якімі працуе вучоны і якія з’яўляюцца элементамі яго навуковай праблематыкі.сн
Значны ў навуковым стылі пласт кніжных слоў, што складаюць лексічныя адзінкі намінатыўна-тэрміналагічнага характару, якія непасрэдна не з’яўляюцца элементамі навуковай праблематыкі вучонага, але без якіх таксама нельга стварыць навуковы тэкст. Гэта словы тыпу аб’ект, аналіз, дослед, прыбор, вывад, будова, састаў, задача, гіпотэза, працэс, схема, эфект, сістэма, форма, тэорыя, уплыў, кампанент, тып, падтып, этап, група, від, род, прадукт, матэрыял, напрамак, даследаванне і да т. п. Пры гэтым, як сведчаць прыведзеныя прыклады, вялікую ўдзельную вагу сярод тэрмінаў і кніжных слоў складаюць інтэрнацыяналізмыл.
Адметны пласт слоў складаюць дзеясловы агульнай семантыкі, якія ў навуковым стылі дэсемантызуюцца поўнасцю ці часткова, семантычна «апустошваюцца» і выступаюць у ролі звязкавых элементаў. Падобныя дзеясловы значэння дзеяння не выражаюць: яны ў гэтых кантэкстах дэсемантызаваліся, аб чым сведчыць магчымасць іх замены фармальнай звязкай ёсць. Падобную функцыю выконваюць таксама словы называцца, вынікаць, выяўляць, дазваляць, існаваць, мець, служыць, суадносіцца, складаць, назірацца, прымяняць, уяўляць сабой і да т. п. (В. Красней).

Якія словы называюцца інтэрнацыяналізмамі? Прывядзіце прыклады з тэксту.
Выпішыце з тэксту дзеясловы агульнай семантыкі, вызначце іх спражэнне.

Практыкаванне 9

Прачытайце матэрыял, у якім даецца апісанне стыляў паводле асноўных прымет, па якіх характарызуецца любы стыль.
Вызначце, прыметы якіх стыляў маўлення прыведзены ў табліцы. Раскажыце з апорай на табліцу пра гэтыя стылі.

Сфера выкарыстання

Задачы маўлення Стылёвыя рысы Асноўныя жанры Характэрныя моўныя сродкі

Асвета, навука:
у падручніках, навуковых працах, выступленнях і паведамленнях на розныя навуковыя тэмы

Паведаміць дакладныя звесткі і факты, якія маюць тэарэтычнае значэнне, растлумачыць іх

Дакладнасць, доказнасць, лагічнасць, сцісласць.Мае форму маналогу.
Адносіны да з’яў і падзей не выражаны

Навуковы артыкул, рэферат, энцыклапедыя, манаграфія, навукова-тэхнічная літаратура, даклады і выступленні на навуковую тэму Навуковыя тэрміны. Словы з абагульненым і адцягненым значэннем. Дзеясловы ў форме 3-й асобы цяперашняга часуса значэннем пастаяннага дзеяння. Простыя развітыя і складаныя сказы
Афіцыйныя зносіны, справаводства, заканадаўства Паведаміць звесткі, якія маюць практычнае значэнне, даць дакладныя парады, указанні Прадпісальны характар маўлення, афіцыйнасць, дакладнасць, высокая ступень стандартызацыі зместу. Мае форму маналогу. Адносіны да з’яў і падзей не выражаны Законы, пастановы, указы, афіцыйныя паведамленні, дагаворы і пагадненні, а таксама аб’явы, заявы, даверанасці, распіскі, справаздачы, аўтабіяграфіі

Афіцыйныя словы і выразы. Назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў і прыметнікаў з суфіксамі -анн-, -енн-, -асць-, -ств-. Дзеясловы ў форме 3-й асобы са значэннем «так прынята рабіць».
Сказы развітыя, аднасастаўныя

Грамадска-палітычная дзейнасць: газеты, часопісы, выступленні

Паведаміць інфармацыю, якая мае грамадска-палітычнае значэнне; уздзейнічаць на думкі і пачуцці людзей

Эмацыянальнасць, доказнасць, пабуджальнасць, даходлівасць, надзённасць Выступленне, артыкул, нататка, інфармацыя, рэпартаж, фельетон, інтэрв’ю і інш. Грамадска-палітычная лексіка і фразеалогія. Ацэначныя і эмацыянальна-экспрэсіўныя словы. Трапныя метафары і параўнанні. Развітыя звароткі. Рытарычныя пытанні, воклічы, паўторы

Практыкаванне 10

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Абгрунтуйце сваё меркаванне. Выпішыце азначэнні выдзеленых лінгвістычных тэрмінаў.

Лексічнае значэнне слова

Слова — найменшая сэнсавая адзінка мовы. У працэсе маўленчых зносін яно ўзнаўляецца свабодна — гэта значыць не патрабуе спалучэння з іншымі моўнымі адзінкамі, як, напрыклад, марфема. Слова ўспрымаецца ў гарманічным адзінстве формы і зместу.сн У нашай свядомасці адлюстроўваецца фізічнае, матэрыяльнае аблічча слова — гукавы комплекс, у якім яно ўвасабляецца. Змест слова складае яго лексічнае значэнне. Змест і форма ўзаемазвязаны. Як не можа існаваць слова, пазбаўленае гукавой абалонкі, так не можа існаваць слова, пазбаўленае сэнсу.
Словы выконваюць у мове намінатыўную функцыю (функцыю называння) і служаць для абазначэння прадметаў, іх якасцей, стану, пры-
мет дзеяння, колькасці. Гэтыя абагульненыя значэнні прадметнасцім, прыметы, працэсуальнасці, колькасці не лагічныя, а граматычныя, яны даюць падставу для вылучэння назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў і іншых граматычных класаў слоў.
Для граматыкі лексічная індывідуальнасць такіх слоў, як, напрыклад, жыта і мора, не істотная, таму што фармальныя прыметы прадметнасці гэтых семантычна розных слоў супадаюць. З пункту погляду лексікі ў гэтых словах самае важнае тое, што яны маюць розныя лексічныя значэнні і тым самым адмежаваны адно ад аднаго ў сістэме мовы.
Лексічнае значэнне — гэта суаднесенасць слова з адпаведным паняццем, з’явай рэчаіснасці (І. Шкраба).

Практыкаванне 11

Прачытайце прыведзены аналіз тэксту. Ахарактарызуйце будову тэксту паводле тыпу маўлення.

Разгледзім асаблівасці навуковага стылю, адлюстраваныя ў тэксце. Тэкст уяўляе сабой дэталёвае апісанне лінгвістычных паняццяў слова, лексічнае значэнне слова.
Лексіка тэксту характарызуецца актыўным выкарыстаннем лінгвістычнай тэрміналогіі: моўная адзінка, гукавы комплекс, намінатыўная функцыя, граматычнае значэнне, лексічнае значэнне і г. д. Пераважае абстрактная лексіка: форма, змест, сэнс, функцыя, дзеянне, працэсуальнасць, прадметнасць і г. д. Ужыванне тэрмінаў, слоў у прамым намінатыўным значэнні забяспечвае такія рысы навуковага стылю, як адназначнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць. У тэксце паўтараюцца ключавыя адзінкі слова, лексічнае значэнне, што не з’яўляецца таўталогіяй, недахопам, паколькі падкрэслівае актыўнасць ужывання тэрмінаў, немажлівасць замяніць іх сінонімамі.
На марфалагічным узроўні тэкст характарызуецца пераважным ужываннем назоўнікаў, паколькі задача аўтара — раскрыць змест лінгвістычных паняццяў. На сінтаксічным узроўні тэксту ўласцівы прамы парадак слоў у сказе (за выключэннем двух выпадкаў). Шырока ўжываюцца сказы, ускладненыя аднароднымі членамі сказа, што падкрэслівае аднатыпнасць, аднапарадкавасць моўных адзінак.
Тэкст завяршаецца дакладным, лагічным азначэннем паняцця «лексічнае значэнне», якое падсумоўвае назіранні даследчыка за зместавымі і граматычнымі прыметамі слова. Такім чынам, з улікам агульных уласцівасцей (інфармацыйнасць, лагічнасць, доказнасць), лексічных, марфалагічных і сінтаксічных прымет можна сцвярджаць, што тэкст належыць да навуковага стылю.

Раскрыйце значэнне слова таўталогія.
Пацвердзіце прыкладамі з тэксту шырокае ўжыванне сказаў, ускладненых аднароднымі членамі.
Прывядзіце прыклады ўжывання ў тэксце адваротнага парадку слоў у сказе.
Раскажыце на аснове тэксту аб стылеўтваральных магчымасцях моўных адзінак у тэксце навуковага стылю.

Практыкаванне 11-1

Прачытайце тэкст. Пісьмова сфармулюйце яго асноўную думку. Назавіце словы, словазлучэнні, якія характарызуюць лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.

Праца над мовай, над яе ўзбагачэннем і ўдасканаленнем была і застаецца неад’емнай часткай творчай дзейнасці пісьменніка.
Мастацкая літаратура не толькі майстэрня, у якой шліфуюцца нормы літаратурнай мовы. Гэта і своеасаблівая маўленчая лабараторыя, дзе адкрываюцца і апрабоўваюцца новыя словы і сінтаксічныя канструкцыі. Адсюль многія з іх бяруць шлях у шырокі агульнанародны ўжытак.
Функцыянальна-стылістычная дыферэнцыяцыя літаратурнай мовы, разнастайнасць крыніц, з якіх яна сілкуецца (мясцовыя гаворкі, помнікі пісьменства, моватворчасць аўтараў і г. д.), несінхроннасць з’яўлення тых ці іншых моўных адзінак, пераход некаторых з іх у пасіўны запас — гэтыя і іншыя прычыны абумоўліваюць і падтрымліваюць варыянтнасць слоў, форм, сінтаксічных канструкцый (А. Каўрус).

Назавіце ўжытыя ў тэксце лінгвістычныя тэрміны, ахарактарызуйце іх значэнне (Можна выкарыстоўваць выданне: Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / пад рэд. М. В. Бірылы, П. У. Сцяцко. Мінск : Вышэйшая школа, 1990).
Выпішыце з тэксту простыя сказы, падкрэсліце ў іх граматычныя асновы.
Растлумачце адсутнасць працяжніка ў другім сказе.

Практыкаванне 11-2

Прачытайце. Вызначце, да якога стылю належыць тэкст Абгрунтуйце сваю думку.

Школа юнага лінгвіста з’яўляецца дадатковай формай адукацыі, якая садзейнічае больш глыбокаму і ўсвядомленаму пранікненню ў сутнасць моўных з’яў пры дапамозе аналітычнай работы над тэкстамі розных стыляў і жанраў.
Школа выступае (свое)асаблівай пляцо..кай для лінгвістычных д..скусій і на(в/?)уковага пошуку. Яе работа нала(дж/ж)ана так каб сфарміраваць навыкі пастаноўкі на(в/?)уковай праблемы умен..е выкарыстоўваць на(в/?)уковую метадалогію ў самастойнай даследчай рабоце. Яна павінна дапама..чы ў падрыхтоўцы да публічных выступлен..яў на мерапрыемствах.
Выхава..чы і развіц..ёвы аспекты рэалізую(ц/цц)а праз усталяванне больш цесных сувязей паміж старэйшым і малодшым пакален..ямі дасле(дч/чч)ыкаў што забяспечыць пераемнасць. Фармат мерапрыемстваў школы юнага лінгвіста ўключае выступлен..і і лекц..і супрацоўнікаў Інст..тута мовазна..ства па актуальны.. напрамка.. даследаван..яў абмеркаван..е самых значных акад..мічных выдан..яў знаёмства з апошнімі дасягнен..ямі ў галіне беларускага мовазна..ства правядзенне сустрэч семінараў з вучнямі і настаўнікамі.
Вучэбна-адукацыйны аспект дзейнасці школы заключаецца ў аказанні кансультацыйнай і метадычнай дапамогі, у навуковым каменціраванні па складаных праблемах беларускай лінгвістыкі, навучанні алгарытму працы са слоўнікамі розных тыпаў, даведнікамі, дапаможнікамі для школы, лінгвістычнымі атласамі, энцыклапедыямі (Паводле С. Дубовіка).

Раскажыце, якая мэта школы юнага лінгвіста, у якіх напрамках наладжана яе работа.
Спішыце другі і трэці абзацы тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары, раскрываючы дужкі і ставячы неабходныя знакі прыпынку.