*§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль

Навуковы стыль

Тэксты навуковага стылю абслугоўваюць сферу навукі, тэхнікі і вучэбных зносін.
Мэта навуковага тэксту — перадаваць навуковыя веды, сістэматызаваць і класіфікаваць факты, фармуляваць пэўныя правілы і заканамернасці.
Агульныя стылёвыя рысы навуковых тэкстаў: дакладнасць, доказнасць, лагічнасць, аргументаванасць выкладу. Навуковы тэкст рэалізуе пераважна пісьмовую (маналагічную) форму маўлення, радзей — вусную (даклад, выступленне на канферэнцыі).
Асноўныя жанры навуковага стылю: навуковы артыкул, рэферат, манаграфія, даклады і выступленні на навуковую тэму.
Лексіка тэкстаў навуковага стылю характарызуецца дакладнасцю, актыўным выкарыстаннем тэрмінаў, слоў з абстрактным значэннем.
Адметнымі марфалагічнымі сродкамі з’яўляюцца: пераважнае ўжыванне назоўнікаў у параўнанні з дзеясловамі, выкарыстанне дзеясловаў у форме 3-й асобы адзіночнага або множнага ліку цяперашняга часу (вывучае, даследуе; адносяцца, належаць, ажыццяўляюць, ужываюцца), дзеепрыслоўных зваротаў (абагульняючы, аналізуючы, падсумоўваючы).
Сінтаксісу навуковых тэкстаў уласцівы прамы парадак слоў, пераважнае ўжыванне пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых і безасабовых сказаў (нагадаем, падагульнім, для правядзення эксперымента выкарыстоўваюць і г. д.). Пераважаюць складаныя сказы (у тым ліку з рознымі відамі сувязі частак). Тлумачэнні, заўвагі, паслядоўнасць выкладу думак перадаюцца з дапамогай пабочных слоў і канструкцый (паводле меркаванняў, на думку даследчыкаў, як сведчыць, па-першае, па-другое, з аднаго боку і інш.).
Разнавіднасць стылю — навукова-папулярны падстыль. Навукова-папулярныя выданні разлічаны на чытача, які не мае спецыяльнай падрыхтоўкі. З гэтай прычыны выкарыстоўваюцца агульнанавуковая лексіка, вобразныя сродкі мовы, а вузкаспецыяльныя тэрміны, як правіла, не ўжываюцца.