*§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль

Паслухаем мовазнаўцаў

Вывучэнне стылістыкі ставіць галоўным чынам практычную задачу: павышэнне маўленчай культуры.
Акрэсліліся два асноўныя кірункі стылістыкі. Першы з іх — практычны, які даследуе стылістычную афарбоўку моўных сродкаў і мае справу пераважна са стылістычнымі сінонімамі. Другі кірунак — функцыянальная стылістыка — у цэнтр увагі ставіць паняцце функцыянальнага стылю, выпрацоўку ўмення ствараць выказванне з улікам абставін і мэты маўленчых зносін. Гэта «актыўная» стылістыка. Яе задача — развіваць моўную інтуіцыю праз усведамленне стылістычнай структуры кантэксту (А. Каўрус).
Стылістыка вучыць адбіраць з арсенала мовы разнастайныя сродкі ў залежнасці ад зместу выказвання, яго мэты і сітуацыі, у якой адбываецца абмен думкамі, інфармацыяй. Гэта дысцыпліна дапамагае асэнсаваць эстэтычную функцыю мовы, ролю вобразных сродкаў, стылістычна афарбаваных марфалагічных форм і сінтаксічных канструкцый.
Засваенне правіл стылістыкі садзейнічае больш уважлівым адносінам да жывога народнага слова, дазваляе пазбягаць моўных штампаў, засцерагае ад безгустоўнага спрашчэння і мудрагелістай псеўданавуковасці (А. Юрэвіч).
Стылістыка выхоўвае ўважлівае стаўленне да мовы, матывуе выкарыстанне стылістычна афарбаваных сродкаў, вучыць багаццю маўлення, асэнсоўвае функцыю слова ў мастацкім кантэксце (А. Пісарэнка).

На аснове выказванняў беларускіх вучоных, якія даследуюць праблемы стылістыкі, сфармулюйце коратка задачы стылістыкі як лінгвістычнай дысцыпліны.