*§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль

Практыкаванне 11

Прачытайце прыведзены аналіз тэксту. Ахарактарызуйце будову тэксту паводле тыпу маўлення.

Разгледзім асаблівасці навуковага стылю, адлюстраваныя ў тэксце. Тэкст уяўляе сабой дэталёвае апісанне лінгвістычных паняццяў слова, лексічнае значэнне слова.
Лексіка тэксту характарызуецца актыўным выкарыстаннем лінгвістычнай тэрміналогіі: моўная адзінка, гукавы комплекс, намінатыўная функцыя, граматычнае значэнне, лексічнае значэнне і г. д. Пераважае абстрактная лексіка: форма, змест, сэнс, функцыя, дзеянне, працэсуальнасць, прадметнасць і г. д. Ужыванне тэрмінаў, слоў у прамым намінатыўным значэнні забяспечвае такія рысы навуковага стылю, як адназначнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць. У тэксце паўтараюцца ключавыя адзінкі слова, лексічнае значэнне, што не з’яўляецца таўталогіяй, недахопам, паколькі падкрэслівае актыўнасць ужывання тэрмінаў, немажлівасць замяніць іх сінонімамі.
На марфалагічным узроўні тэкст характарызуецца пераважным ужываннем назоўнікаў, паколькі задача аўтара — раскрыць змест лінгвістычных паняццяў. На сінтаксічным узроўні тэксту ўласцівы прамы парадак слоў у сказе (за выключэннем двух выпадкаў). Шырока ўжываюцца сказы, ускладненыя аднароднымі членамі сказа, што падкрэслівае аднатыпнасць, аднапарадкавасць моўных адзінак.
Тэкст завяршаецца дакладным, лагічным азначэннем паняцця «лексічнае значэнне», якое падсумоўвае назіранні даследчыка за зместавымі і граматычнымі прыметамі слова. Такім чынам, з улікам агульных уласцівасцей (інфармацыйнасць, лагічнасць, доказнасць), лексічных, марфалагічных і сінтаксічных прымет можна сцвярджаць, што тэкст належыць да навуковага стылю.

Раскрыйце значэнне слова таўталогія.
Пацвердзіце прыкладамі з тэксту шырокае ўжыванне сказаў, ускладненых аднароднымі членамі.
Прывядзіце прыклады ўжывання ў тэксце адваротнага парадку слоў у сказе.
Раскажыце на аснове тэксту аб стылеўтваральных магчымасцях моўных адзінак у тэксце навуковага стылю.