*§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль

Практыкаванне 8

Прачытайце тэкст. Як вы думаеце, чаму жанчына па-рознаму расказала сваю гісторыю ў першым і ў другім выпадку? Ахарактарызуйце, чым абумоўлены асаблівасці яе маўлення.

Там (у шумным кафэ пры абласной гасцініцы), перада мной адным, яна ні на хвілінку не бянтэжылася, нават калі расказвала пра самыя інтымныя свае пачуцці і перажыванні. Гаварыла проста, натуральна, дзе з болем, дзе з абурэннем, а дзе і з гумарам, хоць смешнага ва ўсёй гэтай гісторыі было мала.
А тут (у кабінеце сакратара абкама) ніяк не магла пачаць сваю споведзь... Нарэшце Пятро Гаўрылавіч не вытрымаў, сказаў амаль афіцыйна:
— Слухаю вас, Міхаліна Казіміраўна.
І тады яна пачала расказваць. І ўжо ў першыя хвіліны я здзівіўся: гэта быў зусім іншы расказ, больш таго — іншага чалавека. Не, яна расказвала тое ж самае, нават, калі хочаце, больш лагічна, паслядоўна і спакойна, толькі карацей — менш падрабязнасцей і менш здагадак пра думкі і намеры людзей, якія мелі дачыненне да яе лёсу. І менш даверлівасці, больш стрыманасці. Увогуле гэта натуральна: адна справа — расказваць пісьменніку, другая — сакратару абкама, у кабінеце, дзе сама абстаноўка прымушала да стрыманасці і нават да некаторай афіцыйнасці (І. Шамякін).