§ 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем

*Практыкаванне 239-1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку і стыль. Выпішыце сказы з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Вызначце іх ролю ў тэксце.

З лесу грыбоў не выбераш

У слова «многа» сiнонiмаў шмат. Ну вось наўскiдку, як той казаў: безлiч, па вушы, дай божа, бачана-нябачана, нi канца нi краю, да гiблоты, да цьма-цьмушчая, навалам, як сабак... Адсюль жа — хоць касу закладай i хоць вазамi вазi. Што, згадзiцеся, часта ўспамiнаецца ў добрую восень i якраз тады, калi размова iдзе пра лес i грыбы, пра так званае цiхае паляванне.
...На яго ў той год настойлiва клiкаў кум — хросны бацька маiх дзяцей. Грэх было не адгукнуцца, не ўзяць з сабою сяброў. Словам, аднойчы рана-раненька ўсiм кагалам мы прыехалi ў сапраўдную глыбiнку цi нават глухмень. Спадзяюся, што ку́ма слова гэта не пакрыўдзiць, бо вёска, дзе ён жыў i, дзякаваць богу, жыве (назву засакрэчу, бо якi ж грыбнiк выдае свае месцы?), знаходзiцца на мяжы Аршанскага i Сенненскага раёнаў, i мы, даехаўшы туды на дызелi, яшчэ сем вёрст iшлi пехатой. Але ж дарогу тую неяк агоралi, пабралi кашы i рушылi ў апенькi. Трэба сказаць, што на маёй радзiме, на Мiншчыне, гэтыя грыбы, як i розныя там кабылкi-сыраежкi, тады зусiм не цанiлiся. Мой бацька, у прыватнасцi, iх наогул не браў: ён кашамi насiў баравiкi — па дзвесце, па трыста штук. Прычым не абы-якiх, а крамяных, з цёмна-карычневымi шапкамi, з тоўстымi высокiмi ножкамi... Але ж у гасцях гаварыць пра гэта ды носам круцiць нам не выпадала: апенькi дык апенькi. На ўскрайку лесу iх было зусiм няшмат, затое потым... Адзiн нейкi пень абрэжаш — кошык грыбоў. За iм — глядзiш — другi, трэцi... I яно ж, далiбог, праўду кажуць: чым больш у чалавека грошай, тым больш iх хочацца. Тое ж самае i з грыбамi, хоць сабе i з апенькамi... Праз нейкую гадзiну-другую мы запоўнiлi ўвесь свой посуд. А далей i зусiм разгубiлiся: дайшлi да невялiкай балацiнкi, зарослай травой, а ступiць на яе проста не можам, бо там усюды апенькi — прыгожыя, пругкія. Каб пазбiраць, нашы жанчыны паздымалi хусткi, мы — курткi...
— Стойце, адпачнiце крыху, — загадаў нам урэшце кум. — Я зараз, я мiгам, адна нага тут...
Ён хуценька знiк (сiгануў у бок дому) i гэтак жа хутка аб’явiўся: з-за кустоў мы пачулi вясёлае «ф-р-р», пасля якога з парыжэлага вецця паказалася галава... каня. Такiм чынам, далей мы збiралi грыбы ўжо ў... мяшкi, састаўлялi iх на калёсы i тым самым стваралi карцiну, безумоўна, вартую пэндзля мастака! (Паводле М. Камароўскага).