Печатать книгуПечатать книгу

§ 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: § 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 20:43

Практыкаванне 230

Вы любіце фантазіраваць, прыдумваць розныя сітуацыі, гісторыі? Тады ўявіце пачуцці, якія перажывае ялінка пасля навагодніх свят. Зялёныя прыгажуні — зіхоткія, стройныя — застаюцца адзінокімі і непатрэбнымі, калі свята мінае. Прачытайце верш і асэнсуйце яго філасофскую сутнасць. Чаму гэты верш раскрывае найперш не драму ялінкі, а яе высакародства і гонар?
Спішыце верш, расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку і растлумачце іх.

Ялінка

Ялінку выкінулі за адрыну*
Яна ляжыць ва ўладзе ціхіх дум.
На голкі жоўтыя пушысты сіні
Злятае снег і навявае сум.
Цяплілі ўчора свечкі ёй віты́я
А сёння аддалí яе снягам...
Блішчаць дажджу віточкі залатыя
Забытыя на голках тут і там.
Ляжаць вядома нудна за адрынай
Бо сумны свет праз снежную імжу.
Адное засталіся ўспаміны
Віточкі залацістага дажджу.
Але яна свядома ганарыццас
І доляй і чарговасцю падзей
Хай жоўтая хай ападае гліца
Яна жыве яшчэ ў душы дзяцей.
                                 У. Караткевіч.

Якія арфаграфічныя правілы можна праілюстраваць словамі гэтага верша? Узнавіце змест гэтых правіл.

Практыкаванне 231

Запішыце верш у адпаведнасці з арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі нормамі. Растлумачце сэнс назвы верша. Якія сродкі выразнасці выкарыстаны аўтарам?

Дубовы ліст

Стаяць дубровы ў жнівен..скай красе
Л..цяць у вырай жураўлі і гусі
Дубовы ліст у жылках і ў расе
Мне нагадаў абрысы Беларусі.
Яго мая крана..цца рука
А ён нібыта выкава..ы з броні
І жылка кожная дубовага лістка
Злілася з жылкаміф маёй далоні.
                                   С. Грахоўскі.

Разбярыце па саставе зваротныя дзеясловы.

Практыкаванне 232

У бібліятэцы або з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў пазнаёмцеся з выданнем: Арашонкава, Г. У., Лемцюгова, В. П. Кіраванне ў беларускай і рускай мовах : слоўнік-даведнік / Г. У. Арашонкава, В. П. Лемцюгова. — Мінск : Вышэйшая школа, 1991. — 303 с.
Прачытайце пра структуру названага даведніка. Раскажыце, у якіх выпадках варта карыстацца падобным слоўнікам. Выпішыце з тэксту прыклады. Складзіце сказы з трыма-чатырма беларускамоўнымі словазлучэннямі.

У слоўнік-даведнік уключаны дзеясловы, назоўнікі і прыметнікі:
1) якія патрабуюць ад залежнага слова склонавых форм, розных у беларускай і рускай мовах, напрыклад: з нагоды свята — по случаю праздника; іншым разам — в другой раз; мець рацыю — быть правым;
2) пры якіх можа парушацца нарматыўная спалучальнасць з залежным словам па аналогіі з падобнымі канструкцыямі або пад уплывам дыялектных канструкцый, канструкцый з іншай мовы, напрыклад: характэрны для каго-чаго (не каму-чаму!); уласцівы каму-чаму (не для каго-чаго!);
3) сінтаксічная спалучальнасць якіх залежыць ад значэння (адцення значэння) галоўнага слова, напрыклад: даследаванне чаго (навуковае вывучэнне) і даследаванне аб чым (навуковая работа); здольны да чаго (які мае схільнасць да чаго-небудзь) і здольны на што (які гатовы зрабіць што-небудзь);
4) варыянтныя канструкцыі, якія адрозніваюцца частотнасцю ўжывання або стылістычна (Г. Арашонкава, В. Лемцюгова).

Практыкаванне 233

Утварыце і запішыце словазлучэнні. Пры неабходнасці звяртайцеся да слоўніка-даведніка «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах».

Кпіць ... (сябар, малы), расказаць ... (выпадак, падарожжа), багаты ... (падзеі, грошы), любавацца ... (кветка, дзяўчына), не выракаццал ... (мова, Бацькаўшчына), сквапны ... (слава, улада), кансультавацца ... (урач, праблема), даглядаць ... (дзеці, бацькі).

Практыкаванне 234

Выправіце сказы, у якіх дапушчаны памылкі, растлумачце іх прычыны.

1. Мая маці працуе загадчыкам лабараторыі. 2. Не бядуй ты аб ім. 3. Міхась быў меншы мяне ростам. 4. Нечакана ён захварэў грыпам. 5. За ўсё, што вы зрабілі для мяне, я вас вельмі дзякую. 6. Па сыне не плач ты, матуля. 7. Урокі ён не вывучыў з-за ляноты. 8. Алёна пабегла за суседам-доктарам. 9. Горад ведаю добра, больш года вучыўся там. 10. Задуменна стаялі пры дарозе два старых дубы. 11. Дачушка мая, я ж за шчасцем цябе адпраўляла. 12. Сяброўка толькі пасмяялася над маім страхам. 13. Вырасту — жанюся на суседцы. 14. Пішы мне па гэтаму адрасу, не забывай аба мне. 15. Я спазніўся на ваш урок з-за свайго брата. 16. Некалькі раз у дзень я званю бацькам.

*Практыкаванне 234-1

Прачытайце. Выпішыце 6-7 прыказак у форме аднасастаўных сказаў. Падкрэсліце галоўны член сказа ў выпісаных прыкладах. Як народная мудрасць вучыць адносіцца да мовы, да сказанага слова?

1. Ад праўды нікуды не дзенешся. 2. Губа ні ў каго не замкнёна. 3. За доўгі язык не пахваляць. 4. З добрай песняйф жыць весялей. 5. З мора вады не выліць, з песні слова не выкінуць. 6. Конь вырвеццас — дагоніш і зловіш, а слова вырвецца — не зловіш.  7. Людскога языка не завяжаш. 8. На праўдзе свет стаіць. 9. Не ўсякаму слову вер. 10. Няма тае хусты, каб завязаць людзям вусны. 11. Усё казаць — ворагаў нажывацьс. 12. Язык і Кіева дапытаеццас.

*Практыкаванне 234-2

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Выпішыце сказы з аднароднымі членамі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

Маладзёжны праект

Да ўдзелу ў праекце «100 ідэй для Беларусі» запрашаюць маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія займаюцца рацыяналізатарствам, распрацоўкай навукова-тэхнічных і інавацыйных праектаў, што ўяўляюць практычную цікавасць для рэальнага сектара эканомікі. Для маладых навукоўцаў гэты ўзроставы парог складае 35 гадоў.
Прадставіць свае прапановы можна ў дзесяці намінацыях: «Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць», «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць», «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць», «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка», «Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія», «Бія- і нанаіндустрыя», «Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі», «Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў», «Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый», «Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера». У кожнай намінацыі вызначаюцца па два пераможцы ў дзвюх узроставых групах: навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі, працуючая моладзь, маладыя навукоўцы.
Заяўкі на ўдзел у праекце «100 ідэй для Беларусі» можна накіроўваць наўпрост у тэрытарыяльныя камітэты БРСМ альбо запоўніць форму на сайце 100іdeas.by. На раённых і занальных выстаўках вызначаюцца пераможцы другога этапу. На абласных (Мінскай гарадской) выстаўках-прэзентацыях вызначаюцца пераможцы трэцяга этапу. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць свой конкурсны адбор з арганізацыяй выстаўкі маладзёжных праектаў. Усе фіналісты «100 ідэй для Беларусі» могуць прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. З іх 10 праектаў-пераможцаў атрымліваюць грашовыя сродкі для распрацоўкі бізнес-планаў інавацыйных праектаў у мэтах іх далейшага ўдзелу ў конкурсе ў парадку і на ўмовах, вызначаных Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях. Па выніках двух апошніх гадоў 10 пераможцаў прымаюць удзел у міжнародным маладзёжным праекце «100 ідэй для СНД». Нагадаем, «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца БРСМ пры падтрымцы зацікаўленых у мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі (Паводле С. Расолькі).

*Практыкаванне 234-3

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тып і стыль. Выпішыце сказы з адасобленымі членамі. Вызначце іх ролю ў тэксце.

Чуфа

Чулі пра такую культурную расліну — чуфу? Калі і чулі, дык зусім нямногія, а між тым яе нават ва ўмовах Беларусі вырошчваць можна. Чуфа, або земляны міндаль, — адна са старэйшых культурных раслін, якую яшчэ ў Старажытным Егіпце вырошчвалі. Радзіма яе — Паўночная Афрыка. Але шырокае распаўсюджанне чуфа атрымала толькі ў часы Арабскага халіфату, калі завезлі яе ажно ў Іспанію. Цяпер менавіта ў Іспаніі, асабліва ў Валенсіі, вырошчваюць яе ў камерцыйных маштабах. Што ж сабой уяўляе гэта культура? На першы погляд гэта звычайная трава, да асакі падобная. Не адразу і здагадаешся, што на яе каранях маюцца смачныя і карысныя клубеньчыкі, якіх у адной толькі расліны да чатырохсот нарастае. Невялікія, на смак чымсьці да нашых лясных арэхаў падобныя, клубеньчыкі гэтыя і ў сырым выглядзе выкарыстоўваюцца, але часцей за ўсё іх спачатку падсмажваюць. Таксама чуфу дадаюць у цукеркі, шакалад альбо халву для надання ім арэхавага смаку і міндальнага водару. З падсмажаных і здробненых арэшкаў рыхтуюць напой. Ён нагадвае какаву альбо нават каву, калі арэшкі перад гэтым вельмі моцна прапражыць. А яшчэ з клубеньчыкаў чуфы атрымліваюць надзвычай смачны і карысны алей, падобны да аліўкавага. Ён і ў ежу выкарыстоўваецца, і пры вытворчасці маргарыну вышэйшага гатунку, і нават для атрымання высакаякаснага мыла. Вырасціць чуфу на сваім прысядзібным альбо дачным участку можа кожны жадаючы. Нягледзячы на сваё паўднёвае паходжанне, яна нядрэнна расце нават у нашых кліматычных умовах. У субтропіках чуфа шматгадовая. А тут яе, як і бульбу, трэба вырошчваць з клубняў. А яшчэ лепш — расадай, калі клубеньчыкі спачатку прарошчваюць у больш цёплым месцы, а потым ужо высаджваюць на пастаяннае месца. І лепш не па адным, а па некалькі штук разам. Асаблівага догляду чуфа не патрабуе. Звычайная праполка, паліўка ў засушлівы час ды мінеральная падкормка. Апошнюю часта рабіць не трэба, бо тады трава зверху будзе занадта буяць, а клубеньчыкі ў зямлі — адставаць у развіцці. Збіраюць ураджай тады, калі лісце пажаўцее. І лепш гэта ў сухое надвор’е рабіць. Падкопваюць расліну, выцягваюць, карэньчыкі ад зямлі абтрасаюць. Потым з іх клубеньчыкі-арэшкі абіраюць. Але адразу не спажываюць. Падсушваюць спярша, ад пяску і бруду старанна ачышчаюць. А тады ўжо можна і прыемнага апетыту адзін аднаму жадаць! (Паводле Г. Аўласенкі).

Практыкаванне 235

Прачытайце сказы. Спішыце, ставячы знакі прыпынку ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі. Растлумачце іх пастаноўку.

1. Ліст расой пасярэбраным прытулю да шчакі (Х. Гурыновіч). 2. Усе гады пражытыя тут здаваліся ёй цяпер суцэльным шчасцем (Г. Васілеўская). 3. Мне шасцігадоваму падабаліся такія абавязкі (У. Сцяпан). 4. На сяле ён паявіўся гады праз два пасля вайны з рыжым чубам і з вечна гатовымі на вясёлую ўсмешку вачыма (Я. Скрыган). 5. Праз два акны ў другой сцяне віднелася блакітнае глыбокае неба яснаеф і ўрачыстае (І. Клімянкоў). 6. Хата дзядзькі Міколы была другая з краю вёскі.сн Нізкая крытая пабурэлым шыферам яна збоку нагадвала вялізную лодку перавернутую ўверх дном (А. Камароўскі). 7. Андрэй высокі статны з першымм дарослым разрадам ірвануў са старту ў агульным натоўпе (А. Камароўскі). 8. Першым ішоў Рыгор. Высокі даўганогі ён нягледзячы на гарачыню ступаў размерана шырока (А. Якімовіч).

Практыкаванне 236

Спішыце сказы, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку. Устаўце прапушчаныя літары, раскрыйце дужкі. Растлумачце напісанні.

1. Можна за..сці да с..броўкі Гэлі жонкі сваяка Глеба Іванавіча (Г. Марчук). 2. (Н..)як да нас у двор за..шла суседка цётка Адарка (Н. Касцючэнка). 3. (Перша)пачаткова ў праграму Алімпійскіх гульняў уваходзіў толькі адзін від спаборніцтваў стадыядром або бег на дыстанцыю роўную аднаму стадыю (А. Ванковіч). 4. З ёй іх прасторнай хатай звязана ..этулькі ўспамінаў (У. Гаўрыловіч). 5. А ён падлетак бег (на)сустрач каб хутчэй атрымаць (доўга)чаканысл падарунак (Т. Купрэвіч). 6. Было ў яго некалькі сяброў маладых настаўнікаўсн (А. Козел). 7. Ран..яй вясной зацвітае яшч.. адна расліна сон-трава (Г. Мятліцкая).

Практыкаванне 237

Спішыце сказы, афармляючы іх паводле пунктуацыйных норм і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Пракаменціруйце пунктуацыйнае афармленне сказаў і напісанне прапушчаных літар.

1. На бера..е сярод зрыжэлай травы разваліўся ружовы ад промняў сонца валун (М. Бусько). 2. Там за туманамі лета маё дагарае (А. Клемянок). 3. Я слухаўм іх як кажуць з разяўле..ым ротам запамінаў кожнае слова асабліва Нёманскага (В. Хомчанка). 4. Трымае тут на спа..чы..ай сядзібе да каранёў сваіх любоў (М. Маляўка). 5. Вось яе іс..іну я і шукаю (Л. Арабей). 6. Гас..ей сабралася чалавек пятнаццаць пераважна саслужыўцы гаспадара (В. Хомчанка). 7. Любіў Мар’ян паха..іць па са..е і ў будні ..ень асабліва позняй восен..ю (В. Казько). 8. Але ён разумеў і іншае ніхто з іх у тым ліку і капітан не даруе сабе калі не даведаецца што здарылася з таварышамі (У. Шыцік). 9. Усе дзяўчаты нават Ірына былі рады бачыць гас..ей.

Практыкаванне 238

Прачытайце тэкст, падбярыце яму назву. Выпішыце па два сказы з аднароднымі і адасобленымі членамі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

Шэдэўры сусветнай мастацкай культуры, створаныя сотні і нават тысячы гадоў таму, шматразова падпадалі пад разбуральнае ўздзеянне прыродных сіл і чалавека. Напрыклад, з сямі старажытных цудаў свету да нашых дзён захаваўся толькі адзін — піраміда Хеопса. Многія тварэнні прайшлі выпрабаванне часам, аднак без належнай абароны яны таксама могуць знікнуць. Найважнейшую ролю ў захаванні культурнай спадчыны чалавецтва адыгрывае міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА (UNESCO — The United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization). У перакладзе з англійскай мовы абрэвіятура расшыфроўваецца як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.
Сёння членамі арганізацыі з’яўляюцца 195 дзяржаў, у іх ліку — Рэспубліка Беларусь. Больш за 70 гадоў ЮНЕСКА спрыяе плённаму супрацоўніцтву розных краін і народаў у галіне культуры, навукі і адукацыі, актыўна займаецца абаронай славутых помнікаў гісторыі і мастацтва.
У нашы дні ў Спісе сусветнай спадчыны налічваецца больш за тысячу аб’ектаў, аб’яўленых зонамі культуры. Канвенцыю аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны падпісалі ўсе краіны — удзельнікі ЮНЕСКА. Кожны з членаў міжнароднай арганізацыі абавязаны не толькі захоўваць, але пры неабходнасці і ўзнаўляць гэтыя ўнікальныя аб’екты. Беларусь далучылася да канвенцыі ў 1988 годзе. У нашай краіне знаходзяцца чатыры аб’екты са Спіса сусветнай спадчыны: тры культурныя (Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс, геадэзічная дуга Струвэ) і адзін прыродны — Нацыянальны парк «Белавежская пушча» (Паводле Д. Кашавара).

Знайдзіце словазлучэнні, што выяўляюць спецыфіку дапасавання і кіравання ў беларускай мове.
Выпішыце з тэксту складаназлучаны сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Падрыхтуйце паведамленне (прэзентацыю) пра адзін з унікальных аб’ектаў Беларусі са Спіса сусветнай спадчыны.

Практыкаванне 239

Прачытайце ўрывак з верша Я. Коласа «Мая зямля» (1943 г.). Як звароткі дапамагаюць выяўленню асноўнай думкі? Спішыце, расстаўляючы знакі прыпынку ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі. Пракаменціруйце пунктуацыйнае афармленне сказаў са звароткамі.

Зямля мая Разлучаны з табою
Табой дышу табою я жыву.
Прад вамі ж воіны байцы-героі
Я ў радасці схіляю галаву.

Зямля мая краіна непакоры
Ты голас мой пачуй у шуме гроз:
З табою я дзялю пакуты гора, —
З дзяцінства я з тваім злучыў свой лёс.

Дык вер жа вер зямля мая матуля
Наш ясны дзень не змеркнуў не пагас
І далі сінь зноў ласкай нас атуліць
І прыйдзе нам збавення светлы час.

Зямля мая Прызнаюся я шчыра
Малю свой лёс я толькі аб адным —
Сабрацца зноў у радасны свой вырай
Каб слодыч мар адчуць нутром зямным.

Злучыцца зноў з табой мая матуля
Абняць цябе шчакой прыльнуць да ран
Да свежых ран што свет ускалыхнулі
І сведкай стаць як прошласці курган.

*Практыкаванне 239-1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку і стыль. Выпішыце сказы з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Вызначце іх ролю ў тэксце.

З лесу грыбоў не выбераш

У слова «многа» сiнонiмаў шмат. Ну вось наўскiдку, як той казаў: безлiч, па вушы, дай божа, бачана-нябачана, нi канца нi краю, да гiблоты, да цьма-цьмушчая, навалам, як сабак... Адсюль жа — хоць касу закладай i хоць вазамi вазi. Што, згадзiцеся, часта ўспамiнаецца ў добрую восень i якраз тады, калi размова iдзе пра лес i грыбы, пра так званае цiхае паляванне.
...На яго ў той год настойлiва клiкаў кум — хросны бацька маiх дзяцей. Грэх было не адгукнуцца, не ўзяць з сабою сяброў. Словам, аднойчы рана-раненька ўсiм кагалам мы прыехалi ў сапраўдную глыбiнку цi нават глухмень. Спадзяюся, што ку́ма слова гэта не пакрыўдзiць, бо вёска, дзе ён жыў i, дзякаваць богу, жыве (назву засакрэчу, бо якi ж грыбнiк выдае свае месцы?), знаходзiцца на мяжы Аршанскага i Сенненскага раёнаў, i мы, даехаўшы туды на дызелi, яшчэ сем вёрст iшлi пехатой. Але ж дарогу тую неяк агоралi, пабралi кашы i рушылi ў апенькi. Трэба сказаць, што на маёй радзiме, на Мiншчыне, гэтыя грыбы, як i розныя там кабылкi-сыраежкi, тады зусiм не цанiлiся. Мой бацька, у прыватнасцi, iх наогул не браў: ён кашамi насiў баравiкi — па дзвесце, па трыста штук. Прычым не абы-якiх, а крамяных, з цёмна-карычневымi шапкамi, з тоўстымi высокiмi ножкамi... Але ж у гасцях гаварыць пра гэта ды носам круцiць нам не выпадала: апенькi дык апенькi. На ўскрайку лесу iх было зусiм няшмат, затое потым... Адзiн нейкi пень абрэжаш — кошык грыбоў. За iм — глядзiш — другi, трэцi... I яно ж, далiбог, праўду кажуць: чым больш у чалавека грошай, тым больш iх хочацца. Тое ж самае i з грыбамi, хоць сабе i з апенькамi... Праз нейкую гадзiну-другую мы запоўнiлi ўвесь свой посуд. А далей i зусiм разгубiлiся: дайшлi да невялiкай балацiнкi, зарослай травой, а ступiць на яе проста не можам, бо там усюды апенькi — прыгожыя, пругкія. Каб пазбiраць, нашы жанчыны паздымалi хусткi, мы — курткi...
— Стойце, адпачнiце крыху, — загадаў нам урэшце кум. — Я зараз, я мiгам, адна нага тут...
Ён хуценька знiк (сiгануў у бок дому) i гэтак жа хутка аб’явiўся: з-за кустоў мы пачулi вясёлае «ф-р-р», пасля якога з парыжэлага вецця паказалася галава... каня. Такiм чынам, далей мы збiралi грыбы ўжо ў... мяшкi, састаўлялi iх на калёсы i тым самым стваралi карцiну, безумоўна, вартую пэндзля мастака! (Паводле М. Камароўскага).

Практыкаванне 240

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль і тып. Вусна перакладзіце на беларускую мову. Якую думку сцвярджае аўтар — акадэмік Д. Ліхачоў? Наколькі яна актуальная для вас, для нашага грамадства? Прадоўжыце разважанне, выказаўшы згоду або нязгоду з пазіцыяй аўтара. Падбярыце і запішыце не менш за тры доказы для аргументацыі ўласных меркаванняў у форме складаназалежных сказаў. Сфармулюйце вывады.

Вернейший способ узнать человека — его моральный облик, его характер — прислушаться к тому, как он говорит.
...А ведь бывает и так, что человек не говорит, а «плюётся» словами. Для каждого расхожего понятия у него не обычные слова, а жаргонные выражения. Когда такой человек с его «словами-плевками» говорит, он хочет показать, что ему всё нипочем, что он выше, сильнее всех обстоятельств, умнее всех окружающих, над всем смеётся, ничего не боится.
А на самом деле он потому и называет своими циничными выражениями те или иные предметы, людей, действия, что он трус, робок и неуверен в себе. Посмотрите, послушайте, о чём такой «храбрец» и «мудрец» цинично отзывается, в каких случаях он обычно слова заменяет «словами-плевками». Вы сразу заметите, что его страшит, от чего он ждёт неприятностей себе, что не в его власти...

Растлумачце, чаму некаторыя словы ў тэксце ўзяты ў двукоссе.

Практыкаванне 241

Прачытайце верш, вызначце яго асноўную думку. Якія моўныя сродкі дапамагаюць яе выяўленню? Спішыце, расстаўляючы знакі прыпынку ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі, і патлумачце іх пастаноўку. Назавіце словы, ужытыя ў ненарматыўным варыянце. Парушэннем якіх норм яны з’яўляюцца? З якой мэтай аўтар іх выкарыстаў?

Дзень добры свята вабнасці самой
Калі ўсяго сямнаццаць за спіною!
На жаль сягоння гэты парк не мой
Як не маё і лета выпускное.

І можа быць нібы на дзівака
Ў мой бок глядзяць гарэзлівыя феі
І думаюць чаго я заблукаў
На маладой бярозавай алеі.

І ў свой нататнік чыркаю радкі
Акідваючы позіркам зайздросна
Ўвесь гэты парк святочна-гаманкі
Нібы свае прыгадваючы вёсны...

Ну што ж, пара ўжо мусібыць дамоў.
Што любавацца не сваёй вясною?!
На жаль сягоння гэты парк не мой
Як не маё і лета выпускное...

                                            М. Шабовіч.

Практыкаванне 242

Прачытайце тэкст. Падбярыце да яго загаловак у адпаведнасці з тэмай.

Якое гэта дзіва — зорнае неба жнівеньскай ноччу! Зоркі ззяюць на ўсю спрадвечную моц. Пазіраеш угору і міжволі згадваеш філосафа Канта, які казаў, што яго найбольш здзіўляюць дзве рэчы: зорнае неба і чалавечая душа.
... вясковаму чалавеку няма калі ў жніўні любавацца зоркамі жніво забірае час і думкі. Гарадскі жыхар не можа ўбачыць усю веліч зорнага неба з-за высозных дамоў, бляску ліхтароў. Хіба што людзі на адпачынку могуць любавацца нябесным купалам.
... і я не заўсёды маю час любавацца зоркамі але ў той вечар у мяне быў асаблівы настрой пашанцавала змалаціць азімую пшаніцу і грэчку. Паспрыяла нябесная канцылярыя: выбліснуў сонечны дзянёк. Парадаваў і ўраджай: важкія буйныя каласы хіліліся долу. Аднак грэчка вырасла слабаватая, летась была лепшая, але год на год не прыходзіцца.
Ціхім вечарам я доўга ўзіраўся ў неба. Палярная зорка, нібы сярэбраны цвік, блішчэла на сваім месцы. Вялікі Воз ... , Малы Воз ... паварочваліся вакол Палярнай зоркі як і мільёны гадоў таму. Блішчаста-дымным ручніком апаясваў нябесны купал Млечны Шлях (Паводле Л. Левановіча).

Запішыце выдзеленыя сказы, устаўляючы прапушчаныя словы і расстаўляючы, дзе трэба, знакі прыпынку. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Д л я  д а в е д к і: прызнацца, праўда, Малая Мядзведзіца, гэта Вялікая Мядзведзіца.

Пракаменціруйце напісанне слоў з вялікай літары.
Растлумачце выраз нябесная канцылярыя.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра назву якога-небудзь сузор’я (якой-небудзь зоркі) або пра філосафа Канта.

Практыкаванне 243

Прааналізуйце характар заданняў ЦТ па сінтаксісе за мінулыя гады. Якія заданні выклікалі ў вас цяжкасці?

1. Адзначце словазлучэнні, якія адпавядаюць нормам беларускай літаратурнай мовы:
а) тры рэкі;
б) вышэйшы клёна;
в) прабачыць суседцы;
г) захварэць на грып.
2. Адзначце складаназлучаны сказ, паміж часткамі якога трэба ставіць знак прыпынку:
а) Пасля напружанага дня на луг прыйшоў спакой і ў поле завітала цішыня.
б) Прыйшла зіма і ночы ўжо паўзуць, а не крочаць.
в) Хмурна і маўкліва.
г) Зранку ў гародчыку мітусіліся матылькі і бомкалі чмялі.
3. Адзначце бяззлучнікавы складаны сказ, у якім трэба паставіць працяжнік:
а) Прагрыміць у верасні гром будзе цёплая восень.
б) Працу трэба любіць у ёй найбольшы смак жыцця.
в) Вядома ўсім без мінулага няма будучыні.
г) Мне сёння не заснуць мяце, гудзе завея за акном.

(З матэрыялаў ЦТ).

Практыкаванне 244

Расказваючы пра жыццё, творчасць людзей або звяртаючыся да ўласных вытокаў, мы з пяшчотай узгадваем свае родныя мясціны, называючы іх малой радзімай. Васіль Жуковіч пярэчыць гэтаму ўстойліваму выразу. Пракаменціруйце пазіцыю паэта.
Спішыце тэкст, пастаўце знакі прыпынку. Вусна вызначце тып сказаў.

Радзіма малой не бывае

Існуюць малы пералесак пясок
Малыя палянка і поле...
А край дзе ступіў ты найпершы свой крок
малым не бывае ніколі.
Існуюць малая трава і лаза ́
Крыніцы вузенькае ложа.
А край дзе ты першае слова сказаў
Малым называццас не можа.
Радзіма... У ёй да сканчэння вякоў
Прастору душа набывае.
Магчыма бывае малая любоў
Святыні малой не бывае.

Растлумачце выкарыстанне формы множнага ліку выказніка ў першай і другой страфе верша. Прывядзіце сказы-прыклады на ўжыванне выказніка ў адзіночным і множным ліку пры дзейніку, выражаным колькасна-іменным словазлучэннем.
Зрабіце сінтаксічны разбор сказаў з састаўным іменным выказнікам.

Практыкаванне 245

Раскажыце, чаму беларус Ігнат Дамейка стаў нацыянальным героем Чылі. Акрэсліце ролю складаных сказаў у тэксце. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў ім.

Ігнат Дамейка (31.07.1802 — 23.01.1889) — адзін з самых знакамітых у свеце беларусаў, аўтар 130 навуковых работ, нацыянальны герой Чылі, сусветна прызнаны вучоны-мінеролаг, які шмат гадоў быў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта.
Ігнат Дамейка нарадзіўся ў Беларусі. Яго бацька і дзядзькі былі культурныя людзі, яны хацелі, каб хлопчык атрымаў добрую адукацыю. У 1816 годзе, калі Ігнату было толькі 14 гадоў, ён паступіў на факультэт фізічных і матэматычных навук Віленскага ўніверсітэта. Па заканчэнні малады чалавек абараніў дысертацыю і атрымаў ступень магістра.
З 1832 года малады вучоны жыве ў Парыжы, ён вучыцца ў Сарбонскім універсітэце, вывучае хімію і геалагічныя навукі ў Парыжскай горнай школе. Пасля заканчэння вучобы яго запрашаюць працаваць па спецыяльнасці ў Чылі, дзе ён у 1867—1883 гадах быў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта. Дамейка вывучаў вулканы, знайшоў вялікія запасы медзі і серабра, арганізаваў здабычу золата і салетры, пісаў навуковыя трактаты, якія публікавалі ў парыжскіх навуковых часопісах.
У Еўропе і Амерыцы маецца шмат помнікаў, мемарыяльных знакаў і шыльдаў, на якіх напісана імя вялікага беларуса. У яго гонар у Чылі быў выпушчаны медаль і ўзведзены помнік у Сант’яга.

Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары.
На аснове тэксту падбярыце матэрыял для арфаграфічнай дыктоўкі на тэму «Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах».
Выпішыце складаназлучаны, складаназалежны і бяззлучнікавы складаны сказы, пабудуйце іх схемы.
Падрыхтуйце паведамленне пра вядомых вучоных-беларусаў.

Практыкаванне 246

Прачытайце тэкст. Выпішыце складаназлучаныя сказы са спалучальнымі і супраціўнымі злучнікамі, падкрэсліце граматычныя асновы. Расстаўце знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку.

Над гаем над велізарным абшарам блакіту вісела даль і ў ёй была дзіўная гармонія далікатных тонаў і таемных мар.
Лес быццам маўчаў аднак сярод яго цішыні ўгадваліся таямнічыя цені.
Даль то прыцягвала да сябе сваёй недасягальнаю таемнасцю то далей адплывала назад хаваючыся за лесам. Яна жадала раніць душы самотных людзей а яны шукалі ў ёй развязкі балючага сэрца.
Даль гаварыла яе мовай была песня без слоў ды толькі чуткае вуха магло ўлавіць яе перарыўныя спевы.
Колькі багата жыцця ў гэтай далі ў часе сонечнага дня калі яна прасвечваецца чыстая нібы раса на чароце. Прамені сонейка прасвечваюць даль і лес ажывае ў вясёлых зыках і ад растопленай сасновай смалы кружыцца галава (З. Бядуля).

Назоўнікі цень, даль, гармонія, таемнасць, песня, жыццё запішыце ў форме творнага склону. Растлумачце правапіс іх канчаткаў.
Запішыце сінонімы да выдзеленых слоў.

Практыкаванне 247

Спішыце. Расстаўце знакі прыпынку. Аргументуйце іх пастаноўку. Вызначце від даданых частак.

1. Прырода толькі дорыць дзівы бо дзіва ёсць яна сама (П. Броўка). 2. Толькі ў сэрцы і можна адчуць колькі багацця даў табе край (К. Кірэенка). 3. Елачцы зялёнай сёння сняцца сны быццам вее з бору водарам лясным (Я. Пушча). 4. Раптам ірвануў вецер і перайшоў у такую буру што зямля закурылася пылам (Я. Колас). 5. Калі яны выйшлі на вуліцу было цёмна хоць на небе і высыпалі буйныя белыя зоркі (А. Кудравец). 6. Мы ні на хвіліну не пахіснуліся ў сваёй вялікай веры хоць права жыць у шчасці на зямлі і здабываў народ нялёгкай мерай (К. Кірэенка). 7. Памяць чалавечая падобна на скарбніцу ў якой можа захавацца толькі здольнае вытрымаць буры часу і не страціць сваёй цікавасці (Р. Сабаленка). 8. Тут і рэчка відаць лес і белыя хмаркі-гускі што плаваюць па бязмежнай прасторы сініх нябёс (Я. Колас). 9. Прыемна было хадзіць па новых мясцінах углядацца ў малюнкі што трапляюцца ў падарожжы і разважаць з самім сабою аб розных падзеях і праявах на свеце (Я. Колас). 10. Калі ж вечарам рабіна сок зары крамяны п’е жнівень песнямі дажынак заліваецца пяе (К. Кірэенка). 11. Я ўвайшоў у дом дзе жыў тварыў паэт дзе прагучаў яго калісьці верш (М. Танк). 12. Уначы калі спяць і палеткі і травы ціха сосны шумяць пра геройства і славу (А. Бачыла). 13. Вось і промень першы залаціцца каб твой сон юнацкісл абагрэць (П. Панчанка).

Выпішыце адзін дзеяслоў і ўтварыце ўсе магчымыя формы загаднага ладу.
Растлумачце правапіс часціц не і ні ў тэксце.
Якія фанетычныя асаблівасці адлюстраваны ў выдзеленым слове? Назавіце асноўныя фанетычныя адметнасці беларускай мовы.

Практыкаванне 248

Сфармулюйце заданні, скіраваныя на паўтарэнне лексікі, складу слова, словаўтварэння і марфалогіі. Выканайце іх.

Практыкаванне 249

Прачытайце твор. Паразважайце, чаму не кожны «спытае» і «знае» дарогу, якая вядзе да храма. Раскажыце пра асаблівасці пабудовы трыялета. Якія прыклады вершаў-трыялетаў іншых аўтараў можаце прывесці? Якімі крыніцамі для адказу на апошняе пытанне вы будзеце карыстацца?
Спішыце верш, расстаўце знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку.

Дарога
(трыялет)

Дарогу што к храму вядзе
Далёка не кожны спытае
Далёка не кожны і знае
Дарогу што к храму вядзе.
Вось праўда людская святая
Пакуль не адбыцца бядзе
Дарогу што к храму вядзе
Далёка не кожны спытае.
                                 У. Паўлаў.

Вызначце структуру сказаў, запішыце верш у выглядзе графічных схем.

 

Практыкаванне 250

Назавіце парушэнні пунктуацыйных норм у сказах. Запішыце сказы ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі.

1. Лета, калі яно цёплае не праходзіць, а пралятае. 2. Нашы продкі ўмелі працаваць, умелі і весяліцца, у святочны дзень. 3. Масленіца — свята заканчэння зімы, яно адзначалася ў канцы лютага, ці ў пачатку сакавіка. 4. Чэрвеньскае сонца, настоенае на водары скошанай травы нясцерпна пякло. 5. Поле прытаілася ў чаканні, а хмара набліжалася і цямнела і час ад часу блакітныя ніці маланкі пранізвалі яе (Т. Хадкевіч). 6. А сонца скрозь сеючы іскрыф на свеце, мне песню іскрыла нябесным святлом, а вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці даў волю і крылы лунаці арлом (Я. Купала). 7. Жыве тады лес пярэста-звонкім жыццём і ў тым жыцці зялёным сонечным чуваць гармонія шчасця, гармонія светлае радасці (М. Зарэцкі). 8. З гнёздаў мы даўно павыляталі ды не развучыліся глядзець, як па спелым полі, па атаве дождж грыбны на дыбачках ідзе (П. Панчанка). 9. На дварэ была зіма, ляжаў малады снег, ад яго на свеце было светла, і ціха, і гэтак жа нязвыкла ціха стала ў хаце (А. Кудравец). 10. На рабіне скачуць шустрыя сініцы, пад дажджом намоклі клёны і дубы, наліліся сокам спелыя брусніцы і каля дарогі выраслі грыбы (С. Грахоўскі). 11. Праз творчасць Уладзіміра Караткевіча, ёсць шанец расказаць свету пра Беларусь і беларусаў (К. Ладуцька). 12. Свет, даўно абжыты чалавекам, здаецца, простым, ды зразумелым, а на самай справе — складаны, загадкавы (В. Карамазаў).

Выпішыце дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе, графічна пакажыце іх утварэнне.

Практыкаванне 251

Прачытайце тэкст. Выпішыце радкі, якія перадаюць асноўную думку верша.

Песня вякоў

Як пачую матуліну песню,
Сэрца радасцю поўніцца зноў.сн
І пявучая мова ўваскрэсне,
І раскажа пра шчасце, любоў.сн
Так, як кветкі ўпрыгожылі луг,
Так і песнямі славіцца мова.
І ляцяць тыя словы, плывуць
Над маёю старонкай нанова.
З веку ў век наша песня жыве
І лунае ў родным прасторы,
Акрыляе душу і нясе
Нашу спадчыну — родную мову.
Хай красуе яна, хай звініцьф
І прыносіць душы асалоду.
Зберажом яе ўнукам сваім,
Гэта песня вякоў, твайго роду!
                                        Л. Вырко.

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў тэксце.
Якія беларускамоўныя песні вы любіце спяваць (слухаць)?