§ 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем

*Практыкаванне 234-3

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тып і стыль. Выпішыце сказы з адасобленымі членамі. Вызначце іх ролю ў тэксце.

Чуфа

Чулі пра такую культурную расліну — чуфу? Калі і чулі, дык зусім нямногія, а між тым яе нават ва ўмовах Беларусі вырошчваць можна. Чуфа, або земляны міндаль, — адна са старэйшых культурных раслін, якую яшчэ ў Старажытным Егіпце вырошчвалі. Радзіма яе — Паўночная Афрыка. Але шырокае распаўсюджанне чуфа атрымала толькі ў часы Арабскага халіфату, калі завезлі яе ажно ў Іспанію. Цяпер менавіта ў Іспаніі, асабліва ў Валенсіі, вырошчваюць яе ў камерцыйных маштабах. Што ж сабой уяўляе гэта культура? На першы погляд гэта звычайная трава, да асакі падобная. Не адразу і здагадаешся, што на яе каранях маюцца смачныя і карысныя клубеньчыкі, якіх у адной толькі расліны да чатырохсот нарастае. Невялікія, на смак чымсьці да нашых лясных арэхаў падобныя, клубеньчыкі гэтыя і ў сырым выглядзе выкарыстоўваюцца, але часцей за ўсё іх спачатку падсмажваюць. Таксама чуфу дадаюць у цукеркі, шакалад альбо халву для надання ім арэхавага смаку і міндальнага водару. З падсмажаных і здробненых арэшкаў рыхтуюць напой. Ён нагадвае какаву альбо нават каву, калі арэшкі перад гэтым вельмі моцна прапражыць. А яшчэ з клубеньчыкаў чуфы атрымліваюць надзвычай смачны і карысны алей, падобны да аліўкавага. Ён і ў ежу выкарыстоўваецца, і пры вытворчасці маргарыну вышэйшага гатунку, і нават для атрымання высакаякаснага мыла. Вырасціць чуфу на сваім прысядзібным альбо дачным участку можа кожны жадаючы. Нягледзячы на сваё паўднёвае паходжанне, яна нядрэнна расце нават у нашых кліматычных умовах. У субтропіках чуфа шматгадовая. А тут яе, як і бульбу, трэба вырошчваць з клубняў. А яшчэ лепш — расадай, калі клубеньчыкі спачатку прарошчваюць у больш цёплым месцы, а потым ужо высаджваюць на пастаяннае месца. І лепш не па адным, а па некалькі штук разам. Асаблівага догляду чуфа не патрабуе. Звычайная праполка, паліўка ў засушлівы час ды мінеральная падкормка. Апошнюю часта рабіць не трэба, бо тады трава зверху будзе занадта буяць, а клубеньчыкі ў зямлі — адставаць у развіцці. Збіраюць ураджай тады, калі лісце пажаўцее. І лепш гэта ў сухое надвор’е рабіць. Падкопваюць расліну, выцягваюць, карэньчыкі ад зямлі абтрасаюць. Потым з іх клубеньчыкі-арэшкі абіраюць. Але адразу не спажываюць. Падсушваюць спярша, ад пяску і бруду старанна ачышчаюць. А тады ўжо можна і прыемнага апетыту адзін аднаму жадаць! (Паводле Г. Аўласенкі).