§ 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем

*Практыкаванне 234-2

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Выпішыце сказы з аднароднымі членамі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

Маладзёжны праект

Да ўдзелу ў праекце «100 ідэй для Беларусі» запрашаюць маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія займаюцца рацыяналізатарствам, распрацоўкай навукова-тэхнічных і інавацыйных праектаў, што ўяўляюць практычную цікавасць для рэальнага сектара эканомікі. Для маладых навукоўцаў гэты ўзроставы парог складае 35 гадоў.
Прадставіць свае прапановы можна ў дзесяці намінацыях: «Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць», «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць», «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць», «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка», «Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія», «Бія- і нанаіндустрыя», «Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі», «Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў», «Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый», «Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера». У кожнай намінацыі вызначаюцца па два пераможцы ў дзвюх узроставых групах: навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі, працуючая моладзь, маладыя навукоўцы.
Заяўкі на ўдзел у праекце «100 ідэй для Беларусі» можна накіроўваць наўпрост у тэрытарыяльныя камітэты БРСМ альбо запоўніць форму на сайце 100іdeas.by. На раённых і занальных выстаўках вызначаюцца пераможцы другога этапу. На абласных (Мінскай гарадской) выстаўках-прэзентацыях вызначаюцца пераможцы трэцяга этапу. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць свой конкурсны адбор з арганізацыяй выстаўкі маладзёжных праектаў. Усе фіналісты «100 ідэй для Беларусі» могуць прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. З іх 10 праектаў-пераможцаў атрымліваюць грашовыя сродкі для распрацоўкі бізнес-планаў інавацыйных праектаў у мэтах іх далейшага ўдзелу ў конкурсе ў парадку і на ўмовах, вызначаных Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях. Па выніках двух апошніх гадоў 10 пераможцаў прымаюць удзел у міжнародным маладзёжным праекце «100 ідэй для СНД». Нагадаем, «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца БРСМ пры падтрымцы зацікаўленых у мэтах актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі (Паводле С. Расолькі).