§ 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем

Практыкаванне 245

Раскажыце, чаму беларус Ігнат Дамейка стаў нацыянальным героем Чылі. Акрэсліце ролю складаных сказаў у тэксце. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў ім.

Ігнат Дамейка (31.07.1802 — 23.01.1889) — адзін з самых знакамітых у свеце беларусаў, аўтар 130 навуковых работ, нацыянальны герой Чылі, сусветна прызнаны вучоны-мінеролаг, які шмат гадоў быў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта.
Ігнат Дамейка нарадзіўся ў Беларусі. Яго бацька і дзядзькі былі культурныя людзі, яны хацелі, каб хлопчык атрымаў добрую адукацыю. У 1816 годзе, калі Ігнату было толькі 14 гадоў, ён паступіў на факультэт фізічных і матэматычных навук Віленскага ўніверсітэта. Па заканчэнні малады чалавек абараніў дысертацыю і атрымаў ступень магістра.
З 1832 года малады вучоны жыве ў Парыжы, ён вучыцца ў Сарбонскім універсітэце, вывучае хімію і геалагічныя навукі ў Парыжскай горнай школе. Пасля заканчэння вучобы яго запрашаюць працаваць па спецыяльнасці ў Чылі, дзе ён у 1867—1883 гадах быў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта. Дамейка вывучаў вулканы, знайшоў вялікія запасы медзі і серабра, арганізаваў здабычу золата і салетры, пісаў навуковыя трактаты, якія публікавалі ў парыжскіх навуковых часопісах.
У Еўропе і Амерыцы маецца шмат помнікаў, мемарыяльных знакаў і шыльдаў, на якіх напісана імя вялікага беларуса. У яго гонар у Чылі быў выпушчаны медаль і ўзведзены помнік у Сант’яга.

Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары.
На аснове тэксту падбярыце матэрыял для арфаграфічнай дыктоўкі на тэму «Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах».
Выпішыце складаназлучаны, складаназалежны і бяззлучнікавы складаны сказы, пабудуйце іх схемы.
Падрыхтуйце паведамленне пра вядомых вучоных-беларусаў.