§ 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем

Практыкаванне 242

Прачытайце тэкст. Падбярыце да яго загаловак у адпаведнасці з тэмай.

Якое гэта дзіва — зорнае неба жнівеньскай ноччу! Зоркі ззяюць на ўсю спрадвечную моц. Пазіраеш угору і міжволі згадваеш філосафа Канта, які казаў, што яго найбольш здзіўляюць дзве рэчы: зорнае неба і чалавечая душа.
... вясковаму чалавеку няма калі ў жніўні любавацца зоркамі жніво забірае час і думкі. Гарадскі жыхар не можа ўбачыць усю веліч зорнага неба з-за высозных дамоў, бляску ліхтароў. Хіба што людзі на адпачынку могуць любавацца нябесным купалам.
... і я не заўсёды маю час любавацца зоркамі але ў той вечар у мяне быў асаблівы настрой пашанцавала змалаціць азімую пшаніцу і грэчку. Паспрыяла нябесная канцылярыя: выбліснуў сонечны дзянёк. Парадаваў і ўраджай: важкія буйныя каласы хіліліся долу. Аднак грэчка вырасла слабаватая, летась была лепшая, але год на год не прыходзіцца.
Ціхім вечарам я доўга ўзіраўся ў неба. Палярная зорка, нібы сярэбраны цвік, блішчэла на сваім месцы. Вялікі Воз ... , Малы Воз ... паварочваліся вакол Палярнай зоркі як і мільёны гадоў таму. Блішчаста-дымным ручніком апаясваў нябесны купал Млечны Шлях (Паводле Л. Левановіча).

Запішыце выдзеленыя сказы, устаўляючы прапушчаныя словы і расстаўляючы, дзе трэба, знакі прыпынку. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Д л я  д а в е д к і: прызнацца, праўда, Малая Мядзведзіца, гэта Вялікая Мядзведзіца.

Пракаменціруйце напісанне слоў з вялікай літары.
Растлумачце выраз нябесная канцылярыя.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра назву якога-небудзь сузор’я (якой-небудзь зоркі) або пра філосафа Канта.