§ 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем

Практыкаванне 241

Прачытайце верш, вызначце яго асноўную думку. Якія моўныя сродкі дапамагаюць яе выяўленню? Спішыце, расстаўляючы знакі прыпынку ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі, і патлумачце іх пастаноўку. Назавіце словы, ужытыя ў ненарматыўным варыянце. Парушэннем якіх норм яны з’яўляюцца? З якой мэтай аўтар іх выкарыстаў?

Дзень добры свята вабнасці самой
Калі ўсяго сямнаццаць за спіною!
На жаль сягоння гэты парк не мой
Як не маё і лета выпускное.

І можа быць нібы на дзівака
Ў мой бок глядзяць гарэзлівыя феі
І думаюць чаго я заблукаў
На маладой бярозавай алеі.

І ў свой нататнік чыркаю радкі
Акідваючы позіркам зайздросна
Ўвесь гэты парк святочна-гаманкі
Нібы свае прыгадваючы вёсны...

Ну што ж, пара ўжо мусібыць дамоў.
Што любавацца не сваёй вясною?!
На жаль сягоння гэты парк не мой
Як не маё і лета выпускное...

                                            М. Шабовіч.