§ 17. Маўленчыя зносіны і маўленчы этыкет. Нормы сучаснай беларускай мовы; памылкі, выкліканыя іх парушэннем

Практыкаванне 238

Прачытайце тэкст, падбярыце яму назву. Выпішыце па два сказы з аднароднымі і адасобленымі членамі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

Шэдэўры сусветнай мастацкай культуры, створаныя сотні і нават тысячы гадоў таму, шматразова падпадалі пад разбуральнае ўздзеянне прыродных сіл і чалавека. Напрыклад, з сямі старажытных цудаў свету да нашых дзён захаваўся толькі адзін — піраміда Хеопса. Многія тварэнні прайшлі выпрабаванне часам, аднак без належнай абароны яны таксама могуць знікнуць. Найважнейшую ролю ў захаванні культурнай спадчыны чалавецтва адыгрывае міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА (UNESCO — The United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization). У перакладзе з англійскай мовы абрэвіятура расшыфроўваецца як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.
Сёння членамі арганізацыі з’яўляюцца 195 дзяржаў, у іх ліку — Рэспубліка Беларусь. Больш за 70 гадоў ЮНЕСКА спрыяе плённаму супрацоўніцтву розных краін і народаў у галіне культуры, навукі і адукацыі, актыўна займаецца абаронай славутых помнікаў гісторыі і мастацтва.
У нашы дні ў Спісе сусветнай спадчыны налічваецца больш за тысячу аб’ектаў, аб’яўленых зонамі культуры. Канвенцыю аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны падпісалі ўсе краіны — удзельнікі ЮНЕСКА. Кожны з членаў міжнароднай арганізацыі абавязаны не толькі захоўваць, але пры неабходнасці і ўзнаўляць гэтыя ўнікальныя аб’екты. Беларусь далучылася да канвенцыі ў 1988 годзе. У нашай краіне знаходзяцца чатыры аб’екты са Спіса сусветнай спадчыны: тры культурныя (Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс, геадэзічная дуга Струвэ) і адзін прыродны — Нацыянальны парк «Белавежская пушча» (Паводле Д. Кашавара).

Знайдзіце словазлучэнні, што выяўляюць спецыфіку дапасавання і кіравання ў беларускай мове.
Выпішыце з тэксту складаназлучаны сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор.
Падрыхтуйце паведамленне (прэзентацыю) пра адзін з унікальных аб’ектаў Беларусі са Спіса сусветнай спадчыны.