§ 10. Правілы пабудовы сказаў з параўнальнымі зваротамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 139

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Якая пара года апісваецца ў тэксце? Падбярыце да тэксту загаловак у адпаведнасці з тэмай.

Яшчэ ўчора ўся зямля была ўслана лісцем рознакаляровым чароўным як сама восень. А сёння гэты пярэсты дыван быццам пасівеў: на ім ляжаў лебядзіным пухам снег які як ні дзіўна зусім не хацеў раставаць. І з-пад гэтага бялюткага чыстага снегу было бачна дзівоснае лісцвяное покрыва — восень нібы апранула паверх свайго звычайнага ўбору белы — убор нявесты. Вочы яе схаваліся пад танюсенькім вэлюмам туманоў якія лёгкай дымкаю на гарызонце злучалі неба з зямлёю (Паводле Д. Пятровіча).

Назавіце параўнанні. Чым яны выражаны?
Спішыце тэкст, расстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку.
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Раскрыйце значэнні слоў пярэсты, вэлюм.