§ 10. Правілы пабудовы сказаў з параўнальнымі зваротамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 135

Прачытайце верш. Да якога віду лірыкі ён адносіцца? Якія моўныя сродкі дапамагаюць перадаць пачуццё пяшчоты? Назавіце адасобленыя члены сказа і параўнальныя звароты, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры іх.

У электрычцы люднай, пры акне,
З дзяўчынай ехаў ён — і тым уразіў,
Што сон яе ў руках трымаў, як вазу,
Не бачыў ні суседзяў, ні мяне.
У вокны барабаніў дождж мацней,
Вагон рыпеў, падрыгваў час ад часу,
А хлопец не аслабіў рук ні разу,
Замёр і сам, як у чароўным сне.

На ўвесь састаў, відаць, вагон адзіны
Ускалыхнуў пяшчотныя ўспаміны.
Глядзелі мы на шчасце маладых,
Пра свой узрост забыўшы на хвілінку,—
І ціха, каб не патрывожыць іх,
Сыходзіў кожны на сваім прыпынку.

                                              М. Маляўка.