§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 107

Прачытайце тэкст. Зрабіце вывад пра значнасць падобных мерапрыемстваў дзеля папулярызацыі айчынных выданняў, нашай краіны як міжнароднай пляцоўкі для камунікацыі, знаёмства, сяброўства. З пяці сказаў (на выбар) выпішыце граматычныя асновы, ускладніце іх аднароднымі або адасобленымі членамі, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

У з о р: Кніга па-ранейшаму ў пашане. Граматычная аснова: кніга ў пашане. Кніга, нацыянальная, самабытная, шануецца прадстаўнікамі розных пакаленняў. Кнігі, прачытаныя ў маленстве і юнацтве, застаюцца ў памяці на многія гады. Свет змяняецца, аднак «жывая» кніга, выдадзеная друкарскім спосабам, і сёння ў пашане. У маёй бібліятэцы і сёння ёсць месца для набытых у кнігарні выданняў.

Гэты дзівосны кніжны свет

Кніга па-ранейшаму ў пашане. Ёй не пагражае знікненне, што прадказваюць папяровым варыянтам газет. Яна запатрабавана самымі рознымі людзьмі: ад шаноўных па ўзросце да пакалення юных чытачоў. Гэты аптымістычны вывад пацвердзіла Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая ўжо больш за чвэрць стагоддзя традыцыйна праходзіць у беларускай сталіцы ў першыя дні лютага.
2021-ы — год 30-годдзя стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэта акалічнасць паслужыла ініцыятывай абвясціць цэнтральным экспанентам* XXVIII кніжнай выстаўкі менавіта СНД. Галоўны экспанент прадвызначыў дэвіз мерапрыемства: «Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны». Цэнтральную экспазіцыю* сімвалічна аформілі ў стылі адзінага агульнага дома, які, натуральна, складаецца з пакояў. Гасцёўня, напрыклад, знаёміла з выданнямі, якія сталі ўладальнікамі Гран-пры Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі».
Адзін з пакояў цэнтральнай экспазіцыі выстаўкі — гэта кабінет пісьменніка. Арганізатары прадставілі лепшыя кнігі ўсіх 11 краін СНД па гісторыі, культуры, мастацтве. Тут жа праходзілі цікавыя сустрэчы пісьменнікаў з наведвальнікамі выстаўкі.
Госці выстаўкі мелі выдатную магчымасць сустрэцца з аўтарамі, даведацца пра творчы працэс стварэння кніг. На гэтай жа пляцоўцы прайшоў адбор праектаў для прыярытэтнага выдання дзяржаўнымі выдавецтвамі работ, якія перамаглі ў літаратурным стартапе LitUp, старт якога быў абвешчаны ў студзені. LitUp прапаноўваў паспрабаваць свае літаратурныя магчымасці, запаліць сваю творчую зорку падчас выстаўкі.
Штогод Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш збірае дзясяткі краін. Арганізатары змаглі правесці шматлікія мерапрыемствы з дапамогай анлайн-фарматаў. Трансляцыя дыскусійных пляцовак вялася на YouTube-канале, дзе можна было адрасаваць пытанні непасрэдна ўдзельнікам мерапрыемстваў.
На цэнтральнай сцэне выстаўкі па традыцыі прайшлі прэзентацыі найбольш значных кніжных праектаў, узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», а таксама пераможцаў Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет».
Можна сцвярджаць, што на Мінскай міжнароднай выстаўцы кожны знайшоў «сваю» кнігу — па ўзросце і інтарэсах (Паводле А. Піменава).

Якую «сваю» кнігу вы хацелі б знайсці на гэтай кніжнай выстаўцы? Якія мерапрыемствы выстаўкі вам захацелася наведаць? Ці згодны вы з выказваннем: «Скажы, якія кнігі стаяць на тваёй паліцы, — і я раскажу, які ты»? Якім кнігам — папяровым або электронным — вы аддаяце перавагу? Чаму? Як часта вы заходзіце ў кнігарню? З якой мэтай?
Растлумачце правапіс выдзеленых слоў.
Падрыхтуйце эсэ на тэму «Кніга ў маім жыцці».