Печатать книгуПечатать книгу

§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: § 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 20 Декабрь 2024, 23:09

Адасабленне

Адасабленне — сэнсавае выдзяленне даданых членаў сказа, якое ў вусным маўленні перадаецца інтанацыяй (павышэннем або паніжэннем голасу і паўзамі), а на пісьме — знакамі прыпынку (коскамі або працяжнікамі).

Практыкаванне 76

Сярод прапанаваных азначэнняў выберыце азначэнне адасобленых членаў сказа.

Адасобленыя члены сказа — гэта:
а) члены сказа, якія выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю, адносяцца да аднаго і таго ж слова, характарызуюцца інтанацыяй пералічэння;
б) члены сказа, якія ўтвараюць яго граматычную аснову;
в) члены сказа, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца з мэтай падкрэсліць іх значэнне ў маўленні;
г) словы, словазлучэнні і сказы, якія не з’яўляюцца членамі сказа, граматычна не звязаны з імі, а ўключаюцца ў сказ з мэтай паказаць адносіны таго, хто гаворыць, да вы ́казанай думкі;
д) словы, словазлучэнні і сказы, якія ўключаюцца ў структуру сказа з мэтай падаць дадатковыя звесткі, тлумачэнні, заўвагі, пры гэтым вызначаюцца сэнсавай адасобленасцю ад зместу асноўнага сказа.

З якімі тэрмінамі суадносяцца астатнія прапанаваныя азначэнні? Прывядзіце адпаведныя прыклады сказаў.

Практыкаванне 77

Прачытайце. Запішыце пытанні да тэксту, адказы на якія тлумачылі б сутнасць адасаблення і правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры дапасаваных азначэннях.

Стылістычныя функцыі сказаў з адасобленымі членамі акрэсліваюцца іх прызначэннем — канкрэтызаваць, удакладняць, інтанацыйна і сэнсава вылучаць асобныя кампаненты выказвання.
З дапамогай адасаблення падкрэсліваюцца істотныя для разумення тэксту дэталі, напрыклад: Нават самыя грубыя, недалікатныя людзі — на некалькі хвілін — становяцца паэтамі, рамантыкамі. Зразумела, што нявыхаванасць і рамантыка — рэчы несумяшчальныя, аднак роля паэтычнага, узвышанага слова настолькі значымая, што нават грубы чалавек у пэўныя моманты свайго жыцця адчувае сілу, прыгажосць лірычных радкоў. Нязвыкласць сітуацыі падкрэсліваецца праз адасобленую канструкцыю на некалькі хвілін. Без адасаблення — інтанацыйнага, сэнсавага — сказ мае сцвярджальны, адназначны характар: Нават самыя грубыя, недалікатныя людзі на некалькі хвілін становяцца паэтамі, рамантыкамі.
Адасабленне трэба разглядаць як спецыфічны сродак сінтаксічнай сувязі слоў у сказе, пры дапамозе якога выдзяляецца сэнсавая функцыя спалучэння слоў (асобнага слова) у кантэксце. Частотна адасабляюцца дапасаваныя/недапасаваныя азначэнні і акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўным зваротам. У сказах з адасобленым азначэннем з дапамогай інтанацыі, парадку слоў пэўная прымета лагічна і эмацыянальна выдзяляецца, акцэнтуецца: Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны (У. Караткевіч). Адасобленыя прыдаткі падкрэсліваюць прымету, вылучаюць яе на першы план: Ефрасіння Полацкая — будучая святая — нарадзілася ў сям’і малодшага сына Усяслава Чарадзея (Паводле А. Багамолавай).

Знакі прыпынку пры адасобленых азначэннях

К о с к а м і  в ы д з я л я ю ц ц а дапасаваныя азначэнні, калі яны:
• выражаны дзеепрыметнікавымі або прыметнікавымі зваротамі і стаяць пасля назоўніка, які паясняюць: Над спаленай вёскай, адзетай жалобным гранітам, званы абзываюцца рэхам вайны незабытым (А. Куляшоў); Мне шчасце — жыць і піць жыцця напой, настоены на шчырасці сардэчнай (В. Максімовіч); Веснавая цёплая ноч толькі што апранула зямлю і раскідала свае таемныя чары, поўныя крыху смутнага хараства (Я. Колас);
• выражаны адзіночнымі прыметнікамі або дзеепрыметнікамі, стаяць непасрэдна пасля назоўніка, які паясняюць, і маюць асаблівую сэнсавую нагрузку: А ў жытнёвае лета вісіць над зямлёю яблык, пераспелы і светлы, як даўняя журба... (М. Стральцоў);
• выражаны адзіночнымі прыметнікамі і дзеепрыметнікамі або прыметнікавымі і дзеепрыметнікавымі зваротамі, стаяць перад назоўнікам, які паясняюць, і маюць дадатковае акалічнаснае адценне прычыны або ўступкі: Сівабароды, дзед нагадваў гусляра з паэмы Я. Купалы «Курган»; Узрадаваны апошнімі промнямі чырванаватага сонца, дуб спакойна сустрэў зорную веснавую ноч (А. Пальчэўскі);
• выражаны прыметнікамі і дзеепрыметнікамі з паясняльнымі словамі і без іх, адносяцца да назоўніка (пераважна да дзейніка) і стаяць перад ім, радзей — пасля яго, але аддзелены ад гэтага назоўніка дзеясловам-выказнікам або іншымі членамі сказа: Ад заняткаў вольныя, лета дні цяклі (А. Куляшоў); Чатыры вярбы раслі на аселіцы, вялікія, што толькі ўдваіх, узяўшыся за рукі, і абхваціш (А. Жук); Італьянскія аркады* белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі (У. Караткевіч);
• выражаны прыметнікамі і дзеепрыметнікамі або прыметнікавымі і дзеепрыметнікавымі зваротамі і адносяцца да асабовых займеннікаў (незалежна ад пазіцыі азначэнняў): Ты ў лёс зайшоў мой на палескай станцыі, бунтоўны і трывожна-малады (В. Аколава); Чаго, неспакойнае, ты захацела, чаго, непакорнае, ты затрымцела, сэрца маё? (П. Панчанка); Павесялелы ад слоў маці, ён ляцеў як на крылах.
Заўвага. Калі адасобленыя дапасаваныя азначэнні, з’яўляючыся па сэнсе неаднароднымі, стаяць пасля слова, якое паясняюць, то яны набываюць значэнне аднароднасці і  р а з д з я л я ю ц ц а коскамі, як аднародныя члены сказа: На небе ляжалі пашматаныя воблакі, нізкія, высокія, перыстыя і дажджавыя (І. Шамякін).
Н е  в ы д з я л я ю ц ц а  к о с к а м і дапасаваныя азначэнні, калі яны выражаны адзіночнымі прыметнікамі або дзеепрыметнікамі і стаяць пасля назоўніка, які паясняюць, утвараючы з ім адно сэнсавае цэлае: Чым больш жыву, тым больш карціць спазнаць мне шчасце таямнічае... (В. Максімовіч); З крыніцы выбягаюць ручайкі, іх кліча свет заманлівы і звонкі... (П. Макаль); З сумам гляджу я на сад апусцелы.

Практыкаванне 78

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з адасобленымі членамі, улічваючы ўмовы адасаблення: інтанацыю, парадак слоў у сказе (адасобленыя члены стаяць перад словам, якое паясняюць, або пасля яго), марфалагічнае выражэнне паяснёнага слова (займеннік, агульны або ўласны назоўнік).
Вусна перабудуйце сказы так, каб адасобленыя члены сталі неадасобленымі. Растлумачце інтанацыйную і сэнсавую розніцу паміж варыянтамі сказаў.

1. Па расе, ад сонца яркай, мы вяртаемся дамоў (П. Панчанка). 2. Успыхнуў жаваранак над праспектам, затрымцеў, утрапёны і горды (Г. Бураўкін). 3. Спяваюць жаваранкі. Нябачныя, яны трымцяць у засмужанымсл злёгку блакіце (Я. Брыль). 4. Твар восені, пабляклы, невясёлы, вачам маім адкрыўся пакрысе* (Г. Каржанеўская). 5. Бліскавіцай асляпіўшы ўсіх, россыпны, зялёны, хлынуў лівень (Д. Кавалёў). 6. Выйдзеш за вёску — жытнёвыя далі коцяцца, цёплыя, плыняць наўсцяж (К. Кірэенка).

Да выдзеленых слоў падбярыце сінанімічныя рады.
Выпішыце дзеясловы, ужытыя ў форме 2-й асобы адзіночнага і 3-й асобы множнага ліку. Растлумачце правапіс іх канчаткаў.

Практыкаванне 79

Спішыце сказы, выбраныя з вершаў У. Караткевіча, расстаўце знакі прыпынку, растлумачце іх неабходнасць/адсутнасць. Акрэсліце ўдакладняльны, паясняльны характар адасобленых членаў сказа ў кантэксце.

1. Шчасце былое ўяўляю дзяўчынкаю па вясне. Загарэлая кемная* злая дражніла яна мяне. 2. Явар сумны і адзінокі пахіліў задумёны стан. 3. Глянь на зямлю залатую пяшчотную сумную чыстую нехта па ёй вандруе ў паветра ўзнімаючы лісце. 4. Шчасце гуляла ў садзе апранутае ў паркаль сабе і птушкам на радасць а мне на смутак і жаль. 5. Кветка ў нетрах лясных распускалася залатая агністая сіняя. 6. І знік той дзень загублены ў цішы. 7. Былі ў яе нябачаныя вочы падобныя на просінь у нябёс і сарамлівасць мілая дзявочая і светлая была як светлы лёс. 8. Мудры моцны і працавіты цвёрда ведае родны народ — сонца светлым устане над жытам як прывыклі за многа год. 9. У вачах тваіх шэрых мілых больш было да мяне цеплыні.

Якія вершы У. Караткевіча вы ведаеце і любіце? Паразважайце, ці можна па некалькіх радках пазнаць паэта.
Растлумачце сэнс назвы зборніка паэта.

Практыкаванне 80

Раскажыце правілы адасаблення азначэнняў. Дапоўніце табліцу.

Умовы адасаблення Чым выражаны азначэнні Прыклады

Заўсёды адасабляюцца:
калі стаяць пасля слова, якое паясняюць;
аддзелены ад слова, якое паясняюць, іншымі словамі;
маюць значэнне прычыны, умовы, уступкі

Практыкаванне 81

Прачытайце разважанні айчыннага мовазнаўца Міхася Яўневіча. Карыстаючыся прыведзеным каментарыем як узорам, назавіце ўмовы адасаблення/неадасаблення (пры адпаведных зменах) у наступных сказах. Якія ўмовы — граматычныя або сэнсавыя — з’яўляюцца, на вашу думку, вырашальнымі пры адасабленні членаў сказа?

Пры разглядзе сказаў з адасобленымі членамі часта на першы план ставяцца граматычныя ўмовы адасаблення. Фактычна жм асноўнай умовай адасаблення з’яўляецца дадатковая сэнсавая нагрузка, якую выконвае той ці іншы даданы член сказа. Таму пры аднолькавых граматычных умовах тое самае спалучэнне слоў можа адасабляцца і не адасабляцца ў залежнасці ад яго сэнсавай нагрузкі. Так, у сказе Адагрэтая за вясну зямля набрала сіл (Я. Колас) спалучэнне адагрэтая за вясну выступае толькі ў сваім асноўным значэнні і таму не адасабляецца. Калі ж мы інтанацыйна выдзелім гэтыя словы, то ўзмоцніцца іх сувязь з выказнікам набрала сіл, гэта спалучэнне набудзе адценне прычыннага значэння і, вядома, адасобіцца: Адагрэтая за вясну, зямля набрала сіл.

1. Месяц, яркі і круглы, абліў наваколле халодным святлом (З. Бядуля). 2. На палях нерухома ляжала восень, шэрая, аднастайная (І. Шамякін). 3. Услед за крыгамі плыве ў Волзе вымытаем сонца (С. Грахоўскі). 4. Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша (Я. Колас). 5. Васіль углядаўся ў вышытае зорамі неба (І. Мележ).

Практыкаванне 82

Прачытайце сказы. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры недапасаваных азначэннях.

1. Да Аляксандра падышла прыгожая дзяўчына, з блакітнымі вачамі, з доўгай русай касой, і запыталася пра білеты. 2. З кветкамі і шарыкамі, у святочным адзенні, мы ішлі на апошнюю ў сваім жыцці школьную лінейку. 3. На каток, дзе збіраліся аднакласнікі, завітаў і Косця, без лішніх рэчаў, з канькамі і клюшкай. 4. Вунь які штабель дроў пад хлявом — на ўсю шырыню сцяны ад зямлі да самага даху (І. Капыловіч). 5. Усіх нас непакоіла адна думка — выстаяць (М. Лынькоў).

Практыкаванне 83

Прачытайце. Спішыце сказы, афармляючы іх паводле пунктуацыйных норм і раскрываючы дужкі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

1. Яловы лес і яліны раслі і ра(с/з)кашавалі вакол нашай вёскі. Ахута(н/нн)ыя лапнікам яны як усё роўна былі зашнурава(н/нн)ы і зашпіле(н/нн)ы на ўсе гузікі і хавалі за пазухай нейкую таямніцу (В. Макарэвіч). 2. Алёна асветле(н/нн)ая вечаровым сонцам сядзіць з яблыкам у руках пад яблыняй (У. Сцяпан). 3. Над ім ра(с/з)пасціралася блакітнае бя(с/з)до(н/нн)ае неба светлае і чыстае без адзінай хмаркі (Г. Пярун). 4. Дзядзькаф Мікола худы жылісты насаты з кучомкай пасівелых валасоў хітравата з прыжмурам утаропіўся ў таўсматага брыгадзіра (А. Камароўскі). 5. Падора(н/нн)ыя нябёсамі жнівен(ь/?)скія дзянькі тояць у сабе шмат асалоды (Н. Навіцкая). 6. Голас маці лагодны і клапатлівы даляцеў аднекуль здалёк (І. Клімянкоў). 7. Яна ўвайшла порстка паружавелая свежая (Я. Скрыган). 8. Мала хто з іх тады маладых вясёлых застаўся жыць у гэтым доме (Г. Васілеўская). 9. Валасы яе колеру саломы былі мокрыя (Ю. Станкевіч).

Практыкаванне 84

Прачытайце сказы, звярніце ўвагу на выдзеленыя словы. Якім пунктуацыйным нормам адпавядае афармленне сказаў?

1. Рамантык закаханы і паэт, я кветкі акрыляў, падняўшы ўгору, дарыў табе, здаецца, толькі ўчора (М. Маляўка). 2. І мядзведзь, даўні ўладар пушчаў, таксама прабівае сабе сцежку, прыходзячы з далёкіх нязведаных сховаў (П. Пестрак). 3. Флексія, або канчатак, утварае пэўную граматычную форму слова і служыць для граматычнай сувязі паміж словамі ў словазлучэнні і сказе. 4. Да бярозавага балота Рэйдзіху павёў суседскі хлопчык, дзесяцігадовы Аўласаў Міцька (І. Чыгрынаў). 5. Над Бароўкай, двароў на сорак вёскай, якая падступалася паўкругам да возера (па адзін бок яго стаялі хаты, а па другі — лес), неўзаметку асядаў вечар (І. Чыгрынаў). 6. Якраз была адлётная паравыпрабаванне на любоў і вернасць (Л. Галубовіч). 7. На Белай Русізямлі маіх продкаў — непадалёку ад гарадка Мір на захадзе серабрыцца Уша, трохі далей — Сервеч (А. Наўроцкі).

Сфармулюйце правілы адасаблення прыдаткаў на пісьме.

Знакі прыпынку пры адасобленых прыдатках

Адасобленыя прыдаткі ў вусным маўленні выдзяляюцца паўзамі, на пісьме — коскамі.
З а ў с ё д ы  а д а с а б л я ю ц ц а:
• развітыя і адзіночныя прыдаткі, якія адносяцца да асабовага займенніка (незалежна ад месца ў сказе): Удачлівы паляўнічы, ён часта прыносіў з лесу то зайца, то лісу (А. Федарэнка); Яна, вядомая ў горадзе жанчына, дапамагала адбудоўваць бальніцу;
• развітыя і адзіночныя прыдаткі, якія адносяцца да агульнага ці ўласнага назоўніка і стаяць пасля яго: Валянцін Міхайлавіч, мужчына гадоў сарака, збавіў хуткасць, уважліва паглядзеў на Паўла (А. Дзялендзік); Зубр, волат Белавежскай пушчы, узгадваецца ў многіх паэтычных творах.
Заўвага 1. Перад назоўнікам (агульным ці ўласным) прыдатак а д а с а б л я е ц ц а, калі ён мае дадатковае акалічнаснае значэнне ўступкі ці прычыны: Майстар на ўсе рукі, Святаслаў Іванавіч быў сціплым чалавекам.
А д а с а б л я е ц ц а прыдатак, калі ён звязаны з назоўнікам, які паясняе, словамі па мянушцы, па клічцы, па прозвішчы: Сабака, па клічцы Гор, хутка ўзяў след.
А д а с а б л я ю ц ц а прыдаткі са злучнікам як, калі яны маюць дадатковае прычыннае значэнне: Як выдатнаму спецыялісту, Сяргею Пятровічу заўсёды даручалі складаныя справы.
Заўвага 2. Калі злучнік як мае значэнне ‘ў якасці’, то прыдатак к о с к а м і  н е  в ы д з я л я е ц ц а: Гліна здаўна выкарыстоўваецца як будаўнічы матэрыял.
Адасабляюцца прыдаткі са злучнікамі ці, або, калі яны маюць удакладняльнае значэнне: У беларускіх лясах гнездзіцца жаўна, або чорны дзяцел (В. Вольскі).
Адасобленыя прыдаткі м о г у ц ь  в ы д з я л я ц ц а  п р а ц я ж н і к а м і, калі ім надаецца асаблівае значэнне і пры вымаўленні яны аддзяляюцца ад слова, якое паясняюць, больш доўгай паўзай: Вось яна — дзявочая пекната (І. Шамякін).

Практыкаванне 85

Прачытайце. Спішыце сказы, афармляючы іх у адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку і напісанне ўстаўленых літар.

1. Ал..ксей Савіч з зачараван..ем слухаў в..дучую маладую дзяўчыну зага..чыцу клуба (У. Гаўрыловіч). 2. Ажылос маё св..тое гаючае дрэва ліпа (У. Ліпскі). 3. Прыйшлі суседзі баба Мар’я з сынам Віктарам і н..весткай Кацярынай (Н. Касцючэнка). 4. Спраўны му..чына майстар на ўсе рукі ён часта дапамагаў знаёмым у розных справах (А. Козел). 5. Алёна глянула на музыкантаў двух маладых гара..кіх хлопцаў (В. Саковіч). 6. Пакуль Іван Данілавіч паіў каня, на двор хуткаю хадою ўвайшла Кацярына чарнявая жанчына з прывабнымі рысамі твару ў жоўтай майцы з кароткімі рукавамі светлай доўгай спадніцы і з хусткай у руках (Д. Пятровіч). 7. Вайна часта кранала іх в..сковых хлапчукоў і дзяўчынак сваім крылом (Л. Валасюк).

Практыкаванне 86

Прачытайце тэкст, пашыраючы сказы словамі з дужак. Запішыце ўтвораныя сказы, пракаменціруйце іх пунктуацыйнае афармленне. Вызначце ролю адасобленых членаў сказа ў тэксце.

На грыбы трэба цёплае, нават гарачае, але з частымі дажджамі лета. Тады яшчэ ў чэрвені — ліпені, у ягадную пару, шаўковымі прожылкамі белай цвілі ўкрываюцца чорныя лапікі лясной зямлі. Цвіль-грыбніца паказваецца і на сцежкахф, і па езджанай дарозе (першая адмеціна грыбнога лета).
Урачыстасць, сапраўдную вагу грыбному сезону надае баравік, але і да яго, і пасля яго растуць у лесе грыбы.сн
Прадвеснікам баравіка з’яўляецца чырвонагаловы падасінавік (грыб змешанага лесу). Ён сапраўды любіць, каб паблізу лапатала асіна, а калі няма яе, дык хоць бяроза ці якая-небудзь вярба.
Баравік, падасінавіксл ды яшчэ рыжык часцей трапляюць у кошык спрактыкаваных грыбнікоў. Іншых грыбоў можа набраць кожны, хто заявіцца ў лес, няхай сабе нават першы раз.
У кожнайм мясцовасці ёсць свае забабоны наконт таго, які грыб прыгодны, а які — не. У нас не бяруць ваўнянак, таўстух, сінюх (грыбоў вельмі смачных і карысных). Не бяруць і пахучага грыба-караняплода труфеля, які вырастае, не бачачы святла, у лясных шэразёмах...
У сухое лета першы баравік пракідаецца ў бярэзніках з травяным долам, на мясцінах ніжэйшых, макрэйшых. Калі лета, наадварот, мокрае, баравіка шукай па сасняках, па пясчаныхф узгорках (Паводле І. Навуменкі).

Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.

Практыкаванне 87

Прачытайце тэкст, вызначце яго асноўную думку. Як возера Свіцязь паўплывала на творчасць Я. Чачота і А. Міцкевіча?
Спішыце, раскрываючы дужкі. Пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку і патлумачце іх.

(Не)надта вялікае і (не)надта глыбокае яно [возера Свіцязь] даўно быццам (не)адольны магніт прыцягвае да сябе падарожнікаў з усяго свету.сн Дзвесце гадоў таму на берагах Свіцязі часта бывалі два школьныя сябры Ян Чачот і Адам Міцкевіч. Абодва — нашы землякі выдатныя польскія паэты. Да таго(ж) Ян Чачот руплівы збіральнік беларускага фальклору сам пісаў (па)беларуску вершы. Зачараваныя хараством Свіцязі і пачутымі на яго берагах народнымі легендамі аб прыгажунях(свіцязянках) паэты стварылі (не)калькі балад сапраўдных шэдэўраў (Паводле У. Ягоўдзіка).

Практыкаванне 88

Разгледзьце схему.

Спішыце сказы, расстаўляючы, дзе трэба, коскі. Растлумачце адасабленне або неадасабленне акалічнасцей з апорай на схему.

1. Курлыкаючы раздумна ўзмахваючы крыламі ў далёкую дарогу плывуць журавы (Я. Скрыган). 2. Звішнюк стаяў апёршыся на вароты і задумаўшыся глядзеў на вуліцу (І. Пташнікаў). 3. Свайго не меўшы ляжаш спаць не еўшы (Прыказка). 4. Сядзяць грыбы, як капыты, адасабляецца і разгарнуўшы парасоны глядзяць, бы нейкія персоны (Я. Колас). 5. Нягледзячы на камяністую глебу ногі падарожнікаў мякка ступалі па імху, які пакрываў не толькі горную пароду, але і ўсе вялікія дрэвы навокал (Я. Маўр). 6. Вучань адказваў ціха і не пазіраючы на аднакласнікаў. 7. Залатой мякінай лістападу адшумяць сумуючы гаі (Т. Кляшторны).

Зрабіце фанетычны запіс выдзеленых адзінак.

Знакі прыпынку пры адасобленых акалічнасцях

К о с к а й  в ы д з я л я ю ц ц а акалічнасці, калі яны выражаны адзіночнымі дзеепрыслоўямі і дзеепрыслоўнымі зваротамі (незалежна ад іх месца ў сказе): Выканаўшы заданне, я вярнуўся ў ліцэй (А. Карпюк); Кожны раз, адзначаючы Дзень Перамогі, мы ўшаноўваем памяць загінуўшых, кладзём да іх магіл і абеліскаў жывыя кветкі. Гэта наш святы абавязак памяці (А. Бачыла).
Заўвага 1. Н е  в ы д з я л я ю ц ц а  к о с к а м і акалічнасці, выражаныя:
• дзеепрыслоўнымі зваротамі, якія з’яўляюцца ўстойлівымі выразамі: Аповед сяброўкі пра вандроўку ў далёкія краіны мы слухалі развесіўшы вушы;
• адзіночнымі дзеепрыслоўямі, калі яны стаяць пасля дзеяслова-выказніка, сваім значэннем набліжаючыся да прыслоўя спосабу дзеяння: Старшыня чытаў стоячы (А. Жук); Дадому Алесь ішоў не спяшаючыся.
Заўвага 2. К о с к а  н е  с т а в і ц ц а перад злучнікам і, які звязвае дзве акалічнасці, выражаныя адзіночнымі дзеепрыслоўямі, дзеепрыслоўнымі зваротамі або прыслоўем з дзеепрыслоўем. Пры бяззлучнікавай сувязі паміж такімі акалічнасцямі к о с к а    с т а в і ц ц а: Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс (Я. Колас). Параўн.: Пагаварыўшы з вучнямі, крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс.
Акалічнасць, выражаная адзіночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, пры якім стаяць часціцы толькі, нават, разам з імі а д д з я л я е ц ц а  к о с к а й: Што хлеб — гэта хлеб, па-сапраўднаму можна даведацца, толькі адчуўшы голад (Я. Брыль); Нават проста наведаўшы Нацыянальную бібліятэку Беларусі, разумееш веліч чалавечага духу.
Калі адасобленая акалічнасць, выражаная адзіночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, звязана з астатняй часткай сказа злучнікамі нібы, як бы, быццам і іншымі, то к о с к а  с т а в і ц ц а перад адпаведным злучнікам: Часам нейкіх карасікаў і падчэпліваў, але найбольш мой паплавок весела гайдаўся, нібы пасміхаючыся з майго рыбалоўства (В. Шніп); Лес пад пухкімі камякамі снегу хутка станавіўся серабрыста-белым, быццам ператвараючыся ў зачараванае царства.
В ы д з я л я ю ц ц а  к о с к а м і акалічнасці, выражаныя назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі нягледзячы на, насуперак, у адпаведнасці, са згоды і іншымі са значэннем прычыны, умовы, уступкі, спосабу дзеяння: Нягледзячы на неадкладныя справы, пісьменнік змог даць інтэрв’ю любімай газеце. Насуперак усім прагнозам, наша каманда ўдала выступіла на чарговых спаборніцтвах. На сходзе, са згоды ўсіх прысутных, было прынята рашэнне аб аказанні матэрыяльнай дапамогі некаторым членам калектыву.

Практыкаванне 89

Прачытайце тэкст. Дайце яму назву. Якія фарбы вы скарысталі б, каб малявалі ілюстрацыю да тэксту? Назавіце сказы з адасобленымі членамі, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры адасобленых членах.

Першая яшчэ з сярэдзіны лета скідала ліст бяроза. Тое, што яна тут, паблізум, можна было заўважыць, нават не ўзнімаючы галавы, па залатой замеці лісця паміж верасу і травы. Па такой прыкмеце пазнаваўся і дуб, толькі па леташнім лісці, яно, нягледзячы на дажджы, слоту, доўга ляжала. Асіна, апрануўшыся ў вогненныя барвы, пад восень рабілася прыгажэйшай ад усіх дрэў.
Гаспадары восеньскага лесу — дзяцел і наіўна-вясёлыя, бесклапотныя сініцы. Астатняе шэрае птаства, збіраючыся ў вырай, змаўкае. У ядлоўцавых зарасніках можна падняць соннага днём цецерука, і ён гучна залапоча крыллем, віруючы між соснаў, ніколі не падымаючыся над купамі дрэў.
Цікаўная вавёрка, не баючыся грыбнікоў, спусціцца на ніжні сук, падзівіцца вокам-шрацінкай і шугане рыжай маланкай між зялёнай навісі. Збіраючы грыбы, я некалькі разоў бачыў вогненна-чырвоныхсл ліс, яны заўсёды перабягалі дарогу... (Паводле І. Навуменкі).

Практыкаванне 90

Прачытайце сказы. Спішыце, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Расстаўце знакі прыпынку паводле пунктуацыйных норм і растлумачце іх пастаноўку.

1. Адвеку ты жывеш па праўдзе (н..)наракаючы на долю (А. Зэкаў). 2. Стома заклапочанасць (н..)гледзячы н.. на што (н..)сцерліся з яго твару (У. Шыцік). 3. Дажджавое покрыва ахінула ўвесь небасхіл (н..)пакінуўшы (н..)воднага светлага краёчка (Г. Пярун). 4. Гледзячы (н..)куды перад сабой высока трымаючы галаву Кацярына журботна пела на роднай мове (Н. Касцючэнка). 5. Камандзір нашага ўзвода быў (н..)стомны і (н..)гледзячы на свой (н..)вялікі рост бегаў як заведзены (Э. Луканскі). 6. Яна [Галіна Пятроўна] заўсёды вельмі хвалявалася чакаючы першага верасня (У. Гаўрыловіч). 7. Абдымаюць Радзіму буслы прад расстаннем ахінуўшыся наміткай смутку-тугі (Г. Бабарыка). 8. (Н..)гледзячы на страшэнную стому я гарэў (н..)цярпеннем высветліць што здарылася (Э. Луканскі).

Практыкаванне 91

Спішыце сказы, расстаўляючы знакі прыпынку. Пракаменціруйце іх пастаноўку.

1. На супрацьлеглым баку гайдаліся пабліскваючы срэбрам лісця густыя і разлапістыя кусты вербалозусл (У. Гніламедаў). 2. Падняўшыся на свой паверх і паставіўшы сумку на падлогу Дзяніс апусціўся ў крэсла і разам з тым нецярпліва пачаў разрываць канверт (Д. Пятровіч). 3. Маладзіца збіраючы ягады спявала напаўголаса (П. Пестрак). 4. Расчасаўшы густыя валасы і сплёўшы іх у доўгую касу дзяўчына адкінула яе за плечы (Я. Сіпакоў). 5. Вольга Міхайлаўна ціха пастукала ў дзверым і крыху счакаўшы паволі штурханула іх (Т. Пяшко). 6. Пастаяўшы крыху Клара Іванаўна схамянулася і ўздыхнуўшы села за стол (А. Федарэнка). 7. Нельга чытаць лежачы. 8. Хлопец працаваў спусціўшы рукавы. 9. Таццяна нібы наважваючыся пазнаць мужчыну яшчэ здалёк пільна ўглядалася ў яго твар. Нават убачыўшы мужчыну зблізку дзяўчына не змагла яго прызнаць.

Практыкаванне 92

Спішыце прыказкі, раскрываючы дужкі і расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку. Растлумачце сэнс прыказак.

1. Лета прагуляўшы восенню (н..)збярэш. 2. (Н..)шануючы малога (н..)будзеш мець і вялікага. 3. Растуць дзеткі на лес гледзячы. 4. (Н..)запрогшы (н..)паедзеш. 5. (Н..)пастаяўшы ў парозе (н..)сунься на кут. 6. Сядзець склаўшы рукі ды разявіўшы рот — толькі можна мух налавіць. 7. (Н..)помніць карова зімы дачакаўшы лета. 8. Даганяючы (н..)нацалуешся. 9. Пазычаючы грошай (н..)разбагацееш.

Практыкаванне 93

Прачытайце верш Уладзіміра Караткевіча «Эмігранты». Сфармулюйце і запішыце асноўную думку твора. Ці пагаджаецеся вы з наступнай думкай славутага філолага Д. Ліхачова: «Вершы наогул нельга прачытаць з першага разу. Спачатку трэба адчуць, зразумець музыку верша, потым ужо чытаць з гэтай музыкай — самому сабе або ўслых».
Спішыце тэкст, расстаўляючы знакі прыпынку. Растлумачце іх пастаноўку.

Двух зуброў ад нетраў Белавежы
На Каўказ завезлі аддалісн.
Там лугі зялёныя бязмежныя
Там багата сонца і зямлі...
Хмары над лясамі залатымі
Соль трава вадзіцы смачнай жмут
Лёгка дыхаць так як на радзіме
Але ў кожнага ёсцьф родны кут.
Дзеці гэтага не разумеюць
Нарадзіўшыся ў чужым бары
І на тое як яны дурэюць
Непахвальна дзівяцца зубры.
На празрыстых светла-сініх водах
Сняцца ім айчыны берагі
Па ́параць імшаныя калоды
Сінія пад месяцам лугі
Сінія пралескі на сугрэве
Мухамор чырвоны ля азёр
І калоны манументаў-дрэваў
Што вярхамі дастаюць да зор.

Паразважайце, што дазваляе паэту аб’яднаць у адзін рад лагічна неаднародныя паняцці соль, трава, хмары, жмут вадзіцы; берагі, папараць, калоды, лугі? Што звязвае іх у адзін сэнсавы і эстэтычны рад? Якія сродкі ствараюць эмацыянальнасць верша?
Назавіце сказы з аднароднымі і адасобленымі членамі, вызначце іх стылістычную ролю.
Зрабіце марфалагічны разбор прыслоўя (на выбар).
Акрэсліце сінтаксічную ролю слова што ў апошнім радку. Калі што з’яўляецца злучнікам, калі — адносным займеннікам? Як размежаваць падобныя выпадкі? Запішыце адпаведныя прыклады сказаў.

Знакі прыпынку пры адасобленых дапаўненнях

В ы д з я л я ю ц ц а  к о с к а м і дапаўненні, выражаныя назоўнікамі або займеннікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі акрамя, апрача (апроч), амаль, замест, за выключэннем, якія маюць удакладняльнае значэнне, паказваючы на ўключэнне ў лік ці выключэнне прадмета (з’явы) з ліку іншых або на яго замяшчэнне: Нічога воблака не прадвяшчала, апроч таго, што яно плыло і дажджавыя кроплі змяшчала (А. Вярцінскі); Усе, за выключэннем Марыны, былі ўжо ў тэатры.
Заўвага. Калі прыназоўнік замест мае значэнне ‘за’, то дапаўненне з гэтым прыназоўнікам н е  а д а с а б л я е ц ц а: Дзяўчына замест бацькі сустракала сваякоў.
Калі спалучэнні слоў з апрача, акрамя і іншымі маюць пры сабе ўзмацняльную часціцу і, то яны коскамі н е  в ы д з я л я ю ц ц а: Нехта і акрамя нас пабываў на гэтай паляне.

Практыкаванне 94

Прачытайце сказы. Запішыце, захоўваючы пунктуацыйныя і арфаграфічныя нормы. Патлумачце пастаноўку знакаў прыпынку і напісанне ўстаўленых літар.

1. З таго часу як перастаў ён есці скаромнае лес акрамя агарода стаў яго надзейным кармільцам (А. Камароўскі). 2. І апрача гэтага ў іх застаўся ад мінулых часоў з в..лікага багац..я вось адзін толькі гэты дом (К. Чорны). 3. Усе акрамя яго развітаўшыся да заўтра в..шлі (Д. Пятровіч). 4. Акрамя ма..і больш дарагога чалавека ў мяне няма (І. Шамякін). 5. Начаваў я не ставячы палаткі пад дубам у спальніку. Карэн..е яго было мне замест падушкі (В. Казько). 6. Ён помніў што ў гру..е ніхто ў пілотцы апрача Валодзі не хадзіў (У. Федасеенка). 7. Мы зірнулі на мільгануўшую гарушку і нічога не разгледзелі акрамя зу..чатага лесу на ёй (С. Давідовіч). 8. Яна замест а..казу ткнула пальцам у паперу на дрэве (К. Чорны).

Растлумачце напісанне не, ні са словамі.

Практыкаванне 95

Запішыце сказы, ужыўшы прапанаваныя словы ў дужках з прыназоўнікам апрача, побач з, у параўнанні з, за выключэннем, уключаючы або замест. Расстаўце патрэбныя знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку.

1. Да свята (падрыхтоўка канцэрта) вырашылі арганізаваць выстаўку малюнкаў. 2. Дзеці працавалі (дарослыя). 3. (Яблыні ранніх сартоў) у садзе раслі грушы і слівы. 4. (Карціны) у пакоях былі кветкі. 5. Увесь студзень (некалькі дзён) быў халодным. 6. У хаце (бабуля) нікога не было.

Практыкаванне 96

Складзіце сказы з адасобленымі дапаўненнямі, выкарыстоўваючы прапанаваныя пары слоў і прыназоўнікі са значэннем выключэння, уключэння або замяшчэння.

У з о р: рабіна — чарнаплодная (рабіна). Рабіна, апроч чарнаплоднай, мае аранжава-чырвоныя плады.

Студэнты — першакурснікі, наша сям’я — я, прадмет — матэматыка, члены каманды — пераможцы, птушкі — салавей.

Практыкаванне 97

Прачытайце. Спішыце сказы, расстаўце, дзе патрэбна, знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку.

1. Моцна спалі ўсе акрамя Брагінскага (І. Шамякін). 2. І апроч аднаго стала нічога больш не было (К. Чорны). 3. Акрамя вахценнагам на судне не было відаць нікога (У. Краўчанка). 4. Але нікога акрамя Надзі я не бачыў (З. Прыгодзіч). 5. Так атрымалася што з Беларусі нікога не было акрамя нас з мужам (Л. Арабей). 6. Усе мае сябры за выключэннем двух чалавек кожнае лета адпачываюць на гэтым возеры. 7. Але акрамя рыпу соснаў пад слабым ветрам і далёкага шуму машын ён нічога не пачуў... (Ю. Станкевіч). 8. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю апрача той палоскі лесу на даляглядзесл (Я. Маўр).

Падкрэсліце займеннікі, вызначце іх разрад.

Знакі прыпынку пры ўдакладняльных членах сказа

У сказах могуць ужывацца словы, якія ўдакладняюць, канкрэтызуюць, узмацняюць сэнс папярэдніх слоў, звужаючы або абмяжоўваючы іх. Гэтыя словы называюцца ўдакладняльнымі членамі сказа, на пісьме яны а д а с а б л я ю ц ц а. Удакладняльнымі членамі сказа часцей бываюць акалічнасці месца і часу: А там, далей, лесу кудзерка відна (Я. Колас); Не выцер ён [салдат] тады, у сорак пятым, слязу скупую на сваёй шчацэ, не змыў зямлю акопную ў рацэ (М. Маляўка); Над абрывам, каля крамянага нізкага дуба, устаў над вудамі наш дзядок (Я. Брыль).
Радзей удакладняльнымі бываюць іншыя члены сказа: У пачатку апошняй, чацвёртай, чвэрці ў нашай школе адбыліся перамены (І. Навуменка).
Канкрэтызуючы папярэдняе слова, удакладняльныя члены могуць размяшчацца адзін за адным: Там, недзе далёка, за вялікімі абшарамі палёў, цяпер вось, светлаю раніцою, грэюцца на сонцы нізкія хаты (К. Чорны).
Коскамі в ы д з я л я ю ц ц а ўдакладняльныя спалучэнні, якія пачынаюцца словамі асабліва, нават, пераважна, у тым ліку, у прыватнасці, напрыклад і іншыя, што надаюць удакладненню сэнсавае адценне выдзяляльнасці, узмацняльнасці: Мірскі замак — прыгожы палацава-паркавы ансамбль з каменным абнясеннем і пяццю вежамі, у тым ліку адной уязной (З часопіса «Беларусь»).
Коска н е  с т а в і ц ц а перад спалучэннямі са словамі асабліва, нават, пераважна, калі яны не маюць удакладняльнага значэння (выконваюць ролю часціц): Не было чутна нават ні гуку.

Практыкаванне 98

Прачытайце. Спішыце сказы, расстаўляючы знакі прыпынку ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі. Патлумачце пунктуацыйнае афармленне сказаў.

1. З Жукаўшчыны з горкі па пяску было лёгка і мякка ступаць і я не агледзеўся як ужо быў у Бярэзаўцы ля моста праз крыніцул (І. Пташнікаў). 2. На кірмашы заўсёды было шмат людзей асабліва ў нядзелю (К. Стаселька). 3. Цяпер Анэта стаяла ўжо на сваім двары пры плоце (А. Жук). 4. Перада мною вышынёй у некалькі метраў высіцца збудаванне пераважна з асін і альхоўніку (М. Бусько). 5. Малады высокі дуб з густою шапкай галля і лісця стаяў на беразе Дняпра на невялікім лугавым узгоркусл (І. Шамякін). 6. Пад вечар таго ж дня ўжо на змярканні стаў пашумліваць вецер (Я. Колас). 7. Перш-наперш ніяк не чакаў я Саханюка ў госці асабліва ў будны дзень (Я. Колас).

Практыкаванне 99

Прачытайце сказы. Спішыце, расстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку. Растлумачце іх пастаноўку.

1. Там на Палессі карані і таленту і лёсу... (І. Капыловіч). 2. Побачм ляжаў яго Віцеў гармонік (Т. Купрэвіч). 3. Таня патэлефанавала праз некалькі дзён у суботу (Д. Пятровіч). 4. У самай вышыні над галавою самотна кружляла невядомая птушка (Г. Пярун). 5. Я даўно з юнацтва пішу (Н. Касцючэнка). 6. Вярба асабліва яе вецце шырока выкарыстоўвалася ў народным побыце (І. Швед). 7. А той другі нічога не адказаў яму ́ (М. Стральцоў). 8. На голых дрэвах замест лісця паклалі шэрань маразы (Я. Колас). 9. Я наватм адрас яе помню... (І. Пташнікаў).

Практыкаванне 100

Прачытайце тэкст. Падбярыце да яго загаловак у адпаведнасці з тэмай.

Пра ўшанаванне друкаванага слова і любоў да кніжнай мудрасці гаварылі яшчэ Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. Археалагічныя знаходкі сцвярджаюць: нашы продкі ўмелі чытаць і пісаць з самых даўніх часоў. Настаўнікі знаёмілі вучняў з таямніцамі слова праз тэксты рэлігійных кніг найперш — Псалтыра і Новага Запавета. Аднак крыху больш за 400 гадоў таму 24 ліпеня 1618 года ў мястэчку Еўе (зараз на тэрыторыі Літвы) была надрукавана асаблівая кніга правобраз цяперашняга падручніка для самых маленькіх вучняў. «Буквар языка словенска» стаў першым у свеце выданнем з такой назвай.
Ён быў напісаны на царкоўнаславянскай мове, але аўтары выпадкова ці наўмысна дадалі ў кнігу значную частку беларусізмаў. У больш позніх выданнях сустракаюцца нават асобныя тэксты на тагачаснай беларускай мове.
Першая частка «Буквара» змяшчае ў сабе азбуку царкоўнаславянскі алфавіт і склады, па якіх вучылі аб’ядноўваць літары. Замест слоў «мама мыла раму» дзеці пачатку ХVІІ стагоддзя чыталі пералікі запаветаў хрысціянскіх дабрадзействаў а таксама грахоў каб ведаць як рабіць не трэба. Такім чынам, выданне адначасова выконвала не толькі адукацыйную, але і выхаваўчую функцыю.
На першым «Буквары» не пазначаны яго аўтары. Дакладна вядома толькі, што падрыхтаваны ён вандроўнымі манахамі віленскага манастыра. Адным з магчымых укладальнікаў даследчыкі лічаць Мялеція Сматрыцкага. Мялецій Сматрыцкі выпусціў «Граматыку» лагічны працяг «Буквара». Другім найбольш верагодным аўтарам можна лічыць Лявонція Карповіча — кіраўніка манастыра, а таксама друкарні і школы пры ім. Гэта быў актыўны асветнік і прапаведнік добра абазначаны ў кніжнай і выдавецкай справе.
Абодва гэтыя асветнікі цудоўна ведалі грэчаскія, лацінскія і польскія традыцыі выдання кніг. Яны выкарысталі найлепшыя моманты еўрапейскай адукацыі звязаўшы іх з мясцовымі рэаліямі сваёй мовай і духоўна-выхаваўчай практыкай.
Адзін з экзэмпляраў арыгінала «Буквара» захоўваецца ў Лондане ў бібліятэцы Мідл Тэмпл.
Арыгінал «Буквара» мае звычайную драўляную вокладку, якая раней была абцягнута скурай. На тытульным аркушы бачны герб Агінскіх патронаў выдавецкай справы. Наступная старонка — малітва, без якой у тыя часы не пачыналася ніякая добрая справа.
Далей чытач знаёміцца з алфавітам. Для спецыялістаў ён добра зразумелы, а вось звычайнаму сучаснаму чалавеку было б цяжкавата разабрацца з тагачаснымі літарамі. Літары надрукаваны як у прамым, так і ў адваротным парадку. Цікавая асаблівасць звязана з літарай «г»: іх дзве. Такім чынам вучань адразу раздзяляў [г] выбухны і [г] фрыкатыўны, характэрныя для беларускай мовы. Прычым у ранейшых выданнях падобнае раздзяленне амаль не сустракаецца а тут у падручніку пададзена як норма.
Друкары стараліся зрабіць кнігу яшчэ і прыгожай. Яны выкарыстоўвалі шрыфты розных памераў, літы наборны арнамент, гравюры, буквіцы, канцоўкі і застаўкі. Некаторыя элементы выкананы ў стылістыцы блізкай да афармлення кніг Францыска Скарыны.
Нягледзячы на шматтыражнасць і частыя перавыданні «Буквара» да нашага часу захавалася пара экзэмпляраў. Экзэмпляр у Лондане захаваўся толькі таму, што быў набыты калекцыянерам і некалькі стагоддзяў праляжаў у архівах без ужытку (Паводле Р. Юргель).

Спішыце выдзеленыя сказы, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку. У якіх з гэтых сказаў ёсць удакладняльныя члены?
Выпішыце 5 слоў, у якіх адбываецца асіміляцыя зычных па мяккасці.
Раскрыйце значэнне слова архіў. У якім значэнні ўжыта ў тэксце слова патрон?

Практыкаванне 101

Прачытайце фразеалагізмы. Што іх аб’ядноўвае? Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і іх значэннямі.

1) на ёту
2) літара ў літару
3) альфа і амега
4) ні на ёту
5) ад а да я (ад альфы да амегі)
6) прапісаць іжыцу
7) ставіць кропкі над «і»

а) ад пачатку да канца; цалкам
б) канчаткова высвятляць усё, не пакідаючы нічога недагаворанага, даводзячы ўсё да лагічнага канца
в) нямнога, ледзь-ледзь
г) правучыць, пакараць каго-небудзь
д) абсалютна дакладна, без адхіленняў
е) ніколькі, зусім (не саступаць, не пераацэньваць і пад.)
ж) самае галоўнае, сутнасць чагосьці

Практыкаванне 102

Прачытайце азначэнні да слова мова, пададзеныя ў «Слоўніку эпітэтаў беларускай мовы» Ніны Гаўрош. Пры неабходнасці высветліце іх значэнне па тлумачальным слоўніку.

Мова. Сродак грамадскіх узаемаадносін; спосаб выражэння думак, пачуццяў.

1. Пра родную беларускую мову: (адвечна)новая, адвечная, адзначаная ўзнёслай прастатою (аўт.), багатая, баравая (аўт.), бя..концая, (вечна)жывая, вобразная, вогн..трывалая, вольная, выс..кародная, вялікая, гаваркая, гарачая, гаючая, глыбін..ая, гнуткая, гордая, гучная, дарагая, дз..восная, жывучая (аўт.), дзіўная, жыватворная, жыватворчая, жывая, жытнёвая (аўт.), звонкая, ільня..ая (аўт.), іскрыстая, кроўная, крыштальная, крэўная, лаканічная, ласкавая, любімая, магутная, ма..чына, м..лагучная, мілая, мя..кая, найбагацейшая, найчысцейшая, н..вычэрпная, н..паўторная, н..ўміручая, н..зводная (аўт.), няспыннаплы..ная (аўт.), (па)народнаму н..вычэрпна багатая (аўт.), паэтычная, песенная, праўдзівая, п..вучая, раздольна-велічная (аўт.).
2. Пра ўяўную мову навакольнага асярод..я (мову прыроды): гутарлівая, даверлівая, задумлівая, звонкая, н..ўміручая, п..вучая, родная, стройная, шапатлівая, самотная, сумная.

Запішыце словы з прапушчанымі літарамі, растлумачце іх напісанне.

Практыкаванне 103

Выкарыстоўваючы матэрыял папярэдняга практыкавання, раскажыце пра беларускую мову: пра яе адметнасць, пра якасці, якія вам падабаюцца або вас здзіўляюць. Ужывайце сказы з аднароднымі і адасобленымі членамі.

Практыкаванне 104

Складзіце паводле схем сказы з адасобленымі членамі пра ролю нацыянальнай мовы ў жыцці народа. Запішыце сказы.

Практыкаванне 105

Прачытайце развагі Максіма Танка пра незвычайныя прыродныя здольнасці мастака Язэпа Драздовіча. Што вы ведаеце пра гэтых асоб, пра іх уклад у беларускую культуру? Выпішыце сказы з адасобленымі членамі, вызначце іх стылістычную ролю ў тэксце. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку. Вызначце выказнікі ў сказах.

Язэп Драздовіч быў самабытным мастаком і цікавым чалавекам.
Усё жыццё яго прайшло ў вандроўках, пошукахсл хлеба і не спазнанай нікім ісціны. Нельга не дзівіцца, колькі ён паспеў зрабіць у сваімф жыцці, беспрытульным, падарожным.
З яго палотнаў ва ўсёй красе задуменных бароў, сялянскіх сядзіб, затанулых у збажыне, паўстае яго малая радзіма — Дзісеншчына (М. Танк).

Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра літаратурную спадчыну Максіма Танка.

Практыкаванне 106

Ускладніце прапанаваныя сказы аднароднымі або адасобленымі членамі сказа, каб атрымаліся разгорнутыя азначэнні сінтаксічных тэрмінаў.

1. Словазлучэнне — гэта спалучэнне слоў...
2. Неразвітым называецца сказ...
3. Дзейнік — гэта галоўны член сказа...
4. Выказнік — гэта галоўны член сказа...
5. Аднароднымі называюцца члены сказа...
6. Зваротак — гэта слова або спалучэнне слоў...
7. Пабочнымі называюцца канструкцыі...
8. Адасобленымі называюцца члены сказа...

Практыкаванне 107

Прачытайце тэкст. Зрабіце вывад пра значнасць падобных мерапрыемстваў дзеля папулярызацыі айчынных выданняў, нашай краіны як міжнароднай пляцоўкі для камунікацыі, знаёмства, сяброўства. З пяці сказаў (на выбар) выпішыце граматычныя асновы, ускладніце іх аднароднымі або адасобленымі членамі, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

У з о р: Кніга па-ранейшаму ў пашане. Граматычная аснова: кніга ў пашане. Кніга, нацыянальная, самабытная, шануецца прадстаўнікамі розных пакаленняў. Кнігі, прачытаныя ў маленстве і юнацтве, застаюцца ў памяці на многія гады. Свет змяняецца, аднак «жывая» кніга, выдадзеная друкарскім спосабам, і сёння ў пашане. У маёй бібліятэцы і сёння ёсць месца для набытых у кнігарні выданняў.

Гэты дзівосны кніжны свет

Кніга па-ранейшаму ў пашане. Ёй не пагражае знікненне, што прадказваюць папяровым варыянтам газет. Яна запатрабавана самымі рознымі людзьмі: ад шаноўных па ўзросце да пакалення юных чытачоў. Гэты аптымістычны вывад пацвердзіла Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая ўжо больш за чвэрць стагоддзя традыцыйна праходзіць у беларускай сталіцы ў першыя дні лютага.
2021-ы — год 30-годдзя стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэта акалічнасць паслужыла ініцыятывай абвясціць цэнтральным экспанентам* XXVIII кніжнай выстаўкі менавіта СНД. Галоўны экспанент прадвызначыў дэвіз мерапрыемства: «Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны». Цэнтральную экспазіцыю* сімвалічна аформілі ў стылі адзінага агульнага дома, які, натуральна, складаецца з пакояў. Гасцёўня, напрыклад, знаёміла з выданнямі, якія сталі ўладальнікамі Гран-пры Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі».
Адзін з пакояў цэнтральнай экспазіцыі выстаўкі — гэта кабінет пісьменніка. Арганізатары прадставілі лепшыя кнігі ўсіх 11 краін СНД па гісторыі, культуры, мастацтве. Тут жа праходзілі цікавыя сустрэчы пісьменнікаў з наведвальнікамі выстаўкі.
Госці выстаўкі мелі выдатную магчымасць сустрэцца з аўтарамі, даведацца пра творчы працэс стварэння кніг. На гэтай жа пляцоўцы прайшоў адбор праектаў для прыярытэтнага выдання дзяржаўнымі выдавецтвамі работ, якія перамаглі ў літаратурным стартапе LitUp, старт якога быў абвешчаны ў студзені. LitUp прапаноўваў паспрабаваць свае літаратурныя магчымасці, запаліць сваю творчую зорку падчас выстаўкі.
Штогод Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш збірае дзясяткі краін. Арганізатары змаглі правесці шматлікія мерапрыемствы з дапамогай анлайн-фарматаў. Трансляцыя дыскусійных пляцовак вялася на YouTube-канале, дзе можна было адрасаваць пытанні непасрэдна ўдзельнікам мерапрыемстваў.
На цэнтральнай сцэне выстаўкі па традыцыі прайшлі прэзентацыі найбольш значных кніжных праектаў, узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», а таксама пераможцаў Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет».
Можна сцвярджаць, што на Мінскай міжнароднай выстаўцы кожны знайшоў «сваю» кнігу — па ўзросце і інтарэсах (Паводле А. Піменава).

Якую «сваю» кнігу вы хацелі б знайсці на гэтай кніжнай выстаўцы? Якія мерапрыемствы выстаўкі вам захацелася наведаць? Ці згодны вы з выказваннем: «Скажы, якія кнігі стаяць на тваёй паліцы, — і я раскажу, які ты»? Якім кнігам — папяровым або электронным — вы аддаяце перавагу? Чаму? Як часта вы заходзіце ў кнігарню? З якой мэтай?
Растлумачце правапіс выдзеленых слоў.
Падрыхтуйце эсэ на тэму «Кніга ў маім жыцці».

Практыкаванне 108

Выканайце інтэрактыўнае заданне «Сказы з адасобленымі членамі».

http://learningapps.org/watch?v=p8wvs3dnt01