§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Знакі прыпынку пры адасобленых дапаўненнях

В ы д з я л я ю ц ц а  к о с к а м і дапаўненні, выражаныя назоўнікамі або займеннікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі акрамя, апрача (апроч), амаль, замест, за выключэннем, якія маюць удакладняльнае значэнне, паказваючы на ўключэнне ў лік ці выключэнне прадмета (з’явы) з ліку іншых або на яго замяшчэнне: Нічога воблака не прадвяшчала, апроч таго, што яно плыло і дажджавыя кроплі змяшчала (А. Вярцінскі); Усе, за выключэннем Марыны, былі ўжо ў тэатры.
Заўвага. Калі прыназоўнік замест мае значэнне ‘за’, то дапаўненне з гэтым прыназоўнікам н е  а д а с а б л я е ц ц а: Дзяўчына замест бацькі сустракала сваякоў.
Калі спалучэнні слоў з апрача, акрамя і іншымі маюць пры сабе ўзмацняльную часціцу і, то яны коскамі н е  в ы д з я л я ю ц ц а: Нехта і акрамя нас пабываў на гэтай паляне.