§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 89

Прачытайце тэкст. Дайце яму назву. Якія фарбы вы скарысталі б, каб малявалі ілюстрацыю да тэксту? Назавіце сказы з адасобленымі членамі, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры адасобленых членах.

Першая яшчэ з сярэдзіны лета скідала ліст бяроза. Тое, што яна тут, паблізум, можна было заўважыць, нават не ўзнімаючы галавы, па залатой замеці лісця паміж верасу і травы. Па такой прыкмеце пазнаваўся і дуб, толькі па леташнім лісці, яно, нягледзячы на дажджы, слоту, доўга ляжала. Асіна, апрануўшыся ў вогненныя барвы, пад восень рабілася прыгажэйшай ад усіх дрэў.
Гаспадары восеньскага лесу — дзяцел і наіўна-вясёлыя, бесклапотныя сініцы. Астатняе шэрае птаства, збіраючыся ў вырай, змаўкае. У ядлоўцавых зарасніках можна падняць соннага днём цецерука, і ён гучна залапоча крыллем, віруючы між соснаў, ніколі не падымаючыся над купамі дрэў.
Цікаўная вавёрка, не баючыся грыбнікоў, спусціцца на ніжні сук, падзівіцца вокам-шрацінкай і шугане рыжай маланкай між зялёнай навісі. Збіраючы грыбы, я некалькі разоў бачыў вогненна-чырвоныхсл ліс, яны заўсёды перабягалі дарогу... (Паводле І. Навуменкі).