§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Знакі прыпынку пры адасобленых акалічнасцях

К о с к а й  в ы д з я л я ю ц ц а акалічнасці, калі яны выражаны адзіночнымі дзеепрыслоўямі і дзеепрыслоўнымі зваротамі (незалежна ад іх месца ў сказе): Выканаўшы заданне, я вярнуўся ў ліцэй (А. Карпюк); Кожны раз, адзначаючы Дзень Перамогі, мы ўшаноўваем памяць загінуўшых, кладзём да іх магіл і абеліскаў жывыя кветкі. Гэта наш святы абавязак памяці (А. Бачыла).
Заўвага 1. Н е  в ы д з я л я ю ц ц а  к о с к а м і акалічнасці, выражаныя:
• дзеепрыслоўнымі зваротамі, якія з’яўляюцца ўстойлівымі выразамі: Аповед сяброўкі пра вандроўку ў далёкія краіны мы слухалі развесіўшы вушы;
• адзіночнымі дзеепрыслоўямі, калі яны стаяць пасля дзеяслова-выказніка, сваім значэннем набліжаючыся да прыслоўя спосабу дзеяння: Старшыня чытаў стоячы (А. Жук); Дадому Алесь ішоў не спяшаючыся.
Заўвага 2. К о с к а  н е  с т а в і ц ц а перад злучнікам і, які звязвае дзве акалічнасці, выражаныя адзіночнымі дзеепрыслоўямі, дзеепрыслоўнымі зваротамі або прыслоўем з дзеепрыслоўем. Пры бяззлучнікавай сувязі паміж такімі акалічнасцямі к о с к а    с т а в і ц ц а: Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс (Я. Колас). Параўн.: Пагаварыўшы з вучнямі, крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс.
Акалічнасць, выражаная адзіночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, пры якім стаяць часціцы толькі, нават, разам з імі а д д з я л я е ц ц а  к о с к а й: Што хлеб — гэта хлеб, па-сапраўднаму можна даведацца, толькі адчуўшы голад (Я. Брыль); Нават проста наведаўшы Нацыянальную бібліятэку Беларусі, разумееш веліч чалавечага духу.
Калі адасобленая акалічнасць, выражаная адзіночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, звязана з астатняй часткай сказа злучнікамі нібы, як бы, быццам і іншымі, то к о с к а  с т а в і ц ц а перад адпаведным злучнікам: Часам нейкіх карасікаў і падчэпліваў, але найбольш мой паплавок весела гайдаўся, нібы пасміхаючыся з майго рыбалоўства (В. Шніп); Лес пад пухкімі камякамі снегу хутка станавіўся серабрыста-белым, быццам ператвараючыся ў зачараванае царства.
В ы д з я л я ю ц ц а  к о с к а м і акалічнасці, выражаныя назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі нягледзячы на, насуперак, у адпаведнасці, са згоды і іншымі са значэннем прычыны, умовы, уступкі, спосабу дзеяння: Нягледзячы на неадкладныя справы, пісьменнік змог даць інтэрв’ю любімай газеце. Насуперак усім прагнозам, наша каманда ўдала выступіла на чарговых спаборніцтвах. На сходзе, са згоды ўсіх прысутных, было прынята рашэнне аб аказанні матэрыяльнай дапамогі некаторым членам калектыву.