§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 81

Прачытайце разважанні айчыннага мовазнаўца Міхася Яўневіча. Карыстаючыся прыведзеным каментарыем як узорам, назавіце ўмовы адасаблення/неадасаблення (пры адпаведных зменах) у наступных сказах. Якія ўмовы — граматычныя або сэнсавыя — з’яўляюцца, на вашу думку, вырашальнымі пры адасабленні членаў сказа?

Пры разглядзе сказаў з адасобленымі членамі часта на першы план ставяцца граматычныя ўмовы адасаблення. Фактычна жм асноўнай умовай адасаблення з’яўляецца дадатковая сэнсавая нагрузка, якую выконвае той ці іншы даданы член сказа. Таму пры аднолькавых граматычных умовах тое самае спалучэнне слоў можа адасабляцца і не адасабляцца ў залежнасці ад яго сэнсавай нагрузкі. Так, у сказе Адагрэтая за вясну зямля набрала сіл (Я. Колас) спалучэнне адагрэтая за вясну выступае толькі ў сваім асноўным значэнні і таму не адасабляецца. Калі ж мы інтанацыйна выдзелім гэтыя словы, то ўзмоцніцца іх сувязь з выказнікам набрала сіл, гэта спалучэнне набудзе адценне прычыннага значэння і, вядома, адасобіцца: Адагрэтая за вясну, зямля набрала сіл.

1. Месяц, яркі і круглы, абліў наваколле халодным святлом (З. Бядуля). 2. На палях нерухома ляжала восень, шэрая, аднастайная (І. Шамякін). 3. Услед за крыгамі плыве ў Волзе вымытаем сонца (С. Грахоўскі). 4. Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша (Я. Колас). 5. Васіль углядаўся ў вышытае зорамі неба (І. Мележ).