§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 79

Спішыце сказы, выбраныя з вершаў У. Караткевіча, расстаўце знакі прыпынку, растлумачце іх неабходнасць/адсутнасць. Акрэсліце ўдакладняльны, паясняльны характар адасобленых членаў сказа ў кантэксце.

1. Шчасце былое ўяўляю дзяўчынкаю па вясне. Загарэлая кемная* злая дражніла яна мяне. 2. Явар сумны і адзінокі пахіліў задумёны стан. 3. Глянь на зямлю залатую пяшчотную сумную чыстую нехта па ёй вандруе ў паветра ўзнімаючы лісце. 4. Шчасце гуляла ў садзе апранутае ў паркаль сабе і птушкам на радасць а мне на смутак і жаль. 5. Кветка ў нетрах лясных распускалася залатая агністая сіняя. 6. І знік той дзень загублены ў цішы. 7. Былі ў яе нябачаныя вочы падобныя на просінь у нябёс і сарамлівасць мілая дзявочая і светлая была як светлы лёс. 8. Мудры моцны і працавіты цвёрда ведае родны народ — сонца светлым устане над жытам як прывыклі за многа год. 9. У вачах тваіх шэрых мілых больш было да мяне цеплыні.

Якія вершы У. Караткевіча вы ведаеце і любіце? Паразважайце, ці можна па некалькіх радках пазнаць паэта.
Растлумачце сэнс назвы зборніка паэта.