§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 78

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з адасобленымі членамі, улічваючы ўмовы адасаблення: інтанацыю, парадак слоў у сказе (адасобленыя члены стаяць перад словам, якое паясняюць, або пасля яго), марфалагічнае выражэнне паяснёнага слова (займеннік, агульны або ўласны назоўнік).
Вусна перабудуйце сказы так, каб адасобленыя члены сталі неадасобленымі. Растлумачце інтанацыйную і сэнсавую розніцу паміж варыянтамі сказаў.

1. Па расе, ад сонца яркай, мы вяртаемся дамоў (П. Панчанка). 2. Успыхнуў жаваранак над праспектам, затрымцеў, утрапёны і горды (Г. Бураўкін). 3. Спяваюць жаваранкі. Нябачныя, яны трымцяць у засмужанымсл злёгку блакіце (Я. Брыль). 4. Твар восені, пабляклы, невясёлы, вачам маім адкрыўся пакрысе* (Г. Каржанеўская). 5. Бліскавіцай асляпіўшы ўсіх, россыпны, зялёны, хлынуў лівень (Д. Кавалёў). 6. Выйдзеш за вёску — жытнёвыя далі коцяцца, цёплыя, плыняць наўсцяж (К. Кірэенка).

Да выдзеленых слоў падбярыце сінанімічныя рады.
Выпішыце дзеясловы, ужытыя ў форме 2-й асобы адзіночнага і 3-й асобы множнага ліку. Растлумачце правапіс іх канчаткаў.