§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 77

Прачытайце. Запішыце пытанні да тэксту, адказы на якія тлумачылі б сутнасць адасаблення і правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры дапасаваных азначэннях.

Стылістычныя функцыі сказаў з адасобленымі членамі акрэсліваюцца іх прызначэннем — канкрэтызаваць, удакладняць, інтанацыйна і сэнсава вылучаць асобныя кампаненты выказвання.
З дапамогай адасаблення падкрэсліваюцца істотныя для разумення тэксту дэталі, напрыклад: Нават самыя грубыя, недалікатныя людзі — на некалькі хвілін — становяцца паэтамі, рамантыкамі. Зразумела, што нявыхаванасць і рамантыка — рэчы несумяшчальныя, аднак роля паэтычнага, узвышанага слова настолькі значымая, што нават грубы чалавек у пэўныя моманты свайго жыцця адчувае сілу, прыгажосць лірычных радкоў. Нязвыкласць сітуацыі падкрэсліваецца праз адасобленую канструкцыю на некалькі хвілін. Без адасаблення — інтанацыйнага, сэнсавага — сказ мае сцвярджальны, адназначны характар: Нават самыя грубыя, недалікатныя людзі на некалькі хвілін становяцца паэтамі, рамантыкамі.
Адасабленне трэба разглядаць як спецыфічны сродак сінтаксічнай сувязі слоў у сказе, пры дапамозе якога выдзяляецца сэнсавая функцыя спалучэння слоў (асобнага слова) у кантэксце. Частотна адасабляюцца дапасаваныя/недапасаваныя азначэнні і акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўным зваротам. У сказах з адасобленым азначэннем з дапамогай інтанацыі, парадку слоў пэўная прымета лагічна і эмацыянальна выдзяляецца, акцэнтуецца: Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны (У. Караткевіч). Адасобленыя прыдаткі падкрэсліваюць прымету, вылучаюць яе на першы план: Ефрасіння Полацкая — будучая святая — нарадзілася ў сям’і малодшага сына Усяслава Чарадзея (Паводле А. Багамолавай).