§ 7. Правілы пабудовы сказаў з адасобленымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 76

Сярод прапанаваных азначэнняў выберыце азначэнне адасобленых членаў сказа.

Адасобленыя члены сказа — гэта:
а) члены сказа, якія выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю, адносяцца да аднаго і таго ж слова, характарызуюцца інтанацыяй пералічэння;
б) члены сказа, якія ўтвараюць яго граматычную аснову;
в) члены сказа, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца з мэтай падкрэсліць іх значэнне ў маўленні;
г) словы, словазлучэнні і сказы, якія не з’яўляюцца членамі сказа, граматычна не звязаны з імі, а ўключаюцца ў сказ з мэтай паказаць адносіны таго, хто гаворыць, да вы ́казанай думкі;
д) словы, словазлучэнні і сказы, якія ўключаюцца ў структуру сказа з мэтай падаць дадатковыя звесткі, тлумачэнні, заўвагі, пры гэтым вызначаюцца сэнсавай адасобленасцю ад зместу асноўнага сказа.

З якімі тэрмінамі суадносяцца астатнія прапанаваныя азначэнні? Прывядзіце адпаведныя прыклады сказаў.