§ 6. Правілы ўжывання дзеепрыслоўных і дзеепрыметнікавых зваротаў

Практыкаванне 73

Прачытайце тэкст. Як ушаноўваецца памяць пра Льва Сапегу? Дзе ўстаноўлены помнік, адлюстраваны на фотаздымку?
Расстаўце знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку. Назавіце сказы, у якіх акалічнасці выражаны дзеепрыслоўямі і дзеепрыслоўнымі зваротамі.

Леў Сапега зорка першай велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі. Ён нарадзіўся ў маёнтку Астроўна на Віцебшчыне ў шляхецкай сям’і атрымаў бліскучую адукацыю скончыўшы Нясвіжскую пратэстанцкую школу і Лейпцыгскі ўніверсітэт свабодна валодаў пяццю мовамі.
Першарадная заслуга Льва Сапегі ў тым што ён падрыхтаваў Статут 1588 года і дамогся яго зацвярджэння. Статут гарантаваў эканамічную палітычную і культурную незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага. Дзякуючы асабістай мужнасці і палітычнаму таленту Льва Сапегі беларускае гаспадарства прыкметна пашырыла свае межы вярнуўшы назад нашы старадаўнія землі.
Пра незвычайнасць асобы Льва Сапегі яго глыбокі патрыятызм сведчыць той факт што ў час вайны Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй у 1625—1629 гадах ён ахвяраваў амаль усю сваю маёмасць на ўтрыманне войска зрабіўшы ўсё магчымае дзеля ўратавання Бацькаўшчыны.
Дзякуючы чыннасці* Льва Сапегі наша старадаўняе гаспадарства не толькі здолела захаваць сваю незалежнасць у складаны гістарычны момант але і перажыло новы перыяд эканамічнага і культурнага росквіту (Паводле І. Саверчанкі).

Зрабіце сінтаксічны разбор складаназалежнага сказа з даданай азначальнай часткай.
Растлумачце правапіс выдзеленых слоў.
Знайдзіце ў тэксце якасныя прыметнікі і ўтварыце ад іх усе магчымыя формы ступеней параўнання.
Праскланяйце ўласнае імя Леў Сапега.
Падрыхтуйце паведамленне, выкарыстаўшы інтэрнэт-рэсурсы, пра помнікі наступным гістарычным асобам: М. Клеафасу Агінскаму, Ф. Багушэвічу, У. Чарадзею, Рагнедзе і Ізяславу, А. Міцкевічу, Я. Драздовічу, С. Буднаму.