Стварэнне любога аконнага дадатку ажыццяўляецца, як правіла, у тры этапы:
- Стварэнне інтэрфейса дадатку, г. зн. сродкаў узаемадзеяння карыстальніка з праграмай.
- Распрацоўка сцэнарыя работы будучага дадатку. На гэтым этапе вызначаюць, якая інфармацыя будзе выводзіцца на экран, якія падзеі будуць адбывацца пры выкарыстанні розных кампанентаў, як дадатак павінен завяршыць работу, якія вынікі і ў якім выглядзе захаваць і г. д.
- Распрацоўка алгарытму рашэння пастаўленай задачы.
Большасць дадаткаў у аперацыйнай сістэме Windows выглядаюць і паводзяць сябе падобным чынам. Кампанія Microsoft прапанавала рэкамендацыі для распрацоўкі праграмнага забеспячэння, накіраваныя на тое, каб карыстальнік не марнаваў час на засваенне нюансаў карыстальніцкага інтэрфейса новай праграмы, а адразу пачаў прадуктыўна яе выкарыстоўваць. Гэтыя рэкамендацыі заснаваныя на псіхафізіялагічных асаблівасцях чалавека і істотна палегчаць жыццё будучым карыстальнікам вашай праграмы.
Прывядзём некаторыя рэкамендацыі па распрацоўцы графічнага інтэрфейса аконных дадаткаў (прыклад 20.1). |
Прыклад 20.1. Рэкамендацыі па стварэнні аконных дадаткаў.
- У дадатку рэкамендуецца размясціць галоўнае меню і інструментальную панэль хуткіх кнопак, дублiруючых асноўныя раздзелы меню.
- Пажадана, каб аб'екты дадатку валодалі кантэкстнымі меню, якія з'яўляюцца пры націску правай клавішай мышы па аб'екце.
- Для аб'ектаў рэкамендуецца прапісаць падказкі, якія усплываюць пры навядзенні паказальніка мышы на аб'ект.
- Рэкамендуецца рэалізаваць радок стану, які выкарыстоўваецца для выдавання рознай інфармацыі.
- Пры націску клавішы F1 павінен загружацца файл даведкі.
- У праграме пажадана рэалізаваць магчымасць налады і захавання налад, каб пры наступным сеансе працы іх не прыйшлося ўстанаўліваць нанова.
- Калі вынік працы дадатку залежыць ад якіх-небудзь параметраў, абавязкова пакажыце значэнні па змоўчанні. Яны дазволяць паскорыць узаемадзеянне карыстальніка з праграмай, а таксама з'яўляюцца прыкладам таго, у якім фармаце даныя варта ўводзіць.
Магутным уздзеяннем на псіхіку чалавека з'яўляецца колер, таму з ім трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. Трэба імкнуцца выкарыстоўваць абмежаваны набор колераў і надаваць увагу іх правільнаму спалучэнню. Успрыманне колеру ў чалавека вельмі індывідуальна, таму не варта навязваць усім сваё бачанне колеру. Пажадана, каб асноўны колер формы быў нейтральным (напрыклад, у большасці дадаткаў Microsoft гэта светла-шэры колер).
|