§ 29. Графічная вобласць «Графік двухмерны» ў пакеце SMath Studio

29.5. Пабудова акружнасці і круга

Матрыца параметраў тэксту дазваляе выкарыстоўваць тэкставыя коды, якія прыводзяць да вываду ў графічную вобласць каляровых акружнасцей, кругоў і метак у форме крыжа. Вось гэтыя коды:

"o" (лацінскае o) — код акружнасці;

"."  (пункт) — код круга;

"+" (плюс)  код меткі ў форме крыжа.

Літары выводзяцца ў графічную вобласць правей і ніжэй пункта плоскасці, каардынаты якой зададзены пры вывадзе тэкставага надпісу.

Прыведзеныя коды выводзяць геаметрычныя фігуры так, што іх цэнтры знаходзяцца сапраўды ў зададзеным пункце плоскасці (прыклад 29.7).

Варта мець на ўвазе, што памеры літар і геаметрычных фігур, якія выводзяцца з дапамогай матрыцы параметраў тэксту, умоўныя і пры змене маштабу гэтыя памеры не мяняюцца. Таму пры пабудове геаметрычных мадэляў у графічнай вобласці памеры акружнасцей і кругоў прыходзіцца падбіраць эксперыментальна.

Прыклад 29.7. Выведзем у графічную вобласць зялёную акружнасць з цэнтрам у пункце з каардынатамі (—8; 4) і сіні круг з цэнтрам у пункце з каардынатамі (8; 4). Цэнтры фігур пазначым чырвонымі крыжамі.

Уводзім на працоўны ліст матрыцу параметраў тэксту P з чатырма радкамі (неабходна адлюстраваць чатыры фігуры).

Для яе стварэння можна выкарыстоўваць капіраванне і змяненне матрыцы параметраў тэксту прыкладу 29.4.

Выводзім графічную вобласць і ў метку-запаўняльнік уводзім P.