§ 29. Графічная вобласць «Графік двухмерны» ў пакеце SMath Studio

29.1. Інтэрфейс графічнай вобласці

Пакет SMath Studio дазваляе ствараць на працоўным лісце графічныя вобласці некалькіх відаў. Мы будзем працаваць з графічнай вобласцю «Графік двухмерны», якая ўстаўляецца на працоўны ліст камандай меню Вставка График  → Двумерный (2D) або ўводам з клавіятуры сімвала @ («сабака», «сабачка»).

Графічная вобласць з'яўляецца на месцы паказальніка месца ўводу ў рэжыме ўводу даных і адлюстроўвае частку некаторай каардынатнай плоскасці (прыклад 29.1). Для ўводу даных у графічную вобласць служыць метка-запаўняльнік пад каардынатнай сеткай.

Пры вырашэнні задач часта патрабуецца адлюстроўваць пэўную частку каардынатнай плоскасці.

Памеры вобласці мяняюцца перацягваннем квадратных маркераў паказальнікам мышы.

Маштаб адлюстравання каардынатнай плоскасці змяняецца кольцам мышы. Але паказальнік мышы павінен знаходзіцца над вобласцю (прыклад 29.2).

Становішча восяў ў вобласці можна памяняць, перацягваючы паказальнікам мышы любы пункт каардынатнай вобласці.

Прыклад 29.1. Пасля ўводу сімвала з клавіятуры з'яўляецца прамавугольная вобласць.

На рэжым уводу даных паказваюць тры квадратныя маркеры.

Пстрычка паказальнікам мышы за межамі вобласці выводзіць вобласць з рэжыму ўводу і абрамляе яе чырвонай рамкай.

Пстрычка па вобласці вяртае яе ў рэжым уводу, але чырвоная рамка не знікае і пад вобласцю з'яўляецца надпіс: «Не ўсе пустыя элементы запоўнены».

Прыклад 29.2. Графічная вобласць пасля змен памеру і маштабу.