§ 25. Мадэляванне руху цела ў асяроддзі з супраціўленнем

Практыкаванні

1. Паўтарыце на камп'ютары разгледжаную ў п. 25.5 пабудову камп'ютарнай мадэлі руху каменя ў паветры.

2. Выкарыстоўваючы капіраванне мадэлі, пабудаванай у практыкаванні 1, стварыць камп'ютарную мадэль руху каменя ў асяроддзі без супраціўлення, разгледжанай раней. Дабудуйце на скапіраванай дыяграме траекторыю палёту каменя ў асяроддзі без супраціўлення.

3. Выкарыстоўваючы капіраванне на новы ліст мадэлі, пабудаванай у практыкаванні 1, стварыце камп'ютарную мадэль руху шара з пенапласту ў паветры (сярэдняя шчыльнасць пенапласту 25 кг/м3). Копію дыяграмы выдаліце і пабудуйце дыяграму з траекторыяй палёту шара з пенапласту ў паветры.

4. Выкарыстоўваючы капіраванне на новы ліст мадэлі, пабудаванай у практыкаванні 3, стварыце камп'ютарную мадэль руху шара з пенапласту ў асяроддзі без супраціўлення. Дабудуйце на скапіраванай дыяграме траекторыю палёту ў асяроддзі без супраціўлення. Параўнайце далёкасці палёту шара з пенапласту ў паветры і ў асяроддзі без супраціўлення.

5. Выкарыстоўваючы мадэлі, пабудаваныя ў практыкаваннях 2 і 4, параўнайце далёкасці палёту каменя і шара з пенапласту ў паветры, затым у асяроддзі без супраціўлення.

6. Выкарыстоўваючы капіраванне на новы ліст мадэлі, пабудаванай у практыкаванні 1, стварыць камп'ютарную мадэль руху каменя ў вадзе (шчыльнасць вады 997 кг/м3; дынамічная глейкасць вады 0,01 Па·с). Памяняйце назву мадэлі на «Мадэль руху цела ў вадзе». Задайце пачатковую хуткасць 0,5, вугал кідання 0, у ячэйку F13 занясіце глыбіню вадаёма 10 (м). Копію дыяграмы выдаліце і пабудуйце дыяграму з траекторыяй руху каменя ў вадзе.

7. Выкарыстоўваючы капіраванне на новы ліст мадэлі, пабудаванай у практыкаванні 6, стварыце камп'ютарную мадэль руху жалезнага шара ў вадзе (шчыльнасць жалеза 7870 кг/м3). Дабудуйце на скапіраванай дыяграме траекторыю руху жалезнага шара ў вадзе. Параўнайце траекторыі і хуткасці руху ў вадзе каменнага і жалезнага шароў.

8. Выкарыстоўваючы капіраванне на новы ліст мадэлі, пабудаванай у практыкаванні 6, стварыце камп'ютарную мадэль руху шара з пенапласту ў вадзе. Шчыльнасць пенапласту менш шчыльнасці вады, і шар павінен усплываць. У мадэлі задайце крок часу 0,001, пачатковую хуткасць 0,5, вугал кідання 0, у ячэйку F13 занясіце 0. Разліковую табліцу запоўніце да радка 220 электроннай табліцы ўключна. Копію дыяграмы выдаліце і пабудуйце дыяграму з траекторыяй руху шара з пенапласту ў вадзе.

9. Выкарыстоўваючы капіраванне на новы ліст мадэлі, пабудаванай у практыкаванні 8, стварыце камп'ютарную мадэль руху драўлянага шара ў вадзе (шчыльнасць драўніны елі 450 кг/м3). Дабудуйце на скапіраванай дыяграме траекторыю руху драўлянага шара ў вадзе. Параўнайце траекторыі і хуткасці руху ў вадзе шара з пенапласту і драўлянага шара.