§ 5. Правілы пабудовы сказаў з аднароднымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 60

Прачытайце тэкст. Што вывучае анамастыка? Патлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа.

За апошні час у беларускім мовазнаўстве з’явілася нямала арыгінальных прац, прысвечаных даследаванню спецыфікі ўласных імёнаў, тапанімічных* назваў, выдзелілася нават новая галіна мовазнаўства — анамастыка (ад грэчаскага onomastike — майстэрства даваць імёны), якая вывучае функцыянальныя і моўныя своеасаблівасці ўласных імёнаўм.
Колькасць анамастычных назваў не паддаецца ўліку. Толькі на Беларусі больш за трыццаць тысяч афіцыйных назваў населеных пунктаў. Многа неафіцыйных. Гэта назвы праспектаў, вуліц і завулкаў, паркаў, стадыёнаў, а таксама незлічонага мноства рэчак, ручаёў, вадасховішчаў, каналаў, крыніц, гаёў, пушчаў, бароў, балот, астравоў на лугах, сярод рэчак і азёраў, палёў, пералескаў. А колькі ўласных імёнаў, іх варыянтаў, прозвішчаў, імёнаў па бацьку, разнастайных мянушак людзей! Свае ўласныя імёны маюць і міфалагічныя істоты, планеты, сузор’і, існуюцьм клічкі жывёл і г. д. (Паводле В. Шура).