§ 5. Правілы пабудовы сказаў з аднароднымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 52

Прачытайце тэкст. Назавіце сімвалы дзяржаўнасці любой краіны. Якую функцыю выконваюць памятныя манеты?
Вызначце аднародныя члены, іх сінтаксічную ролю і сродкі сувязі. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа.

Падарунак на добры ўспамін

Калі больш за дваццаць гадоў таму Беларусь атрымала незалежнасць, разам з новымі дзяржаўнымі сцягам, гербам і гімнам паўстала патрэба ўвядзення ўласных грошай.
Сімвалы дзяржаўнасці краіны — памятныя манеты — маюць больш сімвалічнае, чым практычнае значэнне. Пра гэта сведчыцьф і тэматыка «жалезных» рублёў. Асноўныя тэмы: прырода, гісторыя, традыцыі краіны, значныя юбілеі.
У метале ўжо былі адзначаны двухтысячагоддзе хрысціянства, пятнаццацігоддзе дыпламатычных адносін з Кітаем, шасцідзесяцігоддзе Вялікай Перамогі і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, юбілеі Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Ігната Дамейкі, Ефрасінні Полацкай.сн
Беларусь мела сваю дзяржаўнасць і ў мінулым — у гэтым пераконвае серыя манет «Умацаванне і абарона дзяржавы» з выявамі князёў, якія кіравалі Мінскам, Полацкам, Гроднам за многа вякоў да нашых дзён.
Спецыяльныя выпускі манет прысвечаны ўсім абласным цэнтрам і сталіцы, шэдэўры дойлідства іншых гарадоў адзначаны ў серыі «Помнікі архітэктуры Беларусі».
Асобнай серыяй выдадзены манеты, якія адлюстроўваюць святы і абрады беларусаў.
Беларусь захавала вялікія масівы першабытнай прыроды. У гонар нацыянальных паркаў, запаведнікаў, заказнікаў і асобных відаў жывёл таксама былі выпушчаны манеты.
Многія манеты даўно сталі рарытэтамі, лічацца на вагу золата не толькі за каштоўны метал, але і за статус, прызнаны на міжнародным узроўні.
Беларускія манеты разлічаны як на прапаганду здабыткаў нацыянальнай культуры, так і на папулярызацыю міжнароднай спадчыны. Выйшлі серыі манет «Знакі задыяка», «Казкі народаў свету». Сувязь беларускіх звычаяў з абрадамі суседніх краін сімвалізуе серыя «Сямейныя традыцыі славян».
Для госця з-за мяжы такія сувеніры, несумненна, могуць стаць найлепшым падарункам на ўспамін пра Беларусь (Паводле В. Корбута).

Складзіце схемы выдзеленых сказаў, абазначаючы аднародныя члены знакам , а абагульняльнае слова — .