§ 5. Правілы пабудовы сказаў з аднароднымі членамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 44

Прачытайце. Запішыце тэзісы да тэксту. На аснове тэзісаў падрыхтуйце вуснае выказванне на тэму «Асаблівасці пабудовы сказаў з аднароднымі членамі».

Пры пабудове сказаў з аднароднымі членамі павінны захоўвацца наступныя патрабаванні:
1. Нельга спалучаць як аднародныя члены ўскосны склон назоўніка і даданы сказ: Гледачы былі ўражаны ігрой акцёраў і якія дэкарацыі знаходзіліся на сцэне. Правільна: Гледачы былі ўражаны ігрой акцёраў і дэкарацыямі, якія знаходзіліся на сцэне.
2. Нельга злучаць як аднародныя дзеепрыслоўныя, дзеепрыметнікавыя словазлучэнні і даданыя часткі складаных сказаў: Гаспадыня, рыхтуючыся да свята і калі чакала гасцей, была вельмі ўсхвалявана. Правільна: Гаспадыня была вельмі ўсхвалявана, калі рыхтавалася да свята і чакала гасцей.
Не спалучаюцца ў якасці аднародных членаў інфінітыў і назоўнік: Алесь любіў рыбалку і збіраць грыбы.
3. Словы, ужытыя як аднародныя члены, павінны сэнсава спалучацца са словам (словамі), ад якога (якіх) яны залежаць: Многа клопату і ўвагі ўдзяляюць члены бацькоўскага камітэта арганізацыі дзіцячых свят. Нельга сказаць: удзяляць клопат, таму правільны варыянт наступны: Многа ўвагі ўдзяляюць члены бацькоўскага камітэта арганізацыі дзіцячых свят.
4. Распаўсюджаная памылка — замена другой часткі парнага злучніка: Для новай школы закуплены не толькі шафы, парты і дошкі, а таксама канцылярскія прылады. Правільна: Для новай школы закуплены не толькі шафы, парты і дошкі, але і канцылярскія прылады.
5. Злучнік ды, сінанімічны і, мае размоўную афарбоўку, таму непажаданы ў тэкстах афіцыйнага стылю: Пры прыёме на працу прад’яўляюцца пашпарт ды ваенны білет. Правільна: Пры прыёме на працу прад’яўляюцца пашпарт і ваенны білет (Паводле В. Кузьміч).