§ 5. Правілы пабудовы сказаў з аднароднымі членамі, знакі прыпынку

Правілы пабудовы сказаў з аднароднымі членамі

Як вядома, аднародныя члены сказа паводле характару лагічных сувязей павінны адпавядаць асноўным правілам класіфікацыі прадметаў, з’яў, прымет:
1) характарызаваць прадмет, з’яву паводле пэўнай прыметы (колер, паходжанне, род заняткаў, узрост, рысы характару і г. д.), мець агульную лагічную аснову: Андрэй расказваў правіла зразумела, пераканаўча, з аргументаванымі прыкладамі (аднародныя члены выражаны рознымі часцінамі мовы, аднак раскрываюць асобу па агульнай прымеце — станоўчая ацэнка адказу). Сказ П’ю чай з лімонам і радасцю мае гумарыстычны эфект, паколькі ўтрымлівае словы, якія толькі знешне нагадваюць аднародныя члены сказа, аб’ядноўваюць зместава несумяшчальныя словы лімон і радасць, паміж якімі цяжка знайсці агульную прымету;
2) аднародныя члены сказа не павінны аб’ядноўваць родавыя (шырокія) і відавыя (больш вузкія) паняцці: У парку звонка, па-вясенняму спявалі салавей і птушкі. У сказе слова птушкі абазначае родавае, слова салавей — відавое паняцце. Спалучэнне рода-відавых паняццяў у якасці аднародных членаў сказа выклікае сінтаксічна няправільную канструкцыю;
3) захоўваць нормы сінтаксічнай спалучальнасці слоў. У сказе Мастак захапляецца і любіць багатую прыроду Прыдзвіння ўзнікае парушэнне правіл кіравання праз словазлучэнне захапляецца ... багатую прыроду. Як вядома, аднародныя члены сказа павінны ўлічваць правілы пабудовы словазлучэнняў: Мастак захапляецца краявідамі і любіць багатую прыроду Прыдзвіння;
4) пазбягаць празмернага «нарошчвання» аднародных членаў, якія могуць сэнсава абцяжарваць сказ: Герой твора мужны, працавіты, сціплы, цярплівы, стрыманы і памяркоўны.