§ 3. Нормы дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Практыкаванне 32

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце сваімі словамі асноўную думку тэксту і запішыце яе. Што вы ведаеце пра мастацкі праект «Спадчына Беларусі»? Растлумачце знакі прыпынку ў назве тэксту. Як вы думаеце, чаму маладыя людзі маюць жаданне «адкрываць Беларусь» для сусветнай супольнасці?

«Спадчына Беларусі»: працяг будзе...

У свой час з’яўленне першай кнігі-альбома «Спадчына Беларусі» выклікала сапраўдны фурор. Пра гэту падзею шмат гаварылі, і не толькі ў культурным асяроддзі. Здзіўленне выклікаў той факт, што маладыя аўтары (абодва — тэлевізіёншчыкі) абышлі ў майстэрстве падачы ілюстраванага матэрыялу і знешняга афармлення прадукту слынных прафесіяналаў-паліграфістаў. Сапраўдным адкрыццём стала тэматычная канцэпцыя кнігі-альбома, якая мяняе ўяўленне пра нібы сціплую гістарычную і культурную спадчынуф нашых продкаў. Было захапленне ад убачанага на старонках фаліянта. Неўзабаве «Спадчына Беларусі» стала галоўным прэзентацыйным прадметам: альбом дарылі самым высокапастаўленым гасцям. Для гэтых мэт беларускія дыпламаты за мяжой заўсёды трымалі ў прадстаўніцтве па некалькі яго асобнікаў.
Без перабольшвання, мастацкі праект «Спадчына Беларусі» — адзін з самых значных у галіне візуальнага прадстаўлення гістарычных і культурных здабыткаў. Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч стварылі ўласную канцэпцыю бачання беларускай гісторыі і культуры. Аўтары арганічна здолелі аб’яднаць выпуск мастацкіх альбомаў, тэлевізійных фільмаў і правядзенне фотавыставак для дасягнення адной мэты — папулярызацыі нацыянальнага духоўнага багацця.
У межах праекта створана больш за сто серый тэлевізійнага цыкла «Наша спадчына» пра архітэктурна-гістарычныя набыткі Беларусі, больш за 50 серый цыкла «Эпоха» пра вядомых гістарычных асоб, якія нарадзіліся на беларускай зямлі (З часопіса «Беларусь»).

Растлумачце значэнне выдзеленых слоў.
Назавіце словазлучэнні, якія выяўляюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове.
Выпішыце апорныя словазлучэнні, пабудуйце іх схемы. З дапамогай ключавых адзінак сцісла перакажыце змест тэксту.
 Выпішыце словы, напісанне якіх адпавядае правілу «Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах». Дапоўніце выпісанае прыкладамі на правапіс спалучэнняў іо, іа, іе, ео, еа.
• Якія зычныя гукі могуць вымаўляцца падоўжана? Назавіце словы, напісанне якіх адпавядае правілу «Правапіс падоўжаных зычных».
Выпішыце з тэксту дзеепрыметнік, зрабіце яго марфемны, марфалагічны разбор. Раскажыце пра асаблівасці ўтварэння дзеепрыметнікаў.
Раскажыце пра асаблівасці пастаноўкі націску ў словах, выдзеленых курсівам.
З апорай на інтэрнэт-матэрыялы раскажыце, якімі прэстыжнымі ўзнагародамі быў адзначаны высокі мастацкі ўзровень выдання «Спадчына Беларусі».
 Стварыце «біяграфію» слова спадчына: акрэсліце значэнне, падбярыце аднакаранёвыя і сінанімічныя адзінкі, прааналізуйце яго паходжанне і вымаўленне. У назвах якіх твораў беларускай літаратуры ўжываецца слова спадчына?