§ 3. Нормы дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Практыкаванне 31

Прачытайце тэкст. Які з варыянтаў словазлучэння са словам характарыстыка вам падаецца найбольш пераканаўчым? Чаму? Прывядзіце аргументы да свайго выбару.

Сінтаксічныя варыянты і літаратурная мова

Слова характарыстыка, як вядома, мае два значэнні: 1) апісанне адметных, адрознівальных уласцівасцей і рыс каго- ці чаго-небудзь (характарыстыка эпохі, характарыстыка літаратурнага твора); 2) афіцыйны дакумент з водзывам аб вучэбнай, службовай, грамадскай і іншай дзейнасці чалавека (характарыстыка з месца вучобы,абмеркаваць характарыстыку, падпісаць характарыстыку).
Нарматыўным у літаратурнай мове традыцыйна лічылася кіраванне слова характарыстыка (у абодвух значэннях) родным склонам залежнага кампанента: характарыстыка работы ўстановы, характарыстыка старшага навуковага супрацоўніка. Здольнасць назоўніка характарыстыка кіраваць родным беспрыназоўнікавым склонам можна растлумачыць яго семантычнай суадноснасцю з дзеясловам характарызаваць, звычайнае ўжыванне якога — у словазлучэннях з вінавальным прамога аб’екта (характарызаваць пэўны перыяд, характарызаваць студэнта).
У афіцыйным стылі беларускай літаратурнай мовы, якому ўласцівы дакладнасць, адназначнасць, слова характарыстыка ў другім значэнні (як загаловак дакумента) кіруе прыназоўнікава-склонавай формай «на + вінавальны склон»: характарыстыка на лабаранта Ермакова, характарыстыка на інжынера Андруховіча. На развіццё мадэлі «характарыстыка + на + вінавальны» аказалі ўплыў такія канструкцыі, як справа на каго-небудзь, дакументацыя на каго-небудзь.
Такім чынам, загаловак дакумента Характарыстыка на выпускніка ўстановы адукацыі нельга лічыць памылкай. Гэта мадэль правамерная ў мове і шырокаўжывальная ў ёй. Разам з тым такі варыянт, на нашу думку, не адмяняе і не выцясняе традыцыйнага Характарыстыка выпускніка ўстановы адукацыі (Паводле Т. Бандарэнка).

Прывядзіце доказы (суадносныя з лексічным, марфалагічным, сінтаксічным узроўнямі) таго, што тэкст належыць да навуковага стылю.
Ацаніце зместавую і стылістычную адпаведнасць наступных варыянтаў загалоўкаў да тэксту: Характарыстыка характарыстыкі, Развагі пра характарыстыку, Характарыстыка ... характарызуе. Чаму яны пярэчаць аўтарскай назве тэксту?
Прааналізуйце сказы з апошняга абзаца тэксту. Чым яны падобныя і чым адрозныя ў сінтаксічных адносінах?
Выпішыце з тэксту зборны лічэбнік, праскланяйце яго. Раскажыце пра асаблівасці дапасавання і кіравання лічэбнікаў у беларускай мове. Прывядзіце прыклады.
Па заканчэнні ўстановы адукацыі вы атрымаеце дакумент — афіцыйную характарыстыку, якая будзе ўтрымліваць інфармацыю пра вашы дасягненні ў засваенні вучэбных прадметаў, набыткі ў даследчай і праектнай дзейнасці, чалавечыя якасці, уменне працаваць у калектыве.
Напішыце характарыстыку на сябе, пастарайцеся захаваць прынцып аб’ектыўнасці пры ацэнцы ўласных заслуг.