§ 3. Нормы дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Практыкаванне 28

Прачытайце разважанні мовазнаўцы А. Багамолавай. Запішыце словазлучэнні, якія ілюстравалі б дарэчнае ўжыванне прыназоўнікаў пра і аб. Складзіце сказы з імі.

Дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця гаварыць, казаць, распытваць, думаць, разважаць, клапаціцца патрабуюць ад назоўнікаў ці займеннікаў формы вінавальнага склону з прыназоўнікам пра: гаварыць пра адносіны, распытваць пра пачуцці, думаць пра яе. У рускай мове слова ўжываецца ў форме меснага склону з прыназоўнікам о (об): говорить об отношениях, расспрашивать о чувствах, думать о ней.
Маўленчая практыка паказвае: часта замест канструкцый з прыназоўнікам пра выкарыстоўваецца словазлучэнне з прыназоўнікам аб і месным склонам назоўніка (займенніка): гаварыць аб адносінах, распытваць аб пачуццях, думаць аб ёй. Абедзве канструкцыі сінанімічныя, аднак трэба ўлічваць, што яны — з розных сфер ужывання.
Першая (з прыназоўнікам пра) уласціва мастацкай літаратуры і гутарковаму стылю маўлення. Прыназоўнік пра ўжываецца пры выражэнні аб’ектных адносін з назоўнікамі ў форме вінавальнага склону: гаварыць пра мову, думаць пра каханага, разважаць пра эканоміку.
Канструкцыя з прыназоўнікам аб уласціва афіцыйнаму, публіцыстычнаму і навуковаму стылям пры выражэнні аб’ектных адносін з назоўнікамі ў форме меснага склону: Закон аб мове, загад аб залічэнні, паняцце аб дзеяслове.
Ужыванне прыназоўніка аб з’яўляецца нарматыўным у наступных выпадках:
• у выразах, у якіх ужыванне прыназоўніка пра вядзе да немілагучнасці, паўтарэння аднолькавых або падобных складоў: пра праблемы, пра прыклады;
• у канструкцыях з вінавальным склонам пры абазначэнні сутыкнення з аб’ектам у выніку руху: разбіць аб камень, кроплі дажджу стукаюць аб шыбыл;
• ва ўстойлівых народных выразах: аб малаку ног не павалаку; аб адной вадзе сыт не будзеш.

Выпішыце складаны сказ з рознымі відамі сувязі, пабудуйце яго схему.
Выпішыце назоўнікі, ужытыя ў форме роднага склону адзіночнага ліку. Растлумачце іх правапіс. Запішыце ўласныя прыклады на гэта правіла.