§ 3. Нормы дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Практыкаванне 26

Прачытайце тэкст. Падбярыце яму назву. Да кожнага абзаца складзіце і запішыце пытанні, адказы на якія задзейнічалі б найбольш значную інфармацыю. Выпішыце словазлучэнні, што ілюструюць спецыфіку дапасавання і кіравання ў беларускай мове.

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» — самы маштабны сумесны праект Беларусі і Кітая, разлічаны на дзесяцігоддзі. У стратэгічна-ўнікальным месцы — геаграфічным цэнтры Еўропы, на стыку буйных інтэграцый і на новым Шаўковым шляху — ствараецца пляцоўка для дзейнасці высокатэхналагічных кампаній з усяго свету.
Парк «Вялікі камень», падобны да сучаснага асілка, знаходзіцца на адлегласці за 25 кіламетраў ад беларускай сталіцы. Побач з цэнтрам — міжнародны аэрапорт «Мінск», чыгунка і транснацыянальная магістраль Берлін — Масква.
Па задуме стваральнікаў, з якой ужо ніхто не дзівіцца, «Вялікі камень» павінен стаць сапраўдным экагорадам, дзе сканцэнтраваны інавацыйная вытворчасць і высокі экспартны патэнцыял, дзейнічае асаблівы прававы рэжым і забяспечаны аптымальныя ўмовы для вядзення бізнесу.
Тэрыторыя плошчай больш за 80 км2 аб’ядноўвае прамысловыя і жылыя зоны з адпаведнай інфраструктурай, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры, офісныя і гандлёва-забаўляльны комплексы.
Ідэя стварэння кітайска-беларускага тэхнапарка ўзнікла ў 2010 годзе. Урачыстая цырымонія закладкі першага каменя адбылася 19 чэрвеня 2014 года. Сёння парк, які з’яўляецца самым вялікім праектам у гісторыі двухбаковых адносін Беларусі і Кітая, набывае ўсё большае значэнне (К. Фурсевіч).

Растлумачце правапіс выдзеленых у тэксце слоў.
Пракаменціруйце пастаноўку працяжніка ў першым абзацы.
Выпішыце з тэксту просты ўскладнены і складаназалежны сказы, зрабіце іх сінтаксічны разбор.
Што вы ведаеце пра тэхнапарк «Вялікі камень»? Падрыхтуйце паведамленне.