§ 3. Нормы дапасавання і кіравання ў беларускай мове

Правілы дапасавання і кіравання

Правілы дапасавання ў беларускай мове заключаюцца ў наступным:
1. Лічэбнікі два, дзве, тры, чатыры, абодва, абедзве дапасуюцца ў форме назоўнага склону множнага ліку (дзве вёскі, абодва браты). Азначэнні пры такіх назоўніках таксама ўжываюцца ў назоўным склоне множнага ліку: дзве перспектыўныя вёскі, абодва старэйшыя браты.
Асобныя назоўнікі жаночага роду пры простых лічэбніках дзве, тры, чатыры, а таксама ў складаных лічэбніках, якія заканчваюцца на дзве, тры, чатыры, ужываюцца ў форме роднага склону адзіночнага ліку (з націскам на канчатку): дзве нагі, тры сястры, (у) чатыры рукі, дваццаць дзве сасны. У такіх словазлучэннях тып сінтаксічнай сувязі — кіраванне.
2. Колькасныя састаўныя лічэбнікі, якія заканчваюцца на адзін, два, дапасуюцца да назоўнікаў у склоне і родзе: на сямідзесяці дзвюх плошчах, у сямідзесяці двух парках. Лічэбнікі, якія заканчваюцца на тры, чатыры, дапасуюцца да назоўнікаў у склоне: дваццаці трох старонак.
3. Усе парадкавыя лічэбнікі дапасуюцца да назоўнікаў у родзе, ліку, склоне: трэцяга сябра, з трэцім сябрам.
Правілы кіравання выяўляюць спецыфіку сінтаксісу беларускай мовы ў параўнанні з рускамоўнымі канструкцыямі:
1. Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, выбачаць, дараваць утвараюць словазлучэнні з давальным склонам назоўніка ці займенніка: дзякаваць настаўніку, выбачаць суседцы (у рускай мове ў падобных словазлучэннях ужываецца форма вінавальнага склону: благодарить учителя, простить соседку).
2. Дзеясловы руху (пайсці, паехаць, накіравацца) і волевыяўлення (паслаць, выправіць) пры абазначэнні мэты дзеяння ўтвараюць сінтаксічныя канструкцыі з прыназоўнікам па і вінавальным склонам назоўніка ці займенніка: пайсці па білеты, накіравацца па кветкі (у рускай мове — прыназоўнік за і творны склон: пойти за билетами, направиться за цветами).
3. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, кпіць, цешыцца, дзівіцца, здзекавацца і г. д. утвараюць словазлучэнні з прыназоўнікам з і родным склонам назоўніка ці займенніка: жартаваць з сяброўкі, смяяцца з сястры, здзекавацца з іншых (у рускай мове — прыназоўнік над і творны склон: шутить над подругой, смеяться над сестрой, издеваться над другими).
4. Дзеясловы жаніцца, ажаніцца ўтвараюць сінтаксічныя канструкцыі з прыназоўнікам з і творным склонам назоўніка ці займенніка: жаніцца з Алесяй, ажаніцца з аднакурсніцай (у рускай мове — прыназоўнік на і месны склон: жениться на Алесе, жениться на однокурснице).
5. Дзеяслоў хварэць і прыметнік хворы ўтвараюць словазлучэнні з прыназоўнікам на і вінавальным склонам назоўніка: хварэць на сухоты, хворы на грып (у рускай мове — форма творнага склону назоўніка без прыназоўніка: болеть туберкулёзом, больной гриппом).
6. Пры форме вышэйшай ступені параўнання прыметніка або прыслоўя абавязковая сінтаксічная канструкцыя з прыназоўнікам за і злучнікамі як, чым: брат старэйшы за мяне (як я, чым я), бацька прыйшоў хутчэй за цябе (у рускай мове нарматыўная беспрыназоўнікавая канструкцыя: брат старше меня, отец пришёл быстрее тебя).
7. Пры абазначэнні адлегласці ўжываецца сінтаксічная канструкцыя з прыназоўнікам за і вінавальным склонам лічэбніка ў колькасна-іменным словазлучэнні: за пяць крокаў ад прыпынку, за дваццаць метраў ад дома, за дзвесце кіламетраў ад сталіцы (у рускай мове нарматыўны прыназоўнік в у згаданых словазлучэннях: в двух шагах от остановки, в двадцати метрах от дома, в двухстах километрах от столицы).