§ 8. Будова і функцыі РНК. АТФ

У адрозненне ад ДНК малекулы РНК больш кароткія і ўтво­раны адным полінуклеатыдным ланцугом. У сінтэзе бялкоў удзельнічаюць тры віды РНК — рыбасомныя (рРНК), транспартныя (тРНК) і матрычныя, ці інфармацыйныя (мРНК, іРНК). Яны забяспечваюць рэалізацыю спадчыннай інфармацыі, якая захоўваецца ў малекулах ДНК. Універсальным акумулятарам і пераносчыкам энергіі ў клетках з’яўляецца АТФ. Нуклеатыды выкарыстоўваюцца не толькі ў якасці структурных кампанентаў нуклеінавых кіслот. Яны і іх вытворныя выконваюць разнастайныя біялагічныя функцыі.