§ 8. Будова і функцыі РНК. АТФ

Біялагічная роля нуклеатыдаў і іх вытворных. На прыкладзе АТФ становіцца відавочна, што біялагічная роля нуклеатыдаў не абмяжоўваецца іх уваходжаннем у састаў ДНК і РНК. Нуклеатыды служаць структурнай асновай для сінтэзу цэлага шэрага злучэнняў, што выконваюць разнастайныя функцыі.

Самым распаўсюджаным і ўніверсальным акумулятарам энергіі ў клетках з'яўляецца АТФ. Аднак энергетычную функцыю можа выконваць не толькі яна, але і іншыя нуклеазідтрыфасфаты (напрыклад, ГТФ — гуаназінтрыфосфарная кіслата). Усе яны з'яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі. Акрамя таго, нуклеазідтрыфасфаты неабходны для сінтэзу малекул нуклеінавых кіслот.*

*Нуклеазіддыфасфаты таксама ўяўляюць сабой макраэргічныя злучэнні. Але не ўсе рэчывы, якія змяшчаюць макраэргічныя сувязі, з'яўляюцца вытворнымі нуклеатыдаў. Некаторыя з іх маюць іншую хімічную прыроду, напрыклад крэацінфасфат, фасфаенолпіруват і інш.

Некаторыя вытворныя нуклеатыдаў служаць актыватарамі і пераносчыкамі пэўных рэчываў. Напрыклад, ЦДФ забяспечвае актывацыю халіну і яго ўключэнне ў састаў фосфаліпідаў. Аналагічную ролю ў біясінтэзе поліцукрыдаў адыгрывае УДФ — актыватар і пераносчык глюкозы.*

*Нуклеатыды і іх вытворныя могуць рэгуляваць актыўнасць ферментаў ці ўваходзіць у іх састаў у якасці кафактараў (НАД, НАДФ, ФАД, кафермент А). Важную ролю ў клетках адыгрываюць цыклічныя нуклеатыды, такія як цыклічны АМФ — цАМФ (мал. 8.3) і цыклічны ГМФ — цГМФ. Яны ўплываюць на актыўнасць многіх ферментаў, змяняючы тым самым ход і інтэнсіўнасць працякання ўнутрыклетачных працэсаў. З удзелам цыклічных нуклеатыдаў ажыццяўляюцца рэакцыі клетак у адказ на дзеянне розных пазаклетачных сігналаў — гармонаў, нейрамедыятараў і г. д.*